Беларуская Служба

Вялікдзень ва ўспамінах калег: «Печ у бабы хадзіла хадуном»

01.04.2024 14:44
Пра народныя традыцыі з першых вуснаў – паразмаўлялі з калегамі з Беларускай рэдакцыі Польскага радыё пра тое, як у іх дзяцінстве святкавалі Вялікдзень. Запрашаем паслухаць гэтую размову пра сямейныя гісторыі.
Аўдыё
  • У савецкі час касцёлаў не было і традыцыя святкавання заставалася ў сям’і.
.
.kaczor58/Shutterstock.com

Суразмоўцы — гэта Юрый Ліхтаровіч, Наталля Грышкевіч, Яланта Смялоўская, Алена Вялічка і Валер Саўко. Яны падзяліліся сваімі цёплымі згадкамі пра дзяцінства, а некаторыя распавялі, як жыццё ў Польшчы змяніла іх сямейную традыцыю.

Слухайце размову цалкам у далучаным файле!

Юрый Ліхтаровіч: Я паходжу з Цэнтральнай Беларусі, гэта гістарычная Віленшчына. Але з бацькавай сям'і амаль нікога там не засталося - людзі з'ехалі пасля вайны ў Польшчу. Таму мае традыцыі - гэта традыцыі з Заходняй Беларусі паміж Свіслаччу і Ваўкавыскам. Як дзіця я праводзіў там амаль усе летнія канікулы, а часам і зімовыя.

Сям’я была каталіцкая. Але ў вёсцы жылі і праваслаўныя, таму Вялікдзень свякавалі, так бы мовіць, узаемна: хадзілі віншаваць адзін аднаго.

У савецкі час касцёлаў не было і традыцыя святкавання заставалася ў сям’і. А напрыканцы 1980-ых – пачатку 1990-ых, калі адкрыліся касцёлы, з’явілася традыцыя ехаць раніцай на шэсце, ранішнюю імшу. Жанчыны ездзілі на ўсюночную, у Польшчы, дарэчы, такога асабліва і няма — рэдка хто ходзіць у касцёл на ўсю ноч.

Пасля касцёла быў сняданак дома - казалі, што трэба «разгавецца».

Перад Вялікаднем заўсёды білі свінню, часам ягнё ці цяля, які ўжо год быў. Пяклося вельмі шмат. Тыдзень перад Вялікаднем –  гэта яшчэ пост, нічога такога есці нельга. І калі я прыязджаў дзіцём, то гэта былі сапраўдныя пакуты: смакоцці, пахі такія! Печ у бабы хадзіла хадуном:  мясныя стравы, пірагі, канешне.

Уся сям’я днём на Вялікдзень сядала за абед, у маіх успамінах гэта радаснае свята. Спачатку, канешне, Вялікі пост і трэба было адмаўляць сабе ў розных прыемнасцях, але потым усе збіраліся — файная атмасфера.

Наталля Грышкевіч: (Наталля паходзіць з Мінска. — Рэд.) Я зусім не памятаю традыцый з дзяцінства, звязаных з Вялікаднем. Можа, гэта таму, што мяне і брата выхоўваў толькі бацька і яму было не да таго. Я сутыкнулася з рэлігійнымі традыцыямі ўжо ў Польшчы, асабліва калі выйшла замуж за майго мужа, за паляка. Тут зразумела, наколькі гэта важнае рэлігійнае свята. У Польшчы заўсёды ідзе «спрэчка»: што важней — Божае нараджэнне ці Вялікдзень?

Цяпер, канешне, мы адзначаем Вялікдзень. Але я не прымаю так блізка да сэрца рэлігійныя святы, напрыклад, як мой муж, бо ён глыбокаверуючы чалавек. І для яго важнейшая не кулінарная, а рэлігійная традыцыя, то бок пайсці перад Вялікаднем на споведзь, на рэкалекцыі. Для яго гэта больш важна, чым святочны стол. Муж Анджэй з дзецьмі традыцыйна рыхтуе кошыкі з ежаю да асвячэння ў касцёле.

Перад святамі заўсёды шмат працы ў рэдакцыі, таму часу на гаттаванне застаецца няшмат. Таму прызнаюся, што многае набываем ужо гатовае. Абавязкова павінны быць на стале яйкі як сімвал Вялікадня і розныя слодычы – дзеці заўсёды чакаюць, калі скончыцца велікоднае сняданне і можна будзе прыступіц да салодкага.


Яланта Смялоўская (Яланта паходзіць з польскага Падляшша, з праваслаўнай мясцовасці. — Рэд.) Рэлігійнае святкаванне ў нас вызначалася тым, што ў суботу ў царкве асвячалі ежу, рыхтавалі для гэтага кошыкі, у якіх былі пасха – дражджавая салодкая булка, і ў гэтай пасцы мусіла быць месца, куды ставілі свечку, –  каўбасы, бочак, сальцісон.

