Беларуская Служба

Як не зламацца ў турме, што дапамагае людзям там выжыць?

26.09.2023 18:59
Прэсінг на людзей, якія выступілі ці выступаюць супраць улады Лукашэнкі, абсалютна не змяншаецца, а наадварот, пастаянна расце.
Аўдыё
  • Жанчыны ў турме - як не зламацца?
Ілюстрацыйны здымакvero_vig_050/Pixabay

У Беларусі працягваюцца жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Прэсінг на людзей, якія выступілі ці выступаюць супраць уладаў, абсалютна не змяншаецца, а наадварот, пастаянна расце. Што дапамагае палітвязням выжыць у турме, як іх падтрымаць? 

У беларускіх турмах знаходзіцца амаль 1,5 тысячы палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі, а на самой справе зняволеных паводле палітычных матываў значна больш. У тым ліку, на дадзены момант за кратамі знаходзіцца як мінімум 196 жанчын, а звыш 1100 жанчын зазналі крымінальны пераслед за праяўленне грамадзянскай пазіцыі. Хто гэтыя людзі, што дапамагала ім выжыць у турме і чым яны жывуць пасля зняволення? Надоечы былыя палітзняволеныя жанчыны правялі стрым, прысвечаны салідарнасці з палітычнымі вязнямі.

Вольга Анішчук у 2020 годзе стала сведкай катавання свайго мужа і цынічнай судовай расправы. З таго часу Вольга распачала барацьбу за блізкага чалавека, за што сама зазнала прэсінг, вобшукі і арышт. Вольга кажа, што прадстаўнікі сілавога апарату робяць усё магчымае, каб адабраць у палітвязняў пачуццё годнасць, звесці іх да пазіцыі жывёлы, у якой няма абсалютна ніякіх правоў. А яны ёсць, нават у зняволеных, і замацаваныя адпаведнымі законамі. Вольга расказала, што ў вязніцы ёй прыходзілася хадзіць у наручніках, яе цалкам распраналі і загадвалі прысядаць, яна нават не магла выпрасіць паперу і асадку, каб напісаць скаргу. Аднак, аб’явіўшы галадоўку, яна дабілася маленькай перамогі.

- Яны перакідвалі адзін аднаму, маўляў, заўтра прыйдзе іншая змена, напішаш. Рэч у тым, што вы парушаеце мае правы, не дазваляеце мне памыцца, пачысціць зубы, таму я аб'яўляю галадоўку. Яны выдатна разумелі, што парушаюць мае правы. Адзін з іх сказаў: нам даюць загады з Мінску, мы іх толькі выконваем. Я адказала, што яны не проста іх выконваюць, а парушаюць закон. Яны павінны быць на баку закона, а самі яго парушаюць. Ужо на другія суткі галадоўкі мне прынеслі зубную шчотку, пасту, аддалі пракладкі, пад канец тэрміну перадалі таксама мыла.

Ганна Баран была затрыманая ў Пружанах па «карагоднай справе», была прызнаная вінаватай і асуджаная на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Жанчына цалкам адбыла тэрмін і ў лютым выйшла на волю. Неўзабаве яна пакінула Беларусь. З 2020 года яна напісала больш за 200 скаргаў на дзеянні ўладаў і праваахоўных органаў. Ганна адзначыла, што побыт у турме – гэта практычна пастаяннае катаванне. Нават калі ніхто не здзекуецца над вязнямі фізічна, то яны адчуваюць здзек у выглядзе катавання голадам, холадам, адсутнасцю медычнай апекі. Нават з высокай тэмпературай палітвязні не атрымліваюць звальнення ад непасільнай фізічнай працы. У турэмнага лекара ёсць адпаведны спіс – каму не даваць звальнення ў выпадку хваробы. Тым не менш, у асяроддзі вязняў ёсць вялікая салідарнасць, якая дапамагае выжыць у нялюдскіх умовах.

- Больш жорсткае стаўленне пачалося, калі паявіліся палітычныя вязні. Напрыклад, нельга было ляжаць, а толькі сядзець на цвёрдай лаўцы, пачыналіся проседні, вельмі балючыя, да крыві. Раз у тыдзень у нас была лазня, і аднойчы нас ноччу ўсю камеру паднялі ў 3.30 раніцай, паколькі нехта паклаў за батарэю сушыцца мачалку, яе нават не было бачна. Калі мы раніцай спыталі на праверцы, дзе ж нам сушыць мачалкі, нам адказалі: «Сушыце на галаве». І, нягледзячы на гэта, людзі, якія сядзелі па іншых артыкулах, не палітычных, ніколі не сказалі, што гэта ўсё з-за нас. Я не сустрэла ніводнага прыхільніка рэжыму.

Вольга Класкоўская заўсёды была палітычна актыўнай, яе затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту і асудзілі на 2,5 года зняволення. Вольга кажа пра салідарнасць з палітвязнямі, якая ідзе звонку, ад родных, сяброў, а нават незнаёмых людзей, якія пішуць лісты.

- Падтрымка сямʼі, нават калі ты быў цалкам ізаляваны. Ты ведаеш дакладна, што гэтая падтрымка ёсць, што шмат людзей думае пра цябе, чакае цябе і працягваюць за цябе змагацца. Людзі ў пагонах пераконвалі нас, што мы нікому не патрэбныя, што мы – гарматнае мяса, нас выкарысталі. Ніякая прапаганда не магла пераканаць нас, што пра нас забылі. Я адказвала, што, калі нам абрубілі магчымасць атрымліваць лісты, гэта не азначае, што нас перасталі падтрымліваць.

Усе суразмоўцы каналу Dissident BY, якія прысутнічалі на стрыме, адзначалі, наколькі важна пісаць лісты палітвязням. Шмат людзей на волі страчвае матывацыю, каб пісаць лісты, паколькі многія з іх не даходзяць да вязняў, асабліва палітычных. Але, нават калі чалавек атрымае гэтыя допісы пасля выхаду на волю, гэта можа выратаваць яго ад дэпрэсіі, даць сілы жыць далей.

нг