Даплочвае рабочым, якія размаўляюць па-беларуску. Заклікае ўсіх эмігрантаў не траціць часу, а набываць веды і досвед, каб вярнуцца ў Беларусь і зрабіць там змены.
Будоўля – гэта нейкае чараўніцтва
Распавядаючы пра сябе Валера з усмешкай зазначае, што быў не вельмі добрым вучнем, скончыў вучэльню і атрымаў прафесію слесара. Але папрацаваўшы да войска, а потым і пасля войска зразумеў, што на заробак слесара пражыць складана.
Уладкаваўся на будоўлю і тут спадабаўся не толькі заробак, але і сама праца, бо бачыў і разумеў яе вынікі.
-Цікавым было тое, што ты прыходзіш на пустое поле, а праз паўгода ці болей на гэтым месцы з’яўляецца нейкі манументальны будынак. Гэта нейкае чараўніцтва. Ці не так?
Гэта і прымусіла Валеру ісці вучыцца далей. Пайшоў у ВНУ на прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва. Дыплом інжынера-будаўніка, праўда, так і не атрымаў, год не давучыўся – прапанавалі ехаць працаваць у Польшчу. Тады перад ім паўстаў выбар.
Выбраў еўрапейскае будаўніцтва
-Альбо ехаць у Тулу і будаваць артылерыйскія склады, альбо ехаць у Польшчу і паспрабаваць сябе ў еўрапейскім будаўніцтве. Я разумеў, што ехаць у Расею і будаваць нейкія артсклады – гэта брудная справа. А Польшча – гэта Еўропа, а я ў Еўропе дагэтуль ніколі не быў.
Ён і раней падазраваў, што ў еўрапейскіх краінах іншыя тэхналогіі будаўніцтва і меў магчымасць пераканацца ў гэтым. Але найперш звяртае ўвагу, што тут няма такога крадзяжу з будоўлі, безадказнасці, якая, на жаль, панавала на беларускіх будоўлях.
-Нельга парушаць тэхналогію. Калі ёсць пяць неабходных пунктаў, як і што выконваць, то і трэба так рабіць. А калі ты, як часта гэта было ў Беларусі, выконваеш толькі першы і пяты, а астатнія тры прапускаеш, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца.
Яшчэ ён звяртае ўвагу на тое, што праца будаўніка ў Польшчы нашмат лягчэйшая, чым у Беларусі, за кошт тэхналогіі. А таксама, паводле яго, матэрыялы з якіх будуюць, вельмі розняцца ад тых, што ў Беларусі.
-Тут той самы блочак, з якога будуюць сцены, дапрацаваны з пазамі і ты, калі кладзеш яго, не памылішся, бо ў прынцыпе ты нібы складаеш канструктар адзін да аднаго. Гэта нашмат аблягчае працу будаўнікоў і робіць яе больш дакладнай.
Усе праблемы ў самой сістэме
З досведу суразмоўцы, у Беларусі тэхналогіі спазняюцца з прычыны самой сістэмы, якая пануе ў грамадстве. Будаўнічыя арганізацыі пераважна дзяржаўныя, абцяжараныя адміністрацыйным апаратам, новаўвядзенні, рэформы ўспрымаюцца з напругай, паколькі многія, хто насамрэч, не прымае ўдзелу ў будаўніцтве, страцяць свае пасады.
У жніўні 2020 быў на выбарах
Магчыма таму ў жніўні 2020 году Валера адмыслова ўзяў адпачынак, каб ехаць на выбары ў Беларусь. Дарэчы, згадвае, што тады вельмі многія ехалі з Польшчы, каб прагаласаваць менавіта ў дзень выбараў. Праўда, тое з чым сутыкнуўся, вельмі ўразіла.
-З аднаго боку гэта было страшна, вельмі страшна. А з іншага боку – мяне перапаўняў гонар за наш народ. У маім невялікім гарадку, дзе жыве 60 тысяч, на плошчу выйшлі ўсе.
Ён згадвае, як мама апранала самую святочную сукенку, як ішлі нават самыя сталыя суседзі, як ён апрануў у той дзень вышыванку… А потым стаяў разам з іншымі перад узброенымі амапаўцамі, валанцёрыў ля турмы, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі…
-Гэта адзінства, гэта салідарнасць – гэта было нешта. Але вельмі складана было бачыць, калі з турмы выходзілі пабітыя людзі. Яны казалі, што сёння выпускаюць тых, хто не пабіты. Ты бачыш іх і разумееш, які жах там адбываецца.
Адкрыў будаўнічую фірму і не шкадуе
Валеру ўсё ж удалося вярнуцца ў Польшчу, дзе ён працягнуў працаваць на будоўлі. Досведу было дастаткова і вырашыў, што болей не будзе працаваць на некага, а створыць сваю фірму. Так і адбылося. У яго працуюць пераважна беларусы і некалькі мужчынаў з Малдовы. Сам ён не проста, як начальнік сядзіць у офісе, а па-ранейшаму на будаўнічай пляцоўцы і працуе разам з усімі.
