Беларуская Служба

Паводле навуковых даследаванняў, мозг у кантакце з мастацтвам вырабляе гармоны шчасця – эндарфіны

10.10.2023 19:30
Якую карысць прыносіць маладым людзям мастацкая адукацыя? Гутарка з адмыслоўцам з Каралеўскага замку ў Варшаве.
Аўдыё
  • Каштоўнасць мастацкай адукацыі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/Pexels

Польскія школьнікі часта наведваюць музейныя ўстановы. Некаторыя пляцоўкі нават адмыслова рыхтуюць часовыя выставы з думкаю пра вучняў, якія, наведваючы музей, атрымліваюць дадатковыя веды, якія патрабуюцца ў школьнай праграме. Па словах кіраўніка Аддзелу адукацыі Каралеўскага замку ў Варшаве Міхала Саберая, дзякуючы экскурсіям у музей дзеці развіваюць карысныя навыкі.

- Я лічу, што адукацыя ў музеі – вельмі, вельмі важная справа. Тут гаворка ідзе не толькі пра перадачу ведаў па гісторыі або гісторыі мастацтва. У рамках мастацкай адукацыі мы развіваем у дзяцей розныя ўменні. Напрыклад, падчас нашых заняткаў школьнікі часта працуюць у групе, тады яны вучацца іншым паводзінам, чым у школе. Нядаўна мы праводзілі дэбаты з удзелам вучняў і настаўнікаў. І тады адна са школьніц сказала, што яна марыць выйсці з цеснай, душнай школы, для яе важны сам працэс заняткаў у іншым месцы.

Ёсць такая прымаўка «прыгажосць выратуе свет». Можна, канешне, палемізаваць, ці кантакт з прыгажосцю, з мастацтвам, робіць чалавека лепшым, ці пад яго ўплывам ён адмаўляецца ад нізкіх пачуццяў, аднак на пэўна яна карысна ўплывае на агульнае развіццё і самаадчуванне.

- Апошнія навуковыя даследаванні паказалі, што мозг у кантакце з прыгожым мастацтвам, асабліва ў музеі, вырабляе эндарфіны (гармоны прыемнасці і шчасця – заўвага рэд.), гэта так, быццам бы мы атрымліваем нейкую ўзнагароду. Гэта даволі складаны працэс, спецыялісты кажуць нават пра так званую музеатэрапію. Яна асабліва добра ўплывае на тых людзей, хто знаходзіцца ў дадзены момант у нейкім псіхалагічным крызісе. Аднак такая тэрапія добра ўплывае на нас усіх. Звярніце ўвагу, як хутка мы цяпер жывем. Усе бягуць, спяшаюцца, амаль у кожнага пастаяннага мабільнік у руцэ. Калі здарыцца забыць тэлефон дома, то мы на працы адчуваем сябе некамфортна, як без рук. А ў музейнай установе атмасфера зусім іншая, спакойная. Важна прывучыць дзяцей, што музей – гэта цікавае месца, куды можна хадзіць не толькі ў рамках школьнай экскурсіі, але часцей, таксама разам з бацькамі, што варта прыходзіць у такую ўстанову, бо можна атрымаць ад яе карысць для сябе.

Развіццё малога чалавека прадугледжвае практычнае навучанне, дзецям проста неабходна да ўсяго дакрануцца, усё спрабаваць, так сказаць, «на зуб», праверыць, як яно працуе. Таму часта здараецца, што маладыя людзі, асабліва малодшыя дзеці, не любяць ісці ў музей, паколькі там у кожнай залі стаіць грозная цёця і крычыць, калі хтосьці дакранецца да экспанату або скажа крыху галасней. Сучасная тэндэнцыя такая, што музеі цяпер стараюцца рабіць інтэрактыўныя выставы, каб наведвальнікі маглі не толькі глядзець, але і нешта рабіць у музеі. Скажам, шмат такіх выставаў у музеях Вялікабрытаніі.

- Таму вельмі важна, каб падчас падрыхтоўкі выставаў у музеі запрашаць дзеля кансультацыі супрацоўнікаў Аддзелу адукацыі. Менавіта так выглядае праца ў нас у Каралеўскім замку. Калі куратары рыхтуюць выставу, яны запрашаюць супрацоўнікаў Аддзелу адукацыі. Мы звяртаем увагу на тое, як лепш за ўсё размясціць экспанаты. Прывяду просты прыклад – здавалася б, дробязь, але вельмі важная – месца для сядзення перад экспанатамі. Калі нельга сядаць на падлозе, то трэба паставіць лаўку, крэсла, пуфікі ці нешта іншае. Акрамя таго, трэба прадумаць і старанна падрыхтаваць друкаваныя матэрыялы пра выставу, каб яны ўтрымлівалі не толькі інфармацыю, але таксама адукацыйную частку. Неабходная супраца розных галін – аддзелаў прамоцыі, адукацыі, інфармацыі.

Паводле праграмы польскай школы, вучні даволі шырока вывучаюць міфалогію старажытнай Грэцыі ці Рыму, але практычна няма інфармацыі пра легенды, паданні даўніх славянаў, жыхароў нашых земляў. На гэта мне нядаўна звярнулі ўвагу мае дзеці, што ім не хапае інфармацыі пра легенды нашых продкаў. Таксама ў музеях цяжка знайсці такія звесткі.

- Гэта вельмі складаная тэма. Нават калі ёсць музеі, якія прадстаўляюць абраднасць і легенды славянаў, туды рэдка ходзяць школьныя экскурсіі, паколькі гэтай тэматыкі няма ў праграме. А настаўнік заўсёды выбірае тэму, звязаную са школьнай праграмай. З даўніх часоў, эпохі рэнесансу, мова мастацтва брала пачатак з гэтай міфалогіі – старажытнай Грэцыі і Рыму, а таксама біблейскіх гісторый. Зразумела, яна прысутнічае таксама ў нашай міфалогіі, але даследаванне славянскіх паданняў пачалося адносна нядаўна, у 19-ым стагоддзі, таму не заваявала такой папулярнасці. Тэматыка лакальнай абраднасці прысутнічае ў этнаграфічных музеях, якія паказваюць мясцовыя традыцыі, ладзяць, скажам Дзень бульбы, Свята хлеба, што вельмі цікава, але не ўваходзіць у агульную сусветную тэму мастацтва.

нг