Беларуская Служба

У Польшчы можа з'явіцца магчымасць выходзіць на датэрміновую пенсію за выслугу гадоў

12.09.2023 17:02
Гэта адна з перадвыбарчых прапаноў. Да парламенцкіх выбараў у Польшчы засталося каля аднаго месяца.
Аўдыё
Prawo i Sprawiedliwość zaproponowało wprowadzenie w nowej kadencji emerytur stażowych. Dla kobiet liczba lat uprawniających do przejścia na emeryturę miałaby wynosić 38, a dla mężczyzn - 43
Prawo i Sprawiedliwość zaproponowało wprowadzenie w nowej kadencji emerytur stażowych. Dla kobiet liczba lat uprawniających do przejścia na emeryturę miałaby wynosić 38, a dla mężczyzn - 43Shutterstock/Inside Creative House

15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Палякі прагаласуюць за кандыдатаў у ніжэйшую і вышэйшую палату парламенту – Сейм і Сенат. У сувязі з набліжэннем тэрміну галасавання, палітычныя партыі, якія прымаюць удзел у выбарах, наперагонкі высоўваюць свае прывабныя перадвыбарчыя абяцанні, каб прыцягнуць увагу і галасы выбарцаў.

Самыя розныя абяцанні ў напрамку электарату перад выбарамі паяўляюцца рэгулярна кожныя чатыры гады (на такі тэрмін выбіраюць дэпутатаў парламенту). Напрыклад, былі ўжо абяцанні «кожнаму па кватэры», значнага паніжэння падаткаў ды іншыя. Даволі часта здараецца, што кандыдаты робяць усё магчымае, каб выйграць на выбарах, а пасля перамогі забываюць пра свае абяцанні. Калі партыя «Права і справядлівасць» ішла на выбары ў 2015 годзе пад лозунгам сацыяльных праграм, самай важнай з якіх была выплата штомесячнай дапамогі на дзяцей, скептыкі казалі, што гэта не ўдасца. Аднак праграма «500 Плюс» працуе ўжо 7 гадоў, карыстаецца вялікай папулярнасцю, і дзяржава ад яе не стала банкрутам. Цяпер партыя высоўвае чарговую прапанову, якую эканамісты ўспрымаюць скептычна, беручы пад увагу адмоўныя дэмаграфічныя змены ў краіне. Гэта датэрміновыя пенсіі за выслугу гадоў. Калі ідэю рэалізуюць, жанчына зможа выйсці на пенсію, калі будзе мець 38 гадоў працоўнага стажу, а мужчына – 43 гады.

Работнік сам вырашыць, ці хоча ён выкарыстоўваць пенсію за выслугу гадоў або працягваць працаваць, у залежнасці ад яго стану здароўя, прафесійнай або сямейнай сітуацыі. Падчас суботняй праграмнай канферэнцыі «Права і справядлівасці» пра гэта абвясціў старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі.

- Для многіх людзей, якія цяжка працуюць, гэта вельмі важна. Калі ласка, звярніце ўвагу, што ёсць шмат жанчын, якія пачалі працаваць ва ўзросце 18 гадоў. 38 гадоў працоўнага стажу яны дасягнуць ва ўзросце 56 гадоў. Многія мужчыны таксама пачынаюць працаваць у такім узросце. Праўда, больш пажылыя цяпер мужчыны ішлі тады ў армію, але гады службы ўваходзяць у працоўны стаж. Такім чынам, калі яны дасягнуць 43 гадоў стажу, ім будзе 61-62 гады.

Прапанова з’яўляецца кампрамісам паміж прэзідэнцкім праектам, які прадугледжваў магчымасць датэрміновага выхаду на пенсію для людзей з 39 гадамі працоўнага стажу ў выпадку жанчын і 44 гадамі ў выпадку мужчын, і падрыхтаваным грамадзянскім праектам «Салідарнасць» (у ім згадваўся працоўны стаж: 35 гадоў для жанчын і 40 гадоў для мужчын).

Патрабаванне ўвесці пенсіі за выслугу гадоў ужо здаўна высоўвае прафсаюз «Салідарнасць». Марэк Левандоўскі, прэс-сакратар Нацыянальнай камісіі Незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць», у эфіры Польскага радыё адзначыў, што такая пенсія з’яўляецца адным з элементаў матывацыі працаўнікоў.

- Калі супрацоўнік сочыць за тым, каб наймальнік плаціў за яго сацыяльныя зборы, калі ён імкнецца працаваць легальна, каб гэтыя сацыяльныя зборы працадаўца плаціў ад поўнай сумы заробку, а не толькі часткі, тады ён хутчэй дасягне неабходнага стажу. Калі ж ён будзе працаваць без дамовы або толькі часткова легальна, гэта працягнецца даўжэй. Супрацоўнікі павінны клапаціцца, каб працаваць легальна і хутчэй выпрацаваць стаж, які дае права выйсці на пенсію. І гэта той матывацыйны элемент, пра які казаў старшыня (прафсаюзу) Пётр Дуда.

У 2012 годзе Сейм прыняў закон аб павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын і мужчын да 67 гадоў. Меркавалася, што паступова пенсійны ўзрост будзе павышацца і выроўнівацца, каб у канцы канцоў дасягнуць аднолькавай планкі для ўсіх – 67 гадоў. Закон аспрэчылі «Салідарнасць», іншыя прафсаюзы і дэпутаты ад «Права і справядлівасці».

Адмена павышэння пенсійнага ўзросту была адным з галоўных перадвыбарчых лозунгаў Аб'яднаных правых сілаў і кандыдата ў прэзідэнты Анджэя Дуды ў выбарчай кампаніі 2015 года. У верасні таго ж года прэзідэнт Дуда ўнёс у парламент законапраект, згодна якому быў вернуты ранейшы пенсійны ўзрост – 60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын.

Сёлета сярод іншых пунктаў праграмы партыі «Права і справядлівасць»: бясплатныя аўтамагістралі, абавязак прадаваць у супермаркетах прадукты харчавання пераважна мясцовых пастаўшчыкоў, бясплатныя адукацыйныя паездкі па Польшчы для кожнага школьніка, паляпшэнне якасці харчавання пацыентаў у бальніцах, бясплатныя лекі для пажылых і дзяцей, а таксама ўвядзенне фінансавай дапамогі на кожнае дзіця ў памеры 800 злотых.

IAR/нг