Беларуская Служба

На Падляшшы асвецяць помнік святой Марыі Петручук, забітай падчас нападаў на беларускія вёскі

28.07.2023 14:59
Дваццацігадовая дзяўчына супраціўлялася згвалтаванню, у выніку чаго атрымала кулю з аўтамата і памерла.
Аўдыё
  • На Падляшшы асвецяць помнік святой Марыі Петручук, забітай падчас нападаў на беларускія вёскі
Праект помніка на магіле святойфота: Наша памяць

Марыя Петручук стала ахвярай нападу выклятых жаўнераў пад камандаваннем Рамуальда Райса «Бурага». Дваццацігадовая дзяўчына супраціўлялася згвалтаванню, у выніку чаго атрымала кулю з аўтамата і ад ран памерла 6 лютага 1946 году ў шпіталі ў Бельску Падляшскім.

У 2020 годзе Святы Архірэйскі Сабор Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы залічыў Марыю Петручук да ліку святых мучанікаў Хэлмскіх і Падляскіх.

Магілу Марыі Петручук адшукалі актывісты беларускай нацыянальнай меншасці. Каб расказаць гэтую гісторыю, трэба вярнуцца на пералом 1945 і 1946 гадоў, калі адбыўся крывавы рэйд польскага ўзброенага падполля, якім камандаваў капітан Рамуальд Райс «Буры». Расказвае актывіст беларускай нацменшасці Юры Каліна:

-Гэты аддзел на працягу двух тыдняў спаліў некалькі падляскіх беларускіх вёсак і забіў 81 чалавека. Гэта была страшная падзея. Гэта было пасля вайны, але на нашай тэрыторыі адбывалася, можна сказаць, грамадзянская вайна, каб выгнаць беларускае насельніцтва ў Савецкі Саюз. Частка падполля, а дакладней Народнае ваеннае задзіночанне, намагалася выгнаць людзей з гэтай тэрыторыі. Людзей забівалі, палілі, між іншым у Заляшанах, Шпаках, Занях i інш. Каля вёскі Старыя Пухалы забілі трыццаць фурманаў. Гэтыя гісторыі жылі ў сямейных аповедах, але людзям было страшна гэта ўзгадваць нават паміж сабой.

Дзякуючы намаганням часткі беларускіх журналістаў з Падляшша каля 30 гадоў таму тэма нарадзілася нанова. Людзі паволі пачалі расказваць пра тагачасныя жудасныя падзеі.

-Адбылося перапахаванне вазакоў на вайсковыя могілкі ў Бельску Падляскім. Але гэта толькі частка загінуўшых. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, інтэлігенцыя пяць гадоў таму арганізавалася, каб дакладна і дэталёва ўзгадаць усе гэтыя гісторыі. У 2018 годзе мы наладзілі гістарычныя экспедыцыі крывавым шляхам аддзелу «Бурага»: ад Гайнаўкі да лесу ў Пухалах Старых. Мы фіксавалі ўсё, што засталося з 1945 і 1946 гадоў, размаўлялі з людзьмі, наведвалі могілкі, шукалі магілы забітых. Сярод іх на праваслаўных могілках у вёсцы Малешы зусім выпадкова знайшлі магілу Марыі Петручук, – расказвае Юры Каліна.


Cтан магілы святой на момант знаходкі
Cтан магілы святой на момант знаходкі

Гэта былі рэшткі разбуранай і забытай магілы, зламанага крыжа і паваленага надмагілля. Актывісты ініцыятывы «Наша памяць» вырашылі паставіць на яе магіле помнік. Падрыхтоўчыя, праектныя і будаўнічыя работы вяліся пяць гадоў, расказвае актывіст:

-Мы знайшлі выдатнага архітэктара – прафесара Юрыя Усціновіча з Беластоку. Вядомы тым, што зрабіў праекты некалькіх праваслаўных храмаў, у тым ліку ў Гродна, таксама ён рабіў праекты іншых сакральных і не толькі аб’ектаў. Гэта не проста надмагілле, гэта, можна сказаць, невялікі храм. Там ёсць крыж, надпіс, ікона, паніхіднік, дзе можна паставіць свечкі, і перад якім свяшчэннік можа служыць набажэнствы. Прайшло роўна пяць гадоў, як мы знайшлі магілу Марыі Петручук, і цяпер помнік будзе асвечаны. За гэты час Польская Аўтакефальная царква Марыю Петручук, як і ўсіх ахвяр таго крывавага рэйду, усе 80 чалавек, унесла ў лік мучанікаў Праваслаўнай Царквы. Цяпер яны з’яўляюцца святымі Праваслаўнай царквы.

Сродкі на помнік збіраліся на грамадскіх пачатках. Да завяршэння будоўлі не хапае некалькіх тысяч злотых, каб аплаціць паслугі муляра, і яшчэ некалькі тысяч, каб пакласці брукаванку вакол помніка.

Ахвяры на пабудову помніка можна ўнесці на разліковы рахунак:
Беларускае гістарычнае таварыства,
IBAN PL 70 1240 5211 1111 0000 4930 2882,
з надпісам «Наша памяць».

слухайце аўдыё

ав

«Ніва»: Ахвяры Бурага прылічаны да Падляшскіх мучанікаў

05.09.2022 10:37
Саборам епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы да ліку Падляшскіх мучанікаў былі прылічаны забітыя на зломе студзеня і лютага 1946 года праваслаўныя беларусы.

Пісьменніца Анета Прымака-Онішк: Сярод «выклятых жаўнераў» ёсць сапраўдныя героі і памяць пра іх яднае, а ўшанаванне Райса – дзеліць

01.03.2023 15:52
1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў» – герояў антыкамуністычнага падполля.