Беларуская Служба

У самалётах польскай авіякампаніі LOT, якія здзяйсняюць рэйсы ў ЗША, лётаюць апранутыя ў грамадзянскае, засакрэчаныя і ўзброеныя агенты аховы

27.09.2023 20:03
На борце лайнераў працуюць як польскія афіцэры з Памежнай службы, так і амерыканскія з Дэпартаменту ўнутранай бяспекі.
  c Boeing 787 Dreamliner    LOT
Дальнемагістральны шырокафюзеляжны cамалёт Boeing 787 Dreamliner дзяржаўнай польскай авіякампаніі LOTpkozmin/pixabay.com/CC0 Public Domain

У самалётах польскай авіякампаніі LOT, якія выконваюць рэйсы ў ЗША, лётаюць апранутыя ў грамадзянскае, засакрэчаныя і ўзброеныя агенты аховы, паведамляе партал Rynek Lotniczy.

Шырокафюзеляжныя самалёты Boeing 787 Dreamliner нацыянальнай авіякампаніі здзяйсняюць з Польшчы рэйсы ў Чыкага, Лос-Анджэлес, Нью-Ёрк (у два аэрапорты) і ў Маямі. Прычым на борце лайнераў працуюць як польскія афіцэры з Памежнай службы, так і амерыканскія з Дэпартаменту ўнутранай бяспекі. Ахова рэйсаў адбываецца на моцы падпісанага паміж урадамі Польшчы і ЗША пагаднення. Дзякуючы ёй супрацоўнікі службы бяспекі ахоўваюць рэйсы з Варшавы ў Чыкага, Лос-Анджэлес, Нью-Ёрк і Маямі, а таксама з Жэшава ў Нью-Ёрк і з Кракава ў Нью-Ёрк і Чыкага.

У адным з артыкулаў польскага Паветранага права гаворыцца, што ў выпадку рэйсаў так званай «высокай рызыкі» авіякампанія абавязаная запэўніць ахову з ліку спецыяльна падрыхтаваных супрацоўнікаў Памежнай службы. Дарэчы, у польскім памежным ведамстве пацвердзілі факт, што іх афіцэры разам з амерыканскімі калегамі ахоўваюць рэйсы ў ЗША.

Што цікава, то ў ЗША існуе нават спецыяльнае слова, якім называюцца супрацоўнікі, што ў мэтах аховы падарожнічаюць на бартах самалётаў. Іх называюць sky marshals, што ў даслоўных перакладзе з англійскай мовы азначае «паветраныя маршалы».

Дарэчы, «расшыфраваць» «паветраных маршалаў» вельмі складана, бо яны выглядаюць як звычайныя пасажыры: праходзяць рэгістрацыю, аддаюць багаж і займаюць месца для пасажыра – ці то ў эканом, – ці бізнес-класе, атрымліваюць, як усе ў салоне, харчаванне. Яны ўзброеныя пісталетамі, якія добра закамуфляваныя пад вопраткай. Іх мэта – рэагаваць у выпадку няштатнай сітуацыі, якая можа стварыць небяспеку падчас палёту, партал Rynek Lotniczy.

вс