Беларуская Служба

Уцекачы з Украіны выбіраюць Германію

23.08.2023 07:45
Колькасць украінскіх бежанцаў у Польшчы падае, затое расце ў Германіі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Звесткі нямецкага Цэнтральнага рэестру замежнікаў не пакідаюць сумневаў – Германія прыняла больш за мільён (1 081 457) уцекачоў з Украіны. Зараз у Польшчы іх на 150 тысяч менш. Больш за тое, ажно траціна ўкраінскіх уцекачоў мае намер застацца ў Германіі назаўсёды, паведамляе тыднёвік Polityka.

Паводле «Еўрастата» агульная колькасць украінцаў, якія пражываюць у Польшчы, можа складаць да 3 мільёнаў чалавек – большасць з іх пасялілася ў Польшчы яшчэ да пачатку вайны, частка прыехала сюды незадоўга да 22 лютага 2022 года і засталася. Да 2022 года ў Германіі пражывала менш за 100 тысяч украінцаў.

Паводле даследаванняў, праведзеных у снежні 2022 года па замове Федэральнага ведамства па справах мігрантаў і бежанцаў, Інстытута даследаванняў рынку працы і прафесій і Нямецкага інстытута эканамічных даследаванняў больш за траціну (37 працэнтаў) украінскіх бежанцаў плануюць застацца ў Германіі «назаўжды», 34 працэнты – да канца вайны, 27 працэнтаў – пакуль яшчэ не ведае. Толькі 2 працэнты апытаных планавалі пакінуць краіну на працягу наступнага года. Аднак паводле такіх жа даследаванняў з вясны 2023 года, ужо 44 працэнты бежанцы з Украіны заяўлялі, што хочуць заставацца ў Германіі « назаўжды » або «яшчэ на некалькі гадоў», а галоўнай прычынай такога рашэння называлі нявызначаны ход вайны на радзіме.

Даследаванне пацвердзіла, што да 80 працэнтаў бежанцы – гэта жанчыны, 77 працэнтаў з іх прыехалі ў Германію без партнёра і ажно 72 працэнты мае вышэйшую адукацыю. І толькі кожны пяты апытаны сцвярджаў, што выбар Германіі быў зроблены выпадкова.

У сваю чаргу заставацца «назаўжды» У Польшчы хочуць каля 19 працэнтаў украінскіх бежанцаў, якія тут пражываюць. Колькасць украінцаў у афіцыйнай польскай статыстыцы сістэматычна змяншаецца. У рэестрах Упраўлення сацыяльнага страхавання ўкраінцы па-ранейшаму складаюць самую вялікую групу замежнікаў, але ў 2019 годзе іх было 75 працэнтаў, а ў 2023 годзе ўжо 68,2 працэнтa.

Таццяна, якая знаходзіцца ў Польшчы з сакавіка 2022 года, прызнаецца ў размове з тыднёвікам Polityka, што калі б не дзеці, то паехала б у Германію, хоць не валодае мовай. «У Германіі прыйшлося б прыстасоўвацца з нуля, у тым ліку ў моўным аспекце, але эканамічна нам было б прасцей», – прызнаецца Таццяна. Яна не выключае, што калі вайна будзе доўжыцца,то яна падумае аб выездзе ў Германію.

аз