Замест турызму і геаграфіі вучылі гісторыю прафсаюзаў і вышэйшую матэматыку
Хрысціна скончыла ў Беларусі факультэт мэнэнджменту ў турызме, працавала ў сістэме грамадскага харчавання. У яе заўсёды была зацікаўленасць турызмам і асабліва вабіла пазнанне традыцый самых розных народаў. Праўда, згадвае, што беларуская адукацыя няшмат давала ведаў у гэтым кірунку.
- У нас так працуе адукацыя беларуская, што нічога пра турызм, ні пра геаграфію не вывучалі. У нас былі такія прадметы, як гісторыя прафсаюзаў, вышэйшая матэматыка. Вось так…
Праўда, праца ёй падабалася, распавядае, што і ўзровень грамадскага харчавання ў Беларусі турысты ацэньвалі даволі высока. Хаця дадае, што нацыянальная кухня ў грамадскім харчаванні займала не галоўнае месца.
Проста да 20-га года ў мяне ўжо быў такі досвед
20-ы год дзяўчына, як сама прызнаецца, сустрэла даволі актыўна. У яе за плячыма быў досвед дзейнасці ў «Маладым фронце». А таму тое, што тады адбывалася на вуліцах Мінску не моцна яе здзіўляла.
- Але я была вельмі радая, што ў такой вялікай часткі насельніцтва тады нарэшце адкрыліся вочы і ўрэшце- рэшт яны наважыліся выйсці і сказаць сваё «не». Я была вельмі радая і шчаслівая, што людзі адчулі ў сабе гэтую моц.
Суразмоўца, згадваючы тыя дні кажа, што ў душы была не толькі радасць, але і адчай, калі яна разам з іншымі дзяжурыла каля Акрэсціна, дапамагала вызваліўшымся з сутак удзельнікам пратэстаў і іх родным. Яна таксама была на сутках, але не гаворыць пра нейкія акалічнасці, бо такое ўжо здаралася раней, і для яе не было нечым новым.
- Проста быў той досвед папярэдняга часу, калі нас таксама збівалі, вазілі ў аўтазаках, дзе мы ляжалі на падлозе тварам у падлогу. Я проста ўжо праз гэта праходзіла, але я і зараз, калі ўзгадваю тыя падзеі, гляджу відэа, чытаю – усё вельмі балюча ўспрымаю. І плачу, бо не ачарсцвела, усё ж нейкая падрыхтоўка да нечага такога была.
Я прыехала сюды ў прыгнечаным стане, без сваёй энергіі…
У Польшчу дзяўчына з’ехала пасля таго, як «Малады фронт» аб’явілі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Тады быў распаўсюджаны, паводле яе, фэйкавы спіс сябраў арганізацыі. Плану на пераезд ніякага не было, усё адбывалася стыхійна, і што рабіць у чужой краіне таксама адразу не ўяўлялася.
- Польшча, безумоўна, была знаёмай мне краінай, але не з пункту гледжання жыцця тут, а проста, як суседняя краіна, мы сюды прыязджалі, але не так, каб жыць. Зараз я ўзгадваю, нядаўна мне сябры нагадалі, калі я прыехала, выглядала прыгнечанай, без сваёй той энергіі. Зараз месяц таму я эвакуявала сюды маму і бачу, як яна перажывае ўсе гэтыя эмацыйныя моманты. І мне сябры кажуць, што два гады таму я была такая самая, уся заціснутая. Нас у Беларусі прызвычайвалі, каб заўсёды ціха, асцярожна хадзіць, каб нідзе нічога. А тут на пачатку наагул нічога не ведаеш у чужой краіне, як і што. Пакрыху знаёмілася з людзьмі, пакрыху пачынала распраўляць плечы, разнявольвацца і адчуваць сябе такім чалавекам, якім была да 20-га году. Пакуль не да канца, але ўсё больш і больш.
Тут многім беларусам не хапае звычайных кантактаў
Хрысціна распавядае, што зараз пачала займацца арганізацыяй канцэртаў беларускіх гуртоў, праўда, удакладняе, што хацелася б больш нечага зрабіць, але мае праблемы з часам.
- У нас ёсць невялічкая суполка сяброў беларусаў і я раблю для нас нейкія імпрэзы, кватэрнікі, прагляды фільмаў, гуляем у нешта і проста размаўляем. Нядаўна прыязджалі да нас знаёмыя, трапілі на такую вечарыну і ім спадабалася, маўляў, так файна, так цёпла, так прыемна. Тут шмат людзей прыехала, і ўсе яны адарваныя ад сваёй радзімы, сваёй сям’і, ад сяброў, ад звычайных чалавечых стасункаў. Людзям не хапае кантактаў і яны ўдзячны, калі трапляюць у такое месца. Мне б хацелася яшчэ значна больш рабіць, бо шмат думак і ідэй, але часу на ўсё не стае.
Здаецца, палякі самі не гатовыя да больш шчыльных стасункаў з намі
Што датычыць таго, наколькі інтэгравалася ў польскае грамадства, то сама кажа, што хоць і працуе сярод палякаў і вучыць мову, але нейкай шчыльнай інтэграцыі пакуль не адчувае.
- І я не так, як іншыя, выбіраю цырульніка, каб быў абавязкова беларус, ці запісацца да лекара толькі беларуса. Не, у мяне няма з гэтым праблемы. Але мне падаецца, што польскае грамадства недастаткова хоча пускаць да сябе. Бо здаецца ўсё нармальна, размаўляеш, але, што датычыць больш шчыльных стасункаў, мне здаецца, яны самі не гатовыя да гэтага. Нас жа тут так шмат.
Я ніколі не марыла пра эміграцыю
А яшчэ дзяўчына распавядае, што за два гады не вельмі прызвычаілася да польскай кухні, а таму гатуе больш сама дома. А вось што датычыць польскай культуры, то па магчымасці імкнецца цікавіцца многім.
- Як бы далучэнне да гэтай культуры і ёсць частка інтэграцыі, і мне не хочацца ўвесь час сядзець у беларускім асяроддзі, ладзіць канцэрты. Мне таксама хочацца больш польскай культуры, але на ўсё не стае часу. Я з вялікай павагай стаўлюся да польскай культуры, дома гляджу старыя польскія фільмы, слухаю польскую музыку.
Але і па Беларусі, прызнаецца Хрысціна, таксама сумуе. Але сумуе па той краіне, якой, як з жалем зазначае, больш ужо няма. Сумуе па родных і блізкіх, па некаторых куточках у Мінску, куды любіла прыходзіць. А таму, калі сітуацыя зменіцца, абавязкова вернецца дамоў.
- Я ніколі не марыла пра эміграцыю, ніколі нікуды не хацела з’язджаць, і для мяне Беларусь заўсёды была найлепшай краінай для жыцця. Некаторыя кажуць, што там нечага не хапае. Але я заўсёды хацела не з’ехаць туды, дзе лепш, а прывесці лепшае ў сваю краіну, каб зрабіць яе краінай мараў. Таму я сто адсоткаў вярнуся. Я не эмігрант па сваёй натуры і хачу дамоў.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл