Беларуская Служба

Беларускі эмігрант у Польшчы: «Веру, што Беларусь - перспектыўная краіна»

18.11.2023 06:02
«Я б хацеў удзельнічаць у напісанні гэтай гісторыі з чыстага ліста пад назвай «Новая Беларусь».
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант у Польшчы: «Веру, што Беларусь перспектыўная краіна»
Нацыянальны беларускі сцяг на балконе аднаго з варшаўскіх дамоў фота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У 20-м годзе кіраваў назіраннем па аднаму з раёнаў Мінску, жыў на канспіратыўных кватэрах. У эміграцыі тры гады, не аматар беларускай літаратуры, аддае перавагу кінематографу і хоча ўдзельнічаць у напісанні гісторыі Новай Беларусі.

Згадваецца найбольш тое, калі мяне пераследавалі

З Мінску Данілу давялося з’ехаць тры гады таму, калі на вуліцах беларускіх гарадоў яшчэ працягваліся пратэсты. І шлях яго быў даволі няпростым, хаця аб гэтым ён распавядае без падрабязнасцяў. На яго, як і на іншых актывістаў, была заведзеная крымінальная справа, у кватэры праводзіў вобшук КДБ.

- Будучы ў Беларусі я актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, быў сябрам «Моладзевага блоку», падчас выбараў кіраваў назіраннем па аднаму з раёнаў Мінску ад «Сумленных людзей». І з гэтай нагоды паўгода не жыў дома, змяняў месца жыхарства, меў да 10 канспіратыўных кватэр.

Па адукацыі ён – эканаміст, працаваў у Беларусі эканамістам, маркетолагам, спецыялістам па прасоўванню матэрыялаў у медыя. Нягледзячы на свой малады ўзрост, вельмі спакойна разважае аб усім, што тады адбылося.

- Складаныя, канешне, часы і цяпер таксама, але я б сказаў, што мне было не так ужо і цяжка гэта перажыць. Я наагул ставіўся тэхнічна да таго, што трэба было хавацца, з’язджаць. Разумеў, што ўсё гэта патрэбна дзеля светлай будучыні маёй асабістай і таксама краіны.

Цікава, што з тых падзей яму найбольш згадваецца менавіта той перыяд, калі яго пераследавалі, а яму даводзілася хавацца. Так склалася, што менавіта ў той час разам з актыўнай грамадскай дзейнасцю наладжвалася і асабістае жыццё.

- З аднаго боку рамантычны перыяд – шмат чаго пабачыў, шмат дзе пажыў. З іншага боку сумую і па бацькавай кватэры і па той, якую толькі пачаў здымаць са сваёй дзяўчынай. Тады яшчэ была эпідэмія кавіду, мы сядзелі дома і было так утульна, класна… А потым нам давялося кватэру пакінуць, хаця працягвалі яе здымаць, але не маглі там жыць. За ёй увесь час назіралі, і там таксама былі вобшукі, а таму знаходзіцца было небяспечна.

Трохі падумаўшы, праз паўзу дадае.

- Адчуванне змешанае. З аднаго боку – цікавы досвед, з іншага боку – шкада, што не магу жыць дома ў сваім горадзе, дзе нарадзіўся і жыў усё жыццё. І таксама сумую па таму жыццю, якое ў мяне якраз толькі наладжвалася ў 20-ым годзе.

Беларусі ёсць куды расці

Тым не менш тры гады, праведзеныя за мяжой, таксама папоўнілі жыццёвы досвед майго суразмоўцы. Нягледзячы, што людзі ва Украіне, Польшчы, Чэхіі, дзе яму давялося пабываць, шмат у чым падобныя да беларусаў, але ў кожнай з гэтых краін розныя сістэмы, свае асаблівасці.

- Мяне вельмі ўражваў дзікі капіталізм ва Украіне, дзе нават у маленькіх гарадках ёсць па тры кавярні і рознага кшталту бізнес. А ў Еўрасаюзе я бачу наладжаную сістэму жыцця людзей – значна больш высокія за сярэднія заробкі, чым ва Украіне і Беларусі, і наагул узровень жыцця. Гэта ўсё наводзіць на думкі, што Беларусі ёсць куды расці. Я падкрэсліваю з досведу жыцця за мяжой як бы можна было арганізаваць тыя ці іншыя рэчы ў нашай краіне.

