Беларуская Служба

Ці ўратуе Беларусь польскую дэмаграфію? У краіне рэзка знізілася нараджальнасць

01.03.2024 18:21
На працягу некалькіх гадоў у дэмаграфічным ландшафце Польшчы дамінавалі дзве вялікія тэндэнцыі. Першая – гэта дэпапуляцыя карэннага насельніцтва. Польскія жанчыны нараджаюць усё менш дзяцей, а смяротнасць усё вышэйшая. У мінулым годзе нарадзілася на 137 тысяч менш, чым памерла.
Przyrost naturalny od 2013 roku pozostaje ujemny.
Przyrost naturalny od 2013 roku pozostaje ujemny.DarSzach/ Shutterstock

Другая тэндэнцыя – рост колькасці мігрантаў. Асабліва вялікі прырост зафіксаваны пасля пачатку вайны ва Украіне. Беларусы таксама складаюць вялікую групу мігрантаў у Польшчы. Цікавым можа быць той факт, што ў 2023 годзе да ZUS далучылася больш беларусаў, чым украінцаў. Колькасць першых павялічылася на 21,2 тысячы, украінцаў – на 13,4 тысячы. На канец 2023 года на ўліку ў ZUS стаяла 759,4 тыс. украінцаў і 129,4 тыс. беларусаў.

«У пэўным сэнсе, можна сказаць, нам пашанцавала з мігрантамі. Індыйцы, украінцы і беларусы, якія прыязджаюць у нашу краіну, – працавітыя. У 2020 годзе мы разам з Літвой і Чэхіяй былі адзінымі краінамі ў ЕС, дзе ўзровень занятасці сярод мігрантаў з краін не з ЕС быў вышэйшы за ўзровень занятасці сярод карэннага насельніцтва. У той час, калі многія краіны змагаюцца з праблемай нізкай занятасці сярод мігрантаў, у Польшчы мігранты пачынаюць станавіцца апорай на рынку працы», – адзначае аўтар матэрыяла на сайце forsal.pl.

Індыйцы, украінцы і беларусы, якія прыязджаюць у Польшчу, – працавітыя

Ці ўратуе міграцыя польскую дэмаграфію?

Вялікія перавагі міграцыі і дынамічны рост колькасці прыбылых прымусілі некаторых паверыць, што дэмаграфічны крызіс у Польшчы можна спыніць з дапамогай імігрантаў. Аднак варта мець на ўвазе, што дзве найбуйнейшыя крыніцы імігрантаў у Польшчы – Украіна і Беларусь – хутка вычэрпваюцца.

Гэтыя краіны сутыкаюцца з вялікімі дэмаграфічнымі праблемамі. Асабліва гэта бачна ва Украіне, дзе леташні каэфіцыент нараджальнасці склаў усяго 0,8, а мільёны маладых жанчын пакінулі краіну. Вайна, якая працягваецца, не стымулюе моладзь вяртацца ў краіну.

Дэмаграфія Беларусі не ў лепшым стане

Дэмаграфічныя праблемы, хаця, вядома, не ў такіх маштабах, закранаюць і Беларусь. У 2016 годзе насельніцтва складала 9,47 мільёна чалавек. Сёння амаль на 300 тысяч менш – 9,20 мільёна. Зніжаецца нараджальнасць. У 2016 годзе ў Беларусі нарадзілася 118 тысяч дзяцей, а ў 2023-м – 65 тысяч. Падзенне амаль у два разы за такі кароткі перыяд.

Для параўнання, у Польшчы адбылося зніжэнне з 384 тыс. у 2016 годзе да 272 тысяч у 2023 годзе.

 Беларусь як крыніца культурна блізкіх і малапраблемных мігрантаў пачне перасыхаць

 Liczba urodzeń na Białorusi w latach 2011-2023.Колькасць народжаных у Беларусі ў 2011-2023 гадах / Forsal.pl


Такое зніжэнне ў пэўнай ступені звязана з меншай колькасцю жанчын ва ўзросце высокай фертыльнасці. Жанчыны ў развітых краінах часцей за ўсё нараджаюць ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў. Калі мы паглядзім на беларускую ўзроставую піраміду, то ўбачым, што цяпер істотнае змяншэнне колькасці жанчын ва ўзросце да 25 гадоў.

Гэта, аднак, не азначае, што прычына спаду нараджальнасці толькі ў колькасці маці. Калі б гэта было так, то падзенне склала б 20%. Па факце ёсць ажно 45 працэнтаў. Шмат у чым гэта звязана з падзеннем каэфіцыента нараджальнасці. Да 1989 года ў Беларусі ён перавышаў 2,0, гэта значыць быў блізкі да ўзроўню замяшчэння пакаленняў. У 1989-1997 гадах ён знізіўся з 2,03 да 1,25. Наступныя гады былі перыядам стагнацыі і адносна нізкай нараджальнасці.

Сітуацыя пачала паляпшацца ў 2005 годзе, калі каэфіцыент нараджальнасці склаў 1,25. Праз год ён быў 1,34, а ў 2016 годзе – 1,73. Калі б каэфіцыент нараджальнасці беларускіх жанчын заставаўся на аналагічным узроўні, можна было б казаць пра не горшую дэмаграфічную сітуацыю.

Які каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі быў у 2023 годзе? Цяпер мы не ведаем адказу на гэтае пытанне, але можна прыблізна ацаніць, што ён каля 1,1. Гэта менш, чым у Польшчы (дзе ў 2023 годзе было прыкладна 1,17-18). Гэтыя дадзеныя, вядома, не выклікаюць аптымізму. Яны паказваюць, што ў бліжэйшыя гады гэтая крыніца культурна блізкіх і малапраблемных мігрантаў пачне перасыхаць. Гэта, у сваю чаргу, можа азначаць сур'ёзныя праблемы для польскага рынку працы.

forsal.pl/вх