Беларуская Служба

«Трэба імкнуцца да таго, каб час пра поўныя перамовы аб вызваленні палітвязняў надышоў як мага хутчэй»

21.03.2024 14:40
Еўрадэпутат ад Польшчы і Беларускі дом у Варшаве ініцыявалі ў Еўрапейскім парламенце выставу пра беларускіх палітвязняў.
Аўдыё
  • У Еўрапарламенце згадалі беларускіх палітвязняў.
     .   -  .
Выстава пра беларускіх палітвязняў у Еўрапарламенце. У цэнтры - Алесь Бяляцкі. Фота: Беларускі дом у Варшаве

У Еўрапейскім парламенце з нагоды Дня волі згадалі беларускую тэматыку. З аўторку па чацвер там праходзіць выстава, прысвечаная беларускім палітвязням, у цэнтры экспазіцыі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Арганізатары прапануюць ісці на перамовы з рэжымам Лукашэнкі, каб дабіцца вызвалення палітвязняў.

25 сакавіка беларусы адзначаюць гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне Дня Волі праходзіць у розных краінах свету, у тым ліку ў Бруселі, дзе знаходзіцца адна з важнейшых устаноў аб’яднанай Еўропы – Еўрапарламент. Дэпутаты гэтай установы вырашылі нагадаць сваім калегам пра тое, што беларусы змагаюцца не толькі за сваю свабоду, але таксама за сістэму бяспекі ў Еўропе. Таму для іх важныя жэсты падтрымкі, асабліва ў адносінах палітвязняў. Гаворыць ініцыятар мерапрыемства дэпутат ад Польшчы Анджэй Галіцкі (Andrzej Halicki).

- За нашай усходняй мяжой ёсць амаль 1500 палітычных вязняў. Беларускае грамадства знаходзіцца пад прэсінгам. Рэжым Лукашэнкі прымусіў яго сілай, рэпрэсіямі замаўчаць. Кожны кантакт з рэпрэсаванымі важны – мы высылаем паштоўкі вязням, пасылкі членам іх сем’яў. Гэта жэсты памяці. Калісьці для нас вельмі важнымі былі такія жэсты, якія мы атрымлівалі з краін вольнага свету. Яны давалі надзею, што калісьці будзе свабодная, дэмакратычная Польшча. Калісьці будзе свабодная, дэмакратычная Беларусь. І горды беларускі народ чакае, што ён пачне ўдзельнічаць у жыцці свабодных дзяржаў, таксама, як мы ўсе.

Выстава, у цэнтры якой знаходзіцца партрэт Алеся Бяляцкага, была адкрытая з нагоды ўгодкаў Плошчы 2006 года і прымеркаваная да ўгодкаў абвяшчэння БНР. Еўрапарламент, канешне, не мае інструментаў дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў, але ён можа сваімі дыпламатычнымі каналамі аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Фокус увагі свету перамясціўся з Беларусі яшчэ тры гады таму на вайну ва Украіне, што пачалася больш за два гады таму, і пазней да канфлікту на Блізкім Усходзе. Таму неабходна выкарыстаць кожную нагоду, каб успомніць у важных міжнародных установах пра рэпрэсіі ў Беларусі, – упэўнены старшыня фундацыі «Беларускі дом» у Варшаве Алесь Зарэмбюк, які выступіў у якасці аднаго з арганізатараў мерапрыемства.

- Мы заклікалі міжнародную супольнасць, каб яшчэ больш увагі было да палітвязняў і іх сем'яў. Гэта галоўнае зараз пытанне – захаваць, на колькі гэта магчыма, здароўе гэтых людзей, зрабіць усё магчымае, каб вызваліць іх з турмаў, у якіх іх штодзённа катуюць. Еўрапарламент не мае інструментаў, каб вызваліць палітвязняў. Але ж заўжды адбываюцца нейкія кнатак4ты з афіцыйным Мінскам. І калі сёння няма спрыяльных умоваў, трэба імкнуцца да таго, каб час пра поўныя перамовы і пра вызваленне палітычных вязняў надышоў як мага хутчэй. І ўжо дыпламатычнымі каналамі ці асобныя дзяржавы, ці некалькі дзяржаваў, не абавязкова Еўрапейскі Саюз, дамаўляліся з рэжымам. Ключы ад замкоў і дзвярэй лукашэнкаўскіх вязніцаў знаходзяцца ў руках прадстаўнікоў лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта рэальнасць, у якой мы жывем, з гэтага трэба сыходзіць. У турмах багата жанчын, соткі тысяч дзяцей без сваіх бацькоў. Гэта галоўнае пытанне.

Аб беларускіх палітычных зняволеных казала на сустрэчы з нагоды адкрыцця выставы і лідарка вольнай Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна папрасіла не забываюць пра барацьбу беларусаў з рэжымам.

- Беларусы часам адчуваюць сябе кінутымі і забытымі. Яны адчуваюць, што ім не надаюць дастаткова ўвагі. Людзі павінны бачыць, што іх барацьбу падтрымліваюць, што іх саюзнікі знаходзяцца побач. Мы павінны абараняць каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрапейскі саюз. Мы іх абараняем, мы змагаемся за іх. Вось чаму я лічу маральным абавязкам дапамагаць тым, хто знаходзіцца на перадавой барацьбы з тыраніяй. Заставайцеся з намі. Мы не просім вас змагацца за нас, дапамажыце нам змагацца.

Святкаванне беларускага Дня Волі ў Бруселі пачалося з адкрыцця выставы, прысвечанай лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, якога рэжым Лукашэнкі кінуў у турму. Выстава носіць назву «Я не баюся, хай яны баяцца». Беларускі Свабодны тэатр прадставіў спектакль, у якім выступілі маладыя беларусы і распавялі пра барацьбу з рэжымам Лукашэнкі, вайну ва Украіне і жыццё бежанцаў у Еўрасаюзе.

IAR/нг