Многія намагаюцца нешта рабіць, каб вярнуцца на радзіму

У Польшчы Даніла чакае атрымання статусу ўцекача, таму пакуль не можа афіцыйна працаваць. Але гэты час выкарыстоўвае на тое, каб вывучыць мову і стаць запатрабаваным на польскім рынку працы. Не пакідае і грамадскай дзейнасці, паколькі надалей застаецца сябрам Рады «Моладзевага блоку».

- Мы робім адукацыйныя відэа на нашым YouTube, распавядаем пра розныя грамадска-палітычныя тэмы ў іншых сацыяльных сетках. Да прыкладу, два месяцы таму рабілі эканамічны кэмп для тых, хто цікавіцца эканомікай і займаецца ў нейкай ступені грамадскай дзейнасцю, але недастаткова добра валодае тэорыяй. Прычым прыярытэт мы аддаём тым, хто зараз жыве ў Беларусі.

Даніла звяртае ўвагу, што нягледзячы на небяспеку ў Беларусі ўдзельнічаць у іх адукацыйных праграмах – людзі там усё роўна імкнуцца трапіць на адукацыйныя мерапрыемствы.

- У нас заўсёды вельмі вялікі конкурс, каб патрапіць на нашы мерапрыемствы. Да прыкладу, на эканамічны кэмп мы мелі 24 месцы, а даслалі для ўдзелу 200 заявак – амаль 10 чалавек на месца. І пераважна гэта былі людзі з Беларусі. Гэта датычыць і анлайн-мерапрыемстваў. Мы маем больш 5 тысяч падпісантаў, і гэта таксама пераважна людзі, якія жывуць у Беларусі.

Што датычыць беларускай дыяспары ў Польшчы, то хлопец прызнаецца, што актыўна не ўдзельнічае ў яе жыцці з-за недахопу часу, але ў той самы час заўважае яе значэнне.

- Відавочна, што пашыраецца спектр актыўнасцяў, якія робіць беларуская дыяспара і захоўвае нейкую самабытнасць. А што самае галоўнае – захоўвае кантакт з беларусамі ўнутры Беларусі. Шмат людзей тут намагаюцца нешта рабіць дзеля таго, каб вярнуцца ў Беларусь і зрабіць яе дэмакратычнай.

Мне цікава займацца гэтым праектам

Цікаўлюся ў суразмоўцы, што ён чытае ў эміграцыі, ці бярэ ў рукі беларускую прозу альбо паэзію? Аказваецца мастацкія творы – не ў прыярытэце, аддае перавагу гістарычным манаграфіям, а зараз чытае філосафа Валянціна Акудовіча.

- Па-першае, я невялікі аматар паэзіі. Па-другое, я невялікі аматар мастацкай літаратуры наагул. І, па-трэцяе, выкажуся правакацыйна, але не тое, каб быў вялікім аматарам беларушчыны наагул. У спектр маіх зацікаўленняў па жыцці ўваходзяць іншыя рэчы. Я люблю кінематограф. І ў першую чаргу не беларускі, канешне, бо ў ім няшмат чаго ёсць.

Тым не менш пра Беларусь Даніла думае часта, у коле сяброў гэтая тэма таксама сярод першых. Бо, як і ў большасці, прысутнічае настальгія па мінуламу, якое звязана з Беларуссю.

- Рацыянальна я разумею, што гэта проста сентымент, які можна неяк падавіць. Адмовіцца ад беларускай ідэнтычнасці – тэхнічна гэта магчыма. Я магу стаць палякам, магу атрымаць польскі пашпарт і што мне гэтая Беларусь… Але я ж не магу сцерці мае ўспаміны, не магу сцерці мой досвед. І ўсё ж я эмігрант, які толькі тры гады жыве ў эміграцыі, а большая частка жыцця прайшла ў Беларусі. І праз гэта я думаю, што і ментальна, і фізічна мне будзе лепш, калі я буду знаходзіцца ў Беларусі.

Да ўсяго Даніла верыць, што Беларусь – перспектыўная краіна і што яна зможа функцыянаваць не горш за тую ж Польшчу ці Літву, і з цягам часу здолее стаць такой жа заможнай і такой жа краінай магчымасцяў, як Злучаныя штаты.

- І мне проста цікава займацца гэтым праектам. Я б хацеў удзельнічаць у напісанні гэтай гісторыі з чыстага ліста пад назвай «Новая Беларусь». Таму я думаю пра Беларусь і займаюся ёю, намагаюся суадносіць з рэальнасцю, з рэчаіснасцю, імкнуся наладжваць быт тут, дзе зараз знаходжуся.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл