Беларуская Служба

На думку псіхолагаў, кантакты з бабуляй і дзядулям дапамагаюць дзецям гарманічна развівацца

22.01.2024 22:00
У Польшчы адзначылі свята бабуль і дзядуляў. Сувязь паміж пакаленнямі вельмі станоўча ўплывае на яго членаў.
Аўдыё
  • Святы бабулі і дзядулі ў Польшчы.
       .
Бабуля і дзядуля аказваюць пазітыўны ўплыў на ўнукаў.Фота: Shutterstock

Пажылыя людзі на працягу вякоў з’яўляліся важнай часткай кожнага грамадства. Калі не было такіх магчымасцяў запісу інфармацыі, як цяпер, сталыя асобы неслі з сабою мудрасць пакаленняў, яны былі крыніцай вялікіх ведаў і жыццёвага досведу. Цяпер гэтая функцыя імі ўжо страчана, таму некаторыя старэйшыя члены соцыуму могуць адчуваць сябе непатрэбнымі. Аднак гэта не так, раўнавага і сувязь паміж пакаленнямі вельмі пазітыўна ўплывае на ўсіх яго членаў. 

У розных краінах свету ў розныя дні адзначаюць дзень, прысвечаны бабулям і дзядулям. У Беларусі гэтае свята прыпадае ў кастрычніку, а ў Польшчы – у другой палове студзеня. Дзень бабулі палякі святкуюць 21 студзеня, а Дзень дзядулі – 22 студзеня. Гэта нагода, каб падзякаваць прадстаўнікам старэйшага пакалення за час, увагу, сумесныя гульні, а галоўным чынам – за прысутнасць у жыцці маладога пакалення. Гэта нагода сустрэцца з бабуляй і дзядулям, падарыць ім дробны сюрпрыз, кветкі, сказаць цёплыя словы. І нагадаць, наколькі яны важныя і патрэбныя, яны нясуць функцыю, з якой не заўсёды спраўляюцца бацькі – гэта безумоўнае каханне ўнукаў.

На думку псіхолагаў, кантакты з бабуляй ды дзядулям вельмі важныя ў жыцці дзяцей, яны дапамагаюць ім гарманічна развівацца. Часта здараецца, што бабуля прысвячае ўнукам больш часу, чым бацькі, яна таксама як правіла больш цярплівая. А вось што жадаюць сваім бабулям дзеці аднаго з дзіцячых садкоў у Катавіцэ.

- Шмат кахання і шмат здароўя. Бабуля робіць мне абеды, гатуе смачныя стравы.

Я жадаю бабулі шмат усмешак і шмат салодкага, каб яна шмат адпачывала.

А я жадаю, каб яна атрымала ката, бо ў некаторых бабуль ёсць кот.

Каб яны радаваліся, што яшчэ жывыя.

А што дзеці гавораць пра сваіх дзядуль.

- Дзядуля любіць хадзіць на прагулкі ў лес, гуляць у паліцыянтаў. Мы любім граць у мячык, хадзіць на панадворак.

А мой дзядуля Рышард – вельмі мілы, вельмі файны, ён любіць з намі бавіцца. Я жадаю яму здароўя, каб ён жыў як мага даўжэй.

Нягледзячы на тое, што старэйшае пакаленне ўжо не з’яўляецца важнай крыніцай ведаў, як было калісьці, яно нясе іншую важную функцыю. Размова з бабуляй ці дзядулям – гэта можа быць выдатныя міжкультурныя майстар-класы. Маладыя людзі, дзякуючы такой гутарцы, могуць даведацца, як глядзелі на свет людзі, якія гадаваліся ў зусім іншых умовах, чым яны самі.

З нагоды свята бабуль і дзядуляў, у польскім парламенце прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. Парламент наведалі 2350 чалавек. Наведнікі маглі ўбачыць прыёмную старшыні Сената, дзе прымаюць кіраўнікоў іншых дзяржаў з афіцыйнымі візітамі. Экскурсаводы расказвалі пра гісторыю верхняй палаты, можна было зрабіць памятны здымак. Таксама была магчымасць азнаёміцца з выставай пра спікера I Сейма, а потым сенатара Веслава Хшаноўскага. Была зладжана прэзентацыя пад назваю «Ці ведаеце вы, што...?», прысвечаная працы сенатараў. Экскурсія суправаджалася музыкай 80-х гадоў.

У сваю чаргу, у Сейме (ніжэйшая палаце парламента) наведнікі маглі паглядзець «Кінахроніку», выставу «Дзяцінства нашых бабуль і дзядуляў у аб’ектыве» і ўдзельнічаць у віктарыне з прызамі. Таксама можна было ўбачыць галоўную залу, вестыбюль, кабінет старшыні Сейма, пазнаёміцца з залай, дзе праходзяць паседжанні народных абраннікаў.

Для большасці гасцей гэта быў першы візіт у парламент, часам нават нечаканы.

- Каб зрабіць сюрпрыз бабулі і дзядулі, паколькі бабуля часта глядзіць паседжанні.

Мы пра гэта зусім не ведалі, быў сапраўдны сюрпрыз. І вельмі задаволеныя. Мне 69 гадоў, я ўпершыню прабываў у Сейме. Паглядзець жыўцом – гэта зусім іншае, чым па тэлевізары.

Мне было цікава, як гэта ўсё выглядае. Я зусім інакш сабе ўяўляла Залю паседжанняў, па тэлебачанні ўсё здаецца такім вялікім, а на самой справе тут маленькія, вузкія праходы. Мне вельмі падабаецца, што ўсё можна паглядзець, можна прыйсці, паразмаўляць, можна пра нешта даведацца.

З нагоды Дня бабулі і дзядулі міністр сям’і Агнешка Дземяновіч-Бонк (Agnieszka Dziemianowicz-Bąk) наведала Цэнтр падтрымкі састарэлых у варшаўскім раёне Беляны. Установа святкуе свой першы юбілей.

Міністарка павіншавала бабуль і дзядуляў з іх святам.

- Я вам жадаю, канешне, у першую чаргу здароўя, але таксама сілы ды энергіі, каб вы маглі кожны дзень працягваць тое, што адбываецца тут, у цэнтры.

Міністр адзначыла, што міністэрства лічыць патрэбы пажылых людзей адным з прыярытэтаў. Яна паведаміла журналістам, што ўрад працуе над увядзеннем падвойнай індэксацыі пенсій на працягу года. Таксама Дземяновіч-Бонк сказала, што міністэрства намерана падрыхтаваць прававыя нормы дзеля большай падтрымкі пажылых людзей пасля страты сужонка. Яна дадала, што новы ўрад шмат увагі прысвячае пажылым людзям.

- Уся наша палітыка ў адносінах пажылых будзе ісці ў напрамку павелічэння незалежнасці, актыўнасці, бяспекі. Бяспекі ў шырокім паняцці гэтага слова – з аднаго боку гэта медычная бяспека, а з другога боку – стварыць такія магчымасці, каб людзі маглі цалкам выкарыстоўваць свой патэнцыял і свой вопыт.

У Польшчы пражывае амаль 9,8 млн чалавек, старэйшых за 60 гадоў. Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, з 2006 года назіраецца пастаянны рост долі пажылых людзей сярод насельніцтва краіны. Калі ў 2005 годзе гэтая доля складала 17,2%, то ў 2022 годзе – ужо 25,9%.

нг