Перад Вялікаднем у нас білі свінню, рахтавалі розныя мясныя стравы, гэта шмат працы і я не асабліва любіла такую працу, калі шмат сала, якое трэба рэзаць, смажыць, каўбасы залівалі тлушчам у саганах і яны стаялі потым у каморы.

Для мяне пах Вялікадня – пах каўбасаў, вяндлін, гэта мой успамін з дзяцінства.

На Вялікдзень мая баба хадзіла ў царкву, часам брала мяне з сабою, але для мяне як для дзіцяці гэтыя службы здаваліся вельмі доўгімі.

Адзінай каталічкаю ў нашай вёсцы была мая мама, але і яна прыняла праваслаўе. Таму ўсе ў нас былі праваслаўныя, і вёска называецца Кошкі.

Да Вялкадня таксама трэба было падрыхтаваць хату. І мы з сяброўкаю спаборнічалі, хто хутчэй усё перамые. Да свята мылі фіранкі, накрухмальвалі і прасавалі сурвэткі, каб яны «стаялі».

Таму другі пах Вялікадня – пах свежага паветра ў доме, якое заносілася тымі самымі вымытымі фіранкамі.

А само свята – гэта час ляноты і адпачынку. Калі мы падраслі, то ўжо сустракаліся кампаніяй, хадзілі на танцы, у тым ліку ў суседнюю вёску.


Алена Вялічка: Паколькі я паходжу з моцна каталіцкай сям’і, то Паску пачыналі святкаваць з Вербнай нядзелі. На Шчучыншчыне ў Гарадзенскай вобласці заўсёды рабілі конкурс на самую  вялікую вярбу — на Вербніцу ў касцёл прыносілі вербы па 4-5 метраў. З гэтага пачынаўся тыдзень падрыхтоўкі да свята. Заўсёды было перажыванне свята Пасхі, падзей з ім звязаных, з Вялікага чацвярга, пятніцы і суботы. Гэта доўгія літургіі, але яны мелі свой духоўны характар.

Уласна Вялікдзень пачынаўся а 5-й раніцы, бо святочная Велікодная імша была а 6-й. І яна заўсёды праходзіла на вуліцы, бо было столькі людзей, што яны не змяшчаліся ў будынку касцёла.

Потым мы прыходзілі дадому на святочны сняданак – пакуль не з’ясі свянцонага, нельга нічога іншага. Са святочных нерэлігійных традыцый з дязцінства мне запомніліся бойкі на яйках – хто паб’е найбольшую колькасць.

Яшчэ ў нашым рэгіёне да дзяцей на Пасху прыходзілі хрышчоныя. Для дзяцей гэта быў дзень, калі атрымлівалі валачоныя – яйка каляровае, цуеркі і абавязкова нейкі падарунак.

У гэтым годзе з сынам рабілі паштоўкі для добрачыннай акцыі, я пачала шукаць вершык-віншаванне, у маім разуменні гэта мусіла б быць віншаванне з рэлігійным сэснсам. Але што не ўпішаш у пошукавік – усё зайчыкі і яйкі. Трэба было вельмі пастарацца, каб знайсці віншаванне, дзе ёсць аднясенне да Бога. І як для чалавека рэлійгійнага мне гэта цяжка ўспрымаць.


Валер Саўко: Я нарадзіўся і правёў дзяцінства ў, бадай што, найбольш польскім раёне Беларусі — гэта Воранаўскі раён. На той час там было, хіба, 90 працэнтаў палякаў як прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. З боку маці сям’я была каталіцкая, мая маці, бабуля хадзілі ў касцёл. Але разам з тым мне падаецца, што Вялікдзень быў больш традыцыйным, чым рэлігійным, маўляў, яго святкавалі шмат гадоў да нас і мы таксама святкуем.

Гэты дзень быў нагодаю для сустрэчы сям’і, родныя прыязджалі з Літвы, з іншых куткоў Беларусі. А я, як маленькі хлопчык, чакаў Вялікдзень, бо прызджалі мае хрышчоныя бацькі і прывозілі падарункі.

Гэта традыцыя на Гарадзеншчыне – на Вялікдзень дзецям хрышчоныя бацькі дораць падарунак.

Прайшло столькі гадоў і я памятаю, як яшчэ ў савецкі час мне падрылі класны экскаватар, які мог чэрпаць зямлю, у ім можна было круціць тросікі. Я быў вельмі шчаслівы і рады гэтаму падарунку.

вх