Сацыёлаг, прафесар Андрэй Вардамацкі, які ўзначальвае Беларускую аналітычную майстэрню, адзначае, што цяпер грамадскае меркаванне ў сваіх праявах не адпавядае таму, да чаго імкнуцца дэмакратычныя сілы. У 2020 годзе было ледзьве не поўнае супадзенне актыўнай часткі грамадства, палітычных сілаў і шырокай грамадскай думкі. Цяпер жа назіраюцца разыходжанні.
Вардамацкі паказвае на падзенне даверу да недзяржаўных медыя ледзьве не ў два разы, у параўнанні з 2020 годам. А таксама на рост уплыву расійскай прапаганды на беларускую грамадскую думку, пранікненне ў грамадскую свядомасць расійскіх наратываў Вардамацкі называе адным з найбольш важных гістарычных выклікаў.
«Парушэнне правоў чалавека ў масавай свядомасці не ўваходзіць у спіс найбольш актуальных праблем», – адзначае Вардамацкі.
– Калі параўнаць стаўленне да недзяржаўных медыя, то давер да іх зменшыўся ледзьве не ў два разы, у параўнанні з 2020-ым годам. А многія дзяржаўныя СМІ сталі проста пляцоўкаю для размяшчэння расійскіх наратываў. Калі казаць пра іерархію, то бок папулярнасць медыя, то на пытанне «Да якога СМІ вы звяртаецеся, каб атрымаць інфармацыю?» адказы размеркаваліся так: Тэлеграм, YouTube, беларускае дзяржаўнае тэлебачанне, расійскае дзяржаўнае тэлебачанне. Вось такія чатыры верхнія пазіцыі з невялікім адрывам, – гаворыць Вардамацкі.
Разам з тым сацыёлаг заўважае, што ў геапалітычным выбары спыніўся рост прарасійскіх настрояў. «Спрацавала рэзістэнтнасць», – кажа Адрэй Вардамацкі, але ад прагнозаў адмаўляецца. Што тычыцца стаўлення да вайны ва Украіне, то грамадская думка зафікасавалася адразу пасля пачатку вайны:
«Галоўная лічба – стаўленне да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны. І гэты паказчык не змяняецца з сакавіка 2022 года, ён застаецца ў інтэрвале: 80-85 % рэспандэнтаў негатыўна ставяцца да магчымага непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Украіне».
Увогуле ў топе праблем, якія называюць апытаныя, – рост цэнаў і магчымае ўцягванне Беларусі ў вайну. «Парушэнне правоў чалавека ў масавай свядомасці не ўваходзіць у спіс найбольш актуальных праблем», – адзначае Вардамацкі.
Таксама ён кажа, што ўваходжанне Беларусі ў якасці суб’екта ў склад Расійскай Федэрацыі на працягу многіх год абіраюць толькі 4-5 % апытаных.
Сярод пытанняў было і пра стаўленне беларусаў да Польшчы і палякаў, цікава, што гэтую краіну і яе жыхароў удзельнікі апытання назвалі сярод «брацкіх народаў», не зважаючы на геапалітычны выбар, адзначае сацыёлаг Алег Алампіеў. Тэлефоннае апытанне праводзілася ў Беларусі вясною бягучага года, а дакладней у красавіку-траўні.
«Не думаю, што нешта зменіцца ў перспектыве. У беларусаў у галаве ёсць гістарычная, культурная асаблівасць – з суседзямі трэба жыць мірна. Беларусы, якія ў значнай ступені ўсё яшчэ жывуць у традыцыйным грамадстве, пераносяць адносіны з суседзямі ў літаральным сэнсе на адносіны з суседзямі ў геапалітычным сэнсе. Таму мы атрымлівае быццам бы супярэчныя дадзеныя: людзі абіраюць прарасійскую ці празаходнюю арыентацыю, але разам з тым заяўляць у апытаннях, што палякі таксама нашыя браты. І ў гэтым няма ніякай супярэчнасці. І мне падаецца малаверагодным, што гэта зменіцца. Таксама трэба разумець важны момант: цяпер ледзь не ў кожнай сям’і ёсць знаёмыя ці родныя, якія жывуць у Польшчы. І адна справа, калі нешта кажуць па тэлебачанню, а іншая – калі нехта са знаёмых расказвае, узровень даверу ў такім разе нашмат большы. І інфармацыя з тэлевізара будзе адфільтроўвацца, калі знаёмыя кажуць, што тут добра, можна зарабіць, пачуваешся ў бяспецы», – разважае сацыёлаг Алег Алампіеў.
вх