-Я шмат аб гэтым думаў і мяне нешта заўсёды штурхала, маўляў, не справішся. Але пачаў і ўсё паціху пайшло. Мяне тут, дарэчы, многія ведалі, а таму і праца была.
Работы, паводле суразмоўцы, хапае, яго фірма запатрабаваная. Калектыў, з яго слоў выдатны і працуецца з людзьмі нармальна, заробкі такія ж, як і ў польскіх фірмах. Да ўсяго, наладзіў нармальныя ўмовы для сваіх рабочых.
-На працу я іх давожу, бясплатнае жыллё прадастаўляю, рабочае адзенне, абед за мой кошт. Людзі толькі аплочваюць камунальныя плацяжы.
За валоданне беларускай мовай даплочвае сваім работнікам
Цікаўлюся ў Валеры – што было найбольш складаным, калі пачынаў працаваць. Аказваецца, прафесійныя рэчы даліся проста, а вось з мовай давялося пазаймацца. Напачатку, паводле яго, згадваў беларускую, на якой ніколі раней не размаўляў, бо было лягчэй разумець польскую.
-А як успамінаў? Аказваецца яна ў нас у падсвядомасці, у сэрцы і як яе можна забыць. Некаторыя думаюць, як я па-беларуску…, а ты пачні і разумееш, што трасянка не забылася. А з трасянкі на нешта больш вартае лягчэй перабудавацца. І асяроддзе шмат азначае.
Дарэчы, цяпер Валера даплочвае да заробка тым, хто на будоўлі размаўляе па-беларуску. І гэта, як высветлілася, нядрэнна спрацоўвае. А польскую мову яму дапамагалі вучыць палякі з якімі працаваў. Праўда, ён сам вельмі хацеў навучыцца і цяпер спакойна адчувае сябе ў польскамоўным асяроддзі.
Наагул, яму падабаецца тут стаўленне да звычайнага працоўнага чалавека.
-Цікава адчуваць, што ты тут патрэбны, калі да цябе ставяцца нармальна. Прыходзіш на працу, да цябе падыходзіць кіраўнік і вітаецца, а не круціць носам і задзірае галаву. Павінна быць павага, як з аднаго, так і з другога боку.
Мама пабачыла, як можа жыць чалавек на пенсіі
У вольны час Валера любіць падарожнічаць, распавядае, што навучыўся гэтаму ад палякаў і гэта яму таксама падабаецца.
-Польшча вельмі цікавая. Я яе ўжо аб’ездзіў, абхадзіў, абвандраваў. І мне цяпер вельмі хочацца трапіць у новую Беларусь і проста паездзіць па Беларусі, бо я разумею, што не ведаю яе.
Нядаўна да яго ў госці прыязджала з Беларусі мама і яны ездзілі адпачыць на мора. Мама, паводле яго, паглядзела на тое, як можна жыць чалавеку на пенсіі.
-Гэта трэба было бачыць у вачах сталага чалавека, які аддаў сваёй краіне цэлае жыццё і цяпер атрымлівае 200 долараў пенсіі, сто з якіх ідуць на розныя аплаты. А тут яна пабачыла, як людзі яе ўзросту вечарам танцуюць танга, п’юць у кавярні віно альбо каву і гэта ім не б’е балюча па кішэні.
Не сядзіце проста чакаючы вяртання
Тым не менш, Валера кажа, што і Беларусь з галавы не выходзіць і хоча вярнуцца. Але ў той самы час не кідаць створанага тут, а працаваць на дзве краіны. У Беларусь ён марыць перацягнуць увесь свой досвед набыты тут. І нават хацеў бы папрацаваць у сваім горадзе.
-Я б найперш змяніў бы ўсе дзіцячыя пляцоўкі. У нас крычаць: нараджайце дзяцей, а ім нават гуляць няма дзе. Трэба ўсё там змяняць і я бы гэтым заняўся ў сферы будаўніцтва. Праектаваў бы бяспечныя пластыкавыя пляцоўкі. У нас трэба ўсё гэта змяняць…
Дарэчы, усім астатнім беларусам Валера раіць таксама не сядзець тут і чакаць вяртання, а рыхтавацца да яго.
-Як бы хутка нам не вяртацца дадому, але ў нас цяпер шмат тут працы. Усе ўжо маюць план як яны будуць вяртацца, як будуць стаяць у корку ад Варшавы да Мінску. Але нам трэба пакуль забыць пра гэта, а рухацца далей у сваім развіцці, набыцці досведу, трэба рабіць тут справу. І калі гэта атрымаецца, мы прыедзем адукаванымі людзьмі і будзем тварыць новую Беларусь. З такімі поглядамі, як у мяне, тут 70% людзей. Прыедзем, прыедзем, як толькі – адразу паедзем…
Павел ЗАЛЕСКІ