Беларуская Служба

«Эміграцыя – гэта цяжка, але яна дае магчымасць жыць далей» – палітэмігрант Іван Каспяровіч

15.04.2024 16:00
Настроены вярнуцца ў Беларусь, нават калі гэта адбудзецца радыкальным шляхам.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант пра 2020 год і жыццё ў Польшчы.
 .
Іван Каспяровіч.Фота: з прыватнага архіву

Падчас пратэстаў ён адміністраваў тэлеграм-канал, дзе выкладваліся звесткі пра міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях. Быў асуджаны “на хімію”, услед узбудзілі другую крымінальную справу, але праз Расію і Украіну дабраўся ў Польшчу. Настроены вярнуцца ў Беларусь, нават калі гэта адбудзецца радыкальным шляхам.

Мяне абудзілі стрымы Ціханоўскага

Іван Каспяровіч - звычайны, як сам кажа, аўтаэлектрык. Займаўся рамонтам пераважна аўтамабіляў, аўтобусаў, іншай тэхнікі. Да палітыкі ў Беларусі не прыслухоўваўся, ставіўся больш абыякава. Яго спакой парушылі стрымы Сяргея Ціханоўскага.

- А потым яго арыштавалі ў Гродне і было зразумела, што гэта была падстава. А калі ўжо пачалася выбарчая кампанія, яго Святлана Георгіеўна прыязджала да нас і я быў валанцёрам на сустрэчы.

А далей пабачыў, як сфальсіфікавалі выбары і нахабна паказалі вынікі, якія з людзей ніхто не прызнаваў. Разам з усімі пайшоў у сваім горадзе да райвыканкаму патрабаваць праўдзівых лічбаў, але дабіцца там нічога не ўдалося.

- Там нам выключалі святло. Пазней даведаўся, што ўнутры будынку знаходзіліся ўзброеныя міліцыянты і цалкам магчыма, што яны маглі б па нас страляць, калі б людзі пайшлі на штурм. Прыязджала і пажарная машына, каб адганяць нас вадой, але людзі не разыходзіліся.

“Дошка ганьбы” была запатрабаванай у міліцыянтаў…

А пазней, паводле спадара, калі пратэсты ў горадзе працягваліся амаль штодзённа, людзей пачалі збіваць.

- Збівалі і хлопцаў і дзяўчат – усіх хто ім трапляўся. Прычым, рабілі гэта ў Лідскім РАУС, там дзе машыны мыюць, каб лёгка было кроў змываць. Я потым многіх, каго збівалі, бачыў. У некаторых цела было проста сіняе…

Ён сам удзельнічаў у пратэстах, але акрамя гэтага стаў адміністратарам канала на якім змяшчаліся звесткі пра міліцыянтаў, якія бралі ўдзел у пабоях і катаваннях.

- Старонка так і называлася: “Дошка ганьбы”. Мне адзін міліцыянт распавядаў, што іх раніца пачыналася з таго, што яны адкрывалі старонку ў інтэрнэце і глядзелі ёсць іх імёны там ці няма.

Асудзілі “на хімію” і завялі яшчэ адну справу

Пратэсты з часам зменшыліся, але спадар Іван працягваў збіраць інфармацыю пра праваахоўнікаў і змяшчаў яе на “Дошцы ганьбы”. За ім пачалі паляваць. Суразмоўца кажа, што нават не ўяўляў тады, што і сярод сваіх, якім давяраў, былі тыя, хто даносіў міліцыянтам.

- Мяне затрымалі і адразу на допыт у ГУБОП. Правялі ператрус у кватэры і гаражы. Забралі ўсе тэлефоны, дасталі з кампутара дзіск і ўсё такое, што пазнаходзілі, то пазабіралі.

Спадара Івана перавезлі ў абласны цэнтр, там ізноў дапытвалі, схілялі да супрацоўніцтва, але нічога канкрэтнага ад яго не дабіліся. Адпусцілі пад заклад, але пераслед на гэтым не скончыўся - узбудзілі крымінальную справу і асудзілі да “хатняй хіміі”. А потым выявілася, што завялі яшчэ адну крымінальную справу нібыта за збор і распаўсюджванне прыватнай інфармацыі аб супрацоўніках міліцыі.

Праз Расію ва Украіну і далей у Польшчу

Знаёмы вывез яго на сваёй машыне ў Расею. Са Смаленска дабраўся да Белгарада, а там, яму дапамаглі патрапіць ва Украіну расейскія кантрабандысты. Але гэта, як згадвае суразмоўца, быў вельмі няпросты шлях: з уцёкамі ад расейскіх памежнікаў, якія па іх стралялі… Кантрабандысты іх выпусцілі з машыны ў лесе гэтым самым адцягнуўшы ўвагу памежнікаў на сябе.

- Адрэналіну хапіла. Тады зіма была, мінус 20, холад, а мы па палях ідзём не ведаючы куды. Убачылі нейкае святло, ідзем на яго. А потым нашы кантрабандысты патэлефанавалі і кажуць туды не хадзіце там памежная застава. Карацей, раніцай нас забралі і прывезлі ў горад, а потым праз некалькі гадзін усё ж перавезлі ва Украіну.

