Беларуская Служба

Фельетон: Краіна строгага рэжыму

30.05.2024 08:34
«Пярлінаю» ў кароне сістэмы ціску на палітзняволеных у калоніях сталі новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага Кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Ілюстрацыйны здымакvero_vig_050/Pixabay

У аўторак у Магілёве прайшоў форум дзяржаўных СМІ, на якім прысутнічаў чалавек, які сцвярджае, што яго ў якасці кіраўніка дзяржавы падтрымлівае каля 80 працэнтаў беларусаў. Вось так – не болей і не меней. Сказаныя ім там словы пра дзейнасць падкантрольных дзяржаве СМІ (а ўсе астатнія ўнутры Беларусі ўжо знішчаныя) можна ўспрымаць у больш шырокім сэнсе – як праграмнае стаўленне цяперашняй улады да грамадства за год да чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

«Трэба актывізаваць прапаганду і контрпрапаганду, ідэалагічную працу. Хачу, каб гэтаму вучыліся маладыя журналісты. Не трэба саромецца гэтых слоў і паняццяў. А можа, на Захадзе іх няма? Ёсць. Яны проста назвалі гэта іншым словам – PR, то бок праца з грамадскай думкай. Сутнасць адна», – сказаў Лукашэнка.

«Не трэба нас карміць усялякімі размовамі пра нібыта незалежныя СМІ і дэмакратычныя каштоўнасці. Мы бачым, як яны кідаюць сваіх журналістаў у турмы, зачыняюць СМІ і пераследуюць усіх, хто адважваецца не пагаджацца з палітыкай і дзеяннямі ўладаў. Некаторыя могуць спрабаваць параўноўваць гэта з сітуацыяй у Беларусі ў 2020 годзе, але гэтае параўнанне абсалютна няправільнае (…) мы асудзілі журналістаў за парушэнне закона», – дадаў ён.

Гэтыя красамоўныя словы беларускага дыктатара, сказаныя ў кантэксце перадвыбарчага года, зʼяўляюцца дэ факта абʼявай аб працягу палітыкі рэпрэсій супраць грамадства – а яны доўжацца ўжо больш за чатыры гады. Па сутнасці, апошнія недабіткі законнасці ў Беларусі перасталі дзейнічаць у жніўні 2020 года – пасля знакамітай заявы Лукашэнкі перад кіраўніцтвам сілавых ведамстваў дзяржавы – «інагда не да законаў». Гэтая фраза сталася цяпер чарговай мянушкаю беларускага дыктатара, якога так часцяком і называюць у сеціве – Інагдой Недазаконавым.

Але рэжымныя сілавікі ў нас кемлівыя – яны зразумелі – паперла! Вось карт-бланш на расправу з нязгоднымі. І ў Беларусі пачалася сістэматычная аблава на ўсіх, хто хаця б раз палітычна «выхіліўся» па-за адзіна правільную ідэалагічную лінію. Горш за ўсё прыйшлося тым, хто трапіў у базу «Беспарадкі» – гэта значыць, быў затрыманы або зняты на відэа падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Лукашэнкаўскія ўлады адкінулі нават уяўную адпаведнасць пераследу крымінальна-працэсуальным нормам – «палітычны» мае быць асуджаны незалежна ад абставін справы.

Спачатку людзі атрымлівалі толькі штрафы ці адміністрацыйны арышт. Праз некалькі месяцаў пасля пратэстаў пачаліся больш жорсткія прысуды ў крымінальных справах. Прычым за тое ж, за што раней не саджалі. Прынцып «non bis in idem» – не караць двойчы за тое самае? – Не, не чулі. Спачатку пратэстоўцам ляпілі за гэта ад аднаго да трох гадоў зняволення на розных рэжымах. Затым – яшчэ праз некалькі месяцаў – ужо ад ад двух да пяці. А з вясны 2022 году – з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны – беларускія ўлады зусім перасталі стрымлівацца. Журналісты, блогеры – і нават шараговыя каментатары інтэрнэт-пастоў сталі атрымліваць прысуды ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У крымінальным кодэксе Лукашэнкі ёсць каля 10 прыдатных для гэтага артыкулаў – ад «абразы прэзідэнта», «паклёпу на прадстаўніка ўлады» і «распальвання іншай сацыяльнай варожасці» – ажно да «дзяржаўнай здрады». На кожнага затрыманага звычайна «вешаюць» па некалькі штук – каб дадаць да пакарання як мага больш гадоў. Суды ў Беларусі цяпер не суды, а толькі падпісанты прысудаў. Працэнт апраўдальных прысудаў па крымінальных справах у краіне за апошнія гады знізіўся прыкладна да 0,2 адсотка. Гэта ў некалькі разоў менш, чым у Савецкім Саюзе ў часы піку сталінскіх рэпрэсіяў.

