Беларуская Служба

Сёстры-эмігранткі: “Мы жывём адной думкай – вярнуцца на радзіму”

13.04.2024 06:02
Іх абедзвюх асудзілі за ўдзел у масавых пратэстах. Яны нелегальна перайшлі мяжу, каб не трапіць за краты. У Польшчы працягваюць хадзіць на акцыі арганізаваныя беларускай дыяспарай, каб свет не забыў пра беларускіх палітвязняў і пра тое, што беларусы па-ранейшаму імкнуцца да свабоды.
Аўдыё
  • Сёстры-эмігранткі: “Мы жывём адной думкай – вярнуцца на радзіму”
      ( )
Жанчыны прымалі актыўны ўдзел у пратэстах (ілюстрацыйны здымак)Andrzej Grygiel/PAP

Для нас гэта было непрымальна

Надзея Сцепанцова і Жана Захаркевіч – родныя сёстры. Надзея – інжынер-будаўнік, Жана – юрыст па адукацыі, працавала галоўным спецыялістам у адной з гродзенскіх устаноў.

Сёстры нарадзіліся ў Гродне, вельмі любілі свой горад, нікуды не збіраліся з яго з’язджаць. Праўда, спадарыня Жана ўдакладняе, што ўсё ж часта вандравалі, але заўсёды спяшаліся вярнуцца назад.

Падзеі 20-га году сёстры сустрэлі на вуліцах роднага гораду, паколькі, як згадвае спадарыня Надзея, не маглі мірыцца з тым, што адбывалася тады ў краіне.

- Ну, бо як так магло быць – сфальсіфікаваць выбары, ашукаць свой народ, а потым яшчэ яго і гвалтаваць? Асабіста для мяне гэта было непрымальна.

Непрымальным, паводле спадарыні Жаны як юрыста, былі і вядомыя словы Лукашэнкі, што зараз, маўляў, “не да законаў”.

- Такія выказванні недапушчальныя, тым больш з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Мы, калі хочам лічыцца цывілізаванымі людзьмі, павінны жыць па закону. Дзеля гэтага законы і існуюць. А інакш навошта яны нам патрэбныя, калі бывае часам “не да законаў”? Дарэчы, усе апошнія гады перад выбарамі заўсёды было “не да законаў”. Людзі стаміліся жыць у такім беззаконні. 

Ратавалі тых, каго затрымлівалі

Іх затрымлівалі з іншымі пратэстоўцамі, трымалі ў аўтазаку, дзе не хапала паветра. Яны бачылі, як здзекаваліся над мужчынамі ў пастарунку, на вуліцах падчас хапуну спрабавалі іх ратаваць. Вось толькі цвёрда заўсёды былі ўпэўненыя, што страху ў тых варунках не мелі.  

- Ніколі ў нас не было страху. Заўсёды хадзілі на пратэсты ў першых шэрагах. І нават калі на нас завялі крымінальныя справы, мы ўсё роўна выходзілі пратэставаць. Верылі, што хутка наступіць перамога. І не здаваліся да апошняга. Нас нічога тады не магло спыніць.

Жанчыны згадалі, як аднойчы падчас сутыкненняў з міліцыяй адбілі ў іх хлопца, а яго жонка потым напісала ім і дзякавала за тое, што ўратавалі яе мужа.

- Божа, мы столькіх там ратавалі. Аднаго хлопца душылі, а мы крычалі так моцна і адцягвалі тых міліцыянтаў. І яго адпусцілі, а ён ужо аж ссінеў. Можа таму, што мы ім перашкаджалі, крычалі, а мы ж усё ж жанчыны ва ўзросце, можа гэта трохі іх і спыняла.

Цяпер, з вышыні пройдзенага часу, сёстры, аналізуючы тыя падзеі, спрабуюць адказаць на пытанне – чаму тады не ўдалося перамагчы?

- Магчыма, у нас тады не было вартага лідара. Можа трэба было ісці ў вайсковыя часткі, у тыя ж турмы, можа трэба было наагул не зыходзіць з вуліцы, а стаяць да перамогі? А я лічу, што трэба было бараніць кожнага чалавека, а не проста стаяць і крычаць: ганьба! Важна было, каб яны таксама бачылі нашу сілу. 

Уцякалі праз балота 12 гадзін

Супраць абедзвюх сясцёр былі ўзбуджаны крымінальныя справы. Як і іншых, іх вінавацілі ва  ўдзеле ў пратэстах і інкрымінавалі насілле ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Абедзве атрымалі тэрміны – тры і тры з паловай гады “хіміі”.