Як і многія, пачынаў з нуля

Нейкі час давялося пажыць і папрацаваць ва Украіне, але зрабіў польскую візу і дабраўся да польскай мяжы дзе і папрасіў міжнароднай аховы. Напачатку знаходзіўся ў лагеры для ўцекачоў, а пазней знайшоў працу і пачаў здымаць кватэру. Згадвае, што не ўсё давалася проста.

- На прадпрыемстве, куды ўладкаваўся, стаўленне было не вельмі прыемнае. Паляк мог сядзець і нічога не рабіць і яму ніхто ніякіх заўвагаў не рабіў. Ты, як толькі стаў і запаліў, то адразу прэтэнзіі, маўляў, не маеш працы. Дарэчы, калі прымалі на працу абяцалі 20 злотых, а потым скінулі да 17злотых за гадзіну. Ну але трэба было з нечага пачынаць, цярпеў. Два месяцы адпрацаваў, трохі назбіраў грошай, знайшоў месца ў Беластоку і пераехаў. Уладкавацца дапамаглі нашы беларусы.

У Беластоку ўладкаваўся працаваць у фірму, дзе ўласнікам быў беларус - рамантавалі аўта. Але і тут  яму не пашэнціла. Гаспадар на такіх, як мой суразмоўца, імкнуўся зэканоміць.

- Ён падмануў мяне з паперамі. Адзін раз дамову на працу заключыў і ўвесь час казаў, што ўсё законна, а потым высветлілася, што я працаваў нелегальна. І калі ў канцы года трэба было атрымліваць паперу аб заробку для падаткавай інспекцыі, то атрымалася, што я за год афіцыйна ў яго зарабіў толькі чатыры тысячы злотых.

Паціхеньку, паціхеньку…

Ізноў стрэс, ізноў давялося шукаць працу. Гэтым разам уладкаваўся ў польскую фірму, дзе з’яўляецца адзіным замежнікам. Рамантуе кары, працай і стаўленнем з боку кіраўніцтва і калегаў задаволены.

- Усе нармальна ставяцца. Што датычыць заробкаў – як хочаш зарабіць, то заробіш. Можаш заставацца пасля працы дадаткова, а там ужо большыя грошы плацяць. Вось так паціхеньку. Купіў машыну недарагую і езджу сабе на працу.

Спадар Іван, разважаючы пра жыццё, кажа, што ў сваім амаль перадпенсійным веку пачаў жыццё амаль з нуля. Але лічыць, што ўжо нешта мае і ёсць планы, як будаваць яго далей.

- Ужо маю дамову на працу, хачу ўзяць крэдыт, каб была нейкая крэдытная гісторыя і буду думаць, каб купіць аднапакаёвую кватэру. Бо навошта плаціць чужому чалавеку, калі тыя самыя грошы можна заплаціць за крэдыт і кватэра будзе твая.

Што датычыць відавочных праблем, якія ёсць у спадара Івана, то суразмоўца прызнаецца, што хацелася б лепш ведаць польскую мову, бо тады адкрываюцца большыя магчымасці ў жыцці. Але, з яго слоў, хадзіць некуды на курсы не стае часу і сілаў.

Любы палітычны эмігрант сумуе па радзіме

Праўда, ён заўважае, што ў Польшчы рабочаму чалавеку, калі ён мае сталую працу, жывецца лягчэй, чым у Беларусі. Маўляў, каб мець такі заробак, як цяпер, у Беларусі яму даводзілася працаваць на некалькіх працах і спаць у суткі па шэсць гадзінаў. Але ў той самы час, суразмоўца, настроены вяртацца на радзіму.

- Я ўсё ж чакаю, што адбудуцца нейкія змены. Нават, калі яны будуць нейкія радыкальныя, то я ўсё роўна паеду туды, каб вызваляць радзіму. Таму я моцна не прывязваюся да Польшчы.

- Значыцца, сумуеце па Беларусі?

- Любы беларус, які патрапіў у эміграцыю з-за палітычнага пераследу, а не прыехаў сюды за доўгім рублём, сумуе па радзіме. А тыя, хто проста грошы зарабляюць, то яны на выходныя ездзяць у Беларусь – ім усё роўна. Ім няма па чым сумаваць, ім пры любой уладзе будзе добра.

Пацікавіўся ў спадара Івана – што для яго азначае эміграцыя. Трошкі задумаўшыся суразмоўца кажа, што гэта азначае, што ён надалей жыве.

- Я ведаю, што міліцыянты мне не прабачылі б тое, што я выкладваў у інтэрнэт звесткі пра іх. А эміграцыя дала мне жыццё і магчымасць далей змагацца з гэтымі пачварамі. Так, эміграцыя гэта цяжка, тут няма ніякага мёду, але ніхто і не абяцаў, што тут будзе нейкі мёд…

Павел ЗАЛЕСКІ

Здымкі з архіва Івана Каспяровіча

 


Іван Каспяровіч. Іван Каспяровіч.
Іван Каспяровіч. Іван Каспяровіч.