Беларуская Служба

Па статыстыцы, кожная восьмая жанчына ў свеце захварэе на рак грудзей

17.10.2023 14:09
Выяўленую на ранняй стадыі хваробу можна цалкам вылечыць.
Аўдыё
  • Прафілактыка і лячэнне рака грудзей.
Październik miesiącem świadomości raka piersi
Październik miesiącem świadomości raka piersiShutterstock/ siam.pukkato

Ва ўсім свеце кастрычнік па традыцыі лічыцца месяцам барацьбы з ракам грудзей. У гэты перыяд праводзіцца шмат асветніцкіх і прафілактычных мерапрыемстваў. Папулярызацыя, распаўсюджванне ведаў пра абследаванне ды іншыя прафілактычныя крокі надзвычай важная з-за трывожнай статыстыкі.

Рак малочнай залозы – самая распаўсюджаная злаякасная пухліна жанчын у свеце, якая выяўляецца не толькі ў пажылых жанчын, але таксама ўсё часцей у маладым узросце. У Польшчы гэты страшны дыягназ ставяць 19-ці тысячам жанчын у год, гэта значыць, што кожны дзень пра сваё захворванне даведваюцца 50 жанчын.

У Польшчы існуюць праграмы прафілактыкі дадзенага захворвання, жанчыны могуць прайсці бясплатныя тэсты, у тым ліку мамаграфію. Але свядомасць, наколькі гэта важна, у краіне даволі нізкая, далёка не ўсе жанчыны рэгулярна прыходзяць на абследаванне, няма таксама прадуманай усеагульнай адукацыі ў галіне прафілактыкі рака малочнай залозы. У сувязі з гэтым спецыялісты вырашылі арганізаваць аднадзённы фестываль пад назваю «Breast Fest» (анг. Breast – грудзі, Fest – фестываль). Мерапрыемства было зладжана ў Любліне Клінікай анкалагічнай хірургіі Медычнага ўніверсітэту з думкаю як пра здаровых жанчын, так і хворых на рак малочнай залозы.

Падчас мерапрыемства можна было бясплатна прайсці мамаграфію, ультрагукавое абследаванне грудзей і пракансультавацца са спецыялістамі. Колькасць выпадкаў гэтага захворвання расце, але калі яго выявіць на ранняй стадыі, хваробу можна цалкам вылечыць, – адзначае доктар Катажына Сэндлак (Katarzyna Sędłak), каардынатар Клінікі анкалагічнай хірургіі Універсітэцкага клінічнага шпіталя ў Любліне.

- Жанчыны ўжо з 20-га года жыцця павінны рабіць самаабследаванне грудзей. І павінны як мінімум раз у год праходзіць ультрагукавое абследаванне. У сваю чаргу жанчыны ў пажылым узросце, старэйшыя за 50 гадоў, павінны рабіць мамаграфію. Тыя жанчыны, у каго сярод блізкіх сваякоў – мамы, бабулі, сястры – быў рак грудзей, павінны раней і часцей праходзіць абследаванне. Рак часцей за ўсё праяўляецца тым, што жанчына знаходзіць невялікі камяк у грудзях. Ён не баліць, але пры гэтым можа змяніцца выгляд грудзей, паявіцца дэфармацыя, мяняецца выгляд скуры, саска, наяўнасць выдзяленняў з саска. Гэта самыя частыя сімптомы.

Дзякуючы супрацы з шырокім колам спецыялістаў (анколагамі, тэрапеўтамі, хірургамі, гінеколагамі, псіхіятрамі), ініцыятары мерапрыемства імкнуліся прадставіць жыхарам Любліна веды аб надзейнай прафілактыцы рака, прапанавалі бясплатныя дыягнастычныя даследаванні (УГД малочнай залозы, мамаграфію) і практычныя семінары (па пытаннях дыеты, фізіятэрапіі). Асноўная мэта – прадставіць самыя апошнія веды аб магчымасцях лячэння анкалагічных захворванняў, а таксама пра тэндэнцыі, звязаныя з дыетай і пасляаперацыйнай рэабілітацыяй. Была магчымасць атрымаць бясплатную кансультацыю спецыялістаў.

На фантоме, які выглядае як жаночыя грудзі, жанчыны маглі навучыцца правільна рабіць самаабследваванне.

- Падымаем руку ўверх, найлепш закласці яе за галаву, каб нам было зручна. І вельмі павольна, трыма пальцамі (гэта вельмі-вельмі важна), рухаючыся ў кірунку стрэлак гадзінніка, правяраем, ці нічога дрэннага не адчуваем у нашых грудзях. Трэба даволі моцна націснуць, не трэба баяцца сваіх грудзей.

- Я зразумела, што трэба мацней націскаць, калі дакраналася лёгка, то не адчувала, а калі націснула мацней, адчула камячок.

Галоўным момантам фестывалю ў Любліне стаў паказ, зладжаны хворымі на рак грудзей пацыенткамі, якія выступілі ў ролі мадэляў і з дапамогай прафесіяналаў маглі адкрыць сваю жаноцкасць і знайсці ўнутраныя сілы супрацьстаяць хваробе. А вось што самі жанчыны кажуць на сайце мерапрыемства пра сваю хваробу.

- Я даведалася праз 8 месяцаў пасля смерці мужы. А ў мяне новая праца – і дыягназ. У мяне былі два камякі, я баялася, што не дачакаюся важных момантаў у жыцці маіх дзяцей. Аднак пачала барацьбу, адна аперацыя, праз паўгода – другая. Было цяжка, але цяпер мяне радуе кожны дзень, знаёмлюся з выдатнымі людзьмі. Сёння прайшло ўжо 11 гадоў, я жыву. У мяне цудоўная, каханая сям'я, якая мне дапамагла прайсці цяжкі шлях. У мяне дзве прыгожыя дачкі і два сыны. У мяне тры дачкі, я вельмі люблю пячы тарты, я моцная. Я жыву і адчуваю сябе вельмі добра. Я перамагла ў змаганні з ракам, цяпер я здаровая. Я задаволеная, здаровая, шчаслівая, што ўваходжу ў групу амазонак. Я праходжу лячэнне, у мяне ёсць планы, сямʼя, мне ёсць за што змагацца.

Рак малочнай залозы, паводле статыстыкі, здарыцца ў кожнай восьмай жанчыны ў свеце, але пры раннім выяўленні яго можна цалкам вылечыць.     

IAR/нг