Ісці сядзець і працаваць на гэты рэжым не захацелі, а таму вырашылі перайсці мяжу і схавацца ў суседняй краіне. Праўда, гэта быў не вельмі просты момант у іх жыцці.

- Дванаццаць гадзін ішлі праз балота і канца краю не бачылі, але ўрэшце ўдалося выйсці адтуль. Гэта быў хіба самы непрыемны момант у нашых прыгодах. А потым ішлі па сцежцы, дзе ездзяць памежнікі, нам ужо было ўсё роўна. Былі ўсе мокрыя, правальваліся, ледзь не патапіліся. Але Бог нас збярог, бо нікога мы там не сустрэлі.

Жанчыны, трохі задумаўшыся, кажуць, што і цяпер гэта ўсё цяжка пераасэнсаваць - яны ніколі ў жыцці не маглі нават уявіць, што менавіта з імі станецца нешта такое, пра што літаратары пішуць кніжкі.

- Самае дзіўнае, што мы вельмі хатнія. Нас і тата з мамай нікуды не пускалі: ні ў якія лагеры ці на бульбу са школай ездзіць. І заўсёды дома пры мужу. А тут… Мы самі не разумеем, як гэта ўсё атрымалася.

Гэта была вялікая трагедыя для сем’яў, згадвае спадарыня Надзея. Ды і судзілі іх па сфальсіфікаваных пратаколах.

- Мне, калі вырак чыталі, то плакала і дачка, і муж плакаў, і сын таксама. А сыну ў гэты дзень 18 год спаўнялася. І мы ж разумелі, што нічога не зрабілі, за што нас можна судзіць. Мы сказалі НЕ фальсіфікацыі і гвалту. За што нас судзіць? 

Мы ідэйныя, будзем выходзіць да апошняга

У Польшчы давялося пачынаць жыццё спачатку. Трэба было шукаць працу, жыллё, неяк жыць. А гэта не так проста, калі ты ўжо немалады чалавек, калі не валодаеш мовай. Заўсёды ратавала тое, што былі разам, падтрымлівалі адна адну. Падтрымалі іх і сябры Саюза палякаў Беларусі.

Зараз працуюць на складзе, камплектуюць заказы. Сродкаў хапае, каб плаціць за кватэру і жыць. Хвалюе іншае, што ў Беларусі надалей палітвязні церпяць у вязніцах. А таму абедзве сястры не перастаюць выходзіць на акцыі арганізаваныя апазіцыяй.

- Мы ідэйныя і будзем выходзіць да апошняга, пакуль хоць адзін палітвязень будзе заставацца за кратамі. Мы проста павінны і далей працягваць крычаць на ўвесь свет пра Беларусь і нашых палітвязняў. А тое, што некаторыя тут сядзяць па хатах, маўляў, стаміліся, то няхай яны падумаюць пра тое, як стаміліся тыя, хто сядзіць у вязніцах за кратамі. 

Эміграцыя – гэта нешта чужое

Абедзве жанчыны прызнаюцца, што эміграцыя для іх - цяжкае выпрабаванне. Асабліва цяжка жыць без сваёй сям’і, цяжка на душы, калі не можаш схадзіць на могілкі да бацькоў, цяжка думаць пра дом, які столькі гадоў будавалі, а цяпер даводзіцца здымаць недзе кватэру.

- Для мяне эміграцыя – гэта нешта чужое. Я не магу да гэтага прызвычаіцца. Мне ўсё тут не так. Мы жывём адным днём, нам не хочацца і мову вывучаць. У нас чамаданы сабраныя, чакаюць. Мы жывём адной думкай - вярнуцца на радзіму.

Трохі задумаўшыся, спадарыня Надзея кажа, што ў Польшчы больш магчымасцяў для жыцця, і яны са сваімі заробкамі могуць тут сабе болей дазволіць, чым у Беларусі.

Сястра дадае, што тут больш свабоды, што людзі ўмеюць жыць, не баяцца гаварыць пра што думаюць. Урэшце, паводле яе, тут людзі больш усміхаюцца, радуюцца жыццю.

- Безумоўна, дзякуй Польшчы, што яна прыняла нас, дала нам бяспеку і так шмат робіць для беларусаў. Але гэта ўсё ж чужая краіна. У яе свае традыцыі, свая культура. Магчыма, і вельмі блізкая да беларускай, але ў той самы час - іншая.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл