Беларуская Служба

Новы кіраўнік «Белсата» распавёў, ад чаго давядзецца адмовіцца ў сувязі са скарачэннем бюджэту

20.03.2024 17:06
Тэлеканалу «Белсат» ужо 17 гадоў, што адбываецца цяпер?
Аўдыё
  • Цяпер «Белсат» мае 3,5–4 гадзіны жывога эфіру штодзень, застаецца вытворчасць публіцыстычных, тэматычных праграм.
 .
Аляксей Дзікавіцкі.Radyjo.net

Будучыню польскага тэлеканал «Белсат» для Беларусі пасля звальнення з пазіцыі кіраўніка дырэктаркі і заснавальніцы Агнешкі Рамашэўскай-Гузы абмяркоўваюць і беларускія прапагандысты, і журналісты.

Аляксей Дзікавіцкі, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара «Белсата», запэўнівае, што канал будзе працягваць працу, хоць і ў горшых  эканамічных умовах. Адпаведна, гэта прымушае скараціць пэўныя праекты, ці ўвогуле ад нечага адмовіцца.

У прыватнасці, не будзе новых здымак серыяла «Працэсы», на час будзе адмова ад дарагіх праектаў з элементамі тэатральных пастановак, не атрымаецца запусціць бліжэйшым часам тэлевізійную акадэмію «Белсата», што дазволіла б рыхтаваць кадры для канала. Не будзе запуску музычных перадач.

Аляксей Дзікавіцкі асобна згадвае сферу дакументальнага кіно, выпуск такіх стужак таксама істотна скарачаецца. Па-першае, у Беларусі цяпер здымаць немагчыма, па-другое – сродкі.

«Ёсць рэйтынг «адзнятасці краіны ў дакументальных фільмах». Беларусь у гэтым плане слаба даследаваная. Былі гады, калі тэлеканал здымаў да 10 стужак. Гэта нішавая сфера, але добры інструмент для прасоўвання інфармацыі пра краіну. На гэты год у нашых планах вытворчасці пару пазіцый дакументальнага кіно», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Ён запэўнівае, што «Белсат» не пераўтворыцца ў цалкам інфармацыйны канал, ёсць місія і публіцыстычная, дакументальная прадукцыя – частка гэтай місіі.

Цяпер «Белсат» мае 3,5–4 гадзіны жывога эфіру штодзень, ён застаецца каналам з разнастайным напаўненнем – ад інфармацыйных перадач да публіцыстычных, гістарычных.

«Гістарычная праграма не набярэ столькі праглядаў як актуальная інфармацыйная. Тым не менш мы іх робім. Тэлебачанне каштуе вялікіх сродкаў, і заўсёды ёсць дылема: перакінуць грошы на інфармацыйную частку ці скіраваць на праект», – кажа Аляксей Дзікавіцкі. 

Дзікавіцкі кажа, што на аб’ёмы затрат уплывае і шматплатформеннасць: кантэнт канала распаўсюджваецца ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках, на YouTube, канал даступны ў сетцы наземнага вяшчання ў Польшчы і Літве, ёсць спадарожнікавая трасляцыя. Кіраўніцтва канала мяркуе, што спадарожнікавае вяшчанне мусіць абавязкова заставацца з улікам магчымых блакіровак інтэрнэта ў рэгіёне.

«Цяпер на 20 чалавек, якія рыхтуюць інфармацыйную тэлевізійную праграму, хіба што столькі ж займаюцца распаўсюдам гэтага кантэнту», – падкрэслівае Дзікавіцкі.

Але што ж з фінансамі? Тэлеканал запрошваў у Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое з’яўляецца галоўнай крыніцай фінансавання, 75 млн злотых, пацверджана фінансаванне на 40 млн злотых.

Вытворчасць рускамоўных перадач застаецца за «Белсатам», але дыстрыбуцыя іх пашырыцца. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з каналам TVP World наконт перакладу на англіскую мову і рэтрансляцыі перадач. Гэты канал будзе фінансаваць вытворчасць «Белсатам» рускамоўных перадач, агулам на 14 млн злотых у бягучым годзе.

Дзікавіцкі падкрэслівае, што «Белсат» робіць якасныя і недарагія па сабекошту інфармацыйныя рускамоўныя прадукты.

«Пажаданні МЗС былі сказаныя адным сказам: сетка Белсату мусіць быць больш прывабнай. Але гэта няяснае патрабаванне. Дадам, што рабіць сетку ці новыя праграмы не так проста ва ўмовах абмежаванага фінансавання», – кажа новы кіраўнік «Белсата».

Ён запэўнівае, што за 17 гадоў працы тэлеканала ніхто звонку не даваў указанняў, як калектыў мусіць працаваць і пра што паведамляць.

Адміністратар беларускамоўнай тэлерэдакцыі «Белсату» Ігар Кулей кажа, што 75-80% праглядаў на YouTube прыходзіцца на аўдыторыю ўнутры Беларусі.

Метрыкі фіксуюць каля 800 тысяч беларускіх IP-адрасоў штомесяц, але людзі сталі рэдка глядзець перадачы.

Найбольшы трафік маюць рускамоўныя перадачы праграмы «Вот так», прычым на YouTube прыкладна 7-10 % гэтых праглядаў прыходзіцца на Украіну.

Праграму «Вот так» на YouTube з Расіі глядзяць 4,5-5 млн чалавек у месяц. 

Прадстаўнікі тэлеканала ўпэўненыя, што яны не сталі эмігранцкім медыя, нягледзячы на складаную сітуацыю: немагчымасць працаваць унутры Беларусі журналістам, цяжкасці з атрыманнем інфармацыі і гэтак далей.

Цяпер на тэлеканале працуе каля 300 чалавек з улікам тэхнічнага персаналу.

вх