Беларуская Служба

Гэтая хвароба вельмі часта здараецца ў пажылых людзей, асабліва ў жанчын

24.10.2023 17:14
У паловы жанчын пасля 50-га года жыцця ёсць гэтае захворванне, а сярод мужчын – у кожнага пятага.
Аўдыё
  • Ян прадухіліць і лячыць астэапароз.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/kalhh

Насельніцтва нашай планеты, прынамсі яе еўрапейскай часткі, даволі хутка старэе. У сувязі з гэтым працэсам, які датычыць як Беларусі, так і Польшчы, вялікая частка людзей у пажылым узросце сутыкаецца з хваробамі, характэрнымі для гэтага ўзросту. Адным з такіх захворванняў з’яўляецца астэапароз (лац. osteoporosis). Гэтую хваробу можна назваць падступнай, паколькі яна развіваецца доўгія гады, але пры гэтым не дае яскрава выражаных сімптомаў. Назіраецца паступовая страта касцяной масы, аслабленне структуры костак, што прыводзіць да павышанай схільнасці да пераломаў.

Хто і калі часцей за ўсё хварэе астэапарозам? У групе рызыкі – жанчыны пасля менапаўзы. Менавіта пажылыя жанчыны маюць павышаныя рызыкі пераломаў з-за аслаблення костак. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 40% жанчыны і да 20% мужчын, у якіх здарыліся пераломы касцей, маюць астэапароз, які і стаў прычынай дадзеных траўмаў. У адной толькі Еўропе кожны год здараецца каля 4 мільёнаў пераломаў, з якіх прыкладна адна чацвёртая – гэта пералом шыйкі бядра, які нясе сур’ёзныя наступствы, а можа нават стаць смяротным для старога чалавека, – адзначае вядомы ўкраінскі лекар, блогер і папулярызатар медычнай тэматыкі Яўген Камароўскі.

- Пералом шыйкі бядра, які на доўгія месяцы кладзе чалавека ў ложак, які рэзка павялічвае верагоднасць іншых хваробаў і можа стаць прычынай смерці. Лятальнасць у сувязі з пераломам шыйкі бядра вышэйшая, чым лятальнасць пры анкалогіі, выключэнне – рак лёгкага.

Чым старэйшы чалавек, тым большая верагоднасць, што ў яго развіваецца астэапароз. У паловы жанчын пасля 50-га года жыцця ёсць гэтае захворванне, а сярод мужчын – у кожнага пятага. Хвароба доўгі час развіваецца ціха, не звяртаючы на сябе ўвагі. У старэйшых людзей часта назіраецца цэлы букет захворванняў, і на іх фоне чалавек можа не заўважыць некаторых прыкметаў, якія сведчаць пра аслабленне касцей, да таго дня, калі ў яго не здарыцца пералом, часам на фоне нават нязначнай траўмы, скажам, падчас падзення. У групе рызыкі – худыя людзі, з тонкімі косткамі, асабліва жанчыны, хвароба радзей здараецца ў поўных людзей, а мужчыны павінны звярнуць увагу на тое, што, паводле даследаванняў, існуе сувязь паміж астэапарозам і сіндромам апноэ – кароткай затрымкай дыхання ў часе сну. Дарэчы, на сімптомы аслаблення касцей могуць першымі звярнуць увагі блізкія хворага, яны заўважаюць, што чалавек пачаў горбіцца, быццам бы стаў ніжэйшым. Чалавек усё больш нахіляецца наперад, у яго часта баліць паясніца, змяншаецца аб’ём лёгкіх, што можа выклікаць дыхавіцу. Сярод фактараў рызыкі – таксама высокі рост, курэнне, хваробы эндакрыннай сістэмы, захворванні стрававальнай сістэмы і аўтаімунныя. Некаторыя лякарствы таксама з’яўляюцца фактарам рызыкі.

Якім чынам можна прадухіліць развіццё хваробы або зменшыць рызыку сур’ёзных наступстваў, калі яна ўжо выяўлена? Ёсць тры напрамкі дзеянняў, – расказвае доктар Камароўскі.

- Першае: рэгулярныя фізічныя практыкаванні дазваляюць узмацніць вашы косці. Дзякуючы актывізацыі кровазвароту ў цягліцах актывізуецца таксама кровазварот у касцях. Галоўнае – не сядзіце, рухайцеся! Прагулка з сабакам, хадзьба, ёга. Наступнае: вітамінныя і мінеральныя дабаўкі, вітамін D і кальцый – падстава лячэння і прафілактыкі астэапарозу. І трэці кірунак: лякарствы, але гэтым вы не будзеце займацца, а будзе займацца доктар.

Астэапароз адносіцца да катэгорыі захворванняў, пры якіх вельмі важнае рацыянальнае харчаванне. Аптымальнае харчаванне павінна забяспечваць усе неабходныя пажыўныя рэчывы і мінералы. Асаблівы ўпор робіцца на ўжыванне прадуктаў, багатых кальцыем і вітамінам D. Заўсёды лепш прымаць вітаміны і мінералы разам з ежай, але вітаміна D можа не хапаць, асабліва ў зімні перыяд, таму рэкамендуецца прымаць штодзённа 800 адзінак – бяспечная доза, большую неабходна пракансультаваць з лекарам, кальцый таксама можна прымаць у таблетках –1200 мг у суткі.
Калі ёсць падазрэнні, што пачынаецца развіццё астэапарозу, можна прайсці спецыяльнае даследаванне, якое пакажа мінеральную шчыльнасць касцяной тканіны. На дыягностыку кіруе і ацэньвае яе вынікі доктар.

нг