Не праходзіць і тыдня, каб беларускія праваабарончыя арганізацыі – цяпер ужо толькі за мяжою – не прызналі новымі палітвязнямі чарговыя некалькі дзясяткаў чалавек. Колькі іх увогуле – палітвязняў у Беларусі? Гэта вельмі цікавае пытанне – таму што ніхто дакладна не ведае. Афіцыйна прызнаных – больш за тысячу. Але з многіх рэгіёнаў Беларусі інфармацыя пра асуджаных па палітычных працэсах зусім не даходзіць.

Сваякоў асуджаных міліцыя і спецслужбы запалохваюць, каб не выносілі справы іх блізкіх у галоснасць – «бо там, дзе яны ёсць, ім будзе горш». І гэта сапраўды так, бо людзі, якія ўжо адбылі палітычнае пакаранне ў Беларусі, называюць лукашэнкаўскую пенітэнцыярную сістэму «катавальняю».

Калі палітвязняў адпраўляюць у калоніі, ціск на іх працягваецца: у іх адбіраюць тэлефоны, спатканні і перадачы, змяшчаюць у штрафны ізалятар ці турму без магчымасці выйсці на паветра – так званыя ПКТ. Акрамя таго, кожны, хто быў асуджаны па артыкулах аб барацьбе з апазіцыяй, павінен падчас знаходжання ў зняволенні насіць на вопратцы жоўтую бірку – гэта дадатковая стыгматызацыя і сігнал для адміністрацыі турмаў і калоній.

«Пярлінаю» ў кароне сістэмы ціску на палітзняволеных у калоніях сталі новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага Кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Нават сядзенне на падлозе ці размова з суседам можа стаць падставай для ўзбуджэння такой справы – і да любога пакарання будзе даданы год зняволення.


Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, апублічаных «Вясною» па стане на 24 траўня цяперашняга году, як мінімум 76 палітвязняў пераведзеныя ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за гэтае нібыта злоснае непадпарадкаванне, яшчэ супраць 38 узбуджаныя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса. І яшчэ як мінімум 114 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за «парушэнне ўнутранага распарадку калоній».

Да падзей 2020 года ў Беларусі па арт. 411 Крымінальнага кодэксу судзілі толькі двух палітвязняў: у 2012 годзе – Змітра Дашкевіча і ў 2015 годзе – Міколу Дзядка, але цяпер такіх спраў дзясяткі. Зразумела, яны звычайна распачынаюцца, калі да канца адбывання пакарання палітзняволенаму застаецца дзясятак-другі дзён. Ёсць і іншыя спосабы псіхалагічнага знішчэння людзей – напрыклад, палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі – напісала «Вясна».

Як кажуць пасля выхаду на ўмоўную «волю» палітвязні, камеры ў калоніях Беларусі нагадваюць звычайную турэмную камеру, у якой «шконка» адшпільваецца ад сцяны толькі з 21 да 5 гадзіны раніцы. З сабой нельга браць асабістыя рэчы, толькі туалетную паперу, мыла, ручнік, зубную пасту і шчотку. Там у любы момант могуць быць забароненыя доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя сустрэчы, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем тэлекамунікацыйных сістэм, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, грашовых пераводаў і бандэроляў, адпраўка і атрыманне лістоў, нават гульні ў настолкі і курэнне. Палітвязням не даюць пасцельнага і не выводзяць на прагулкі.

Гэта залежыць толькі ад адміністрацыі – якая, паводле зняволеных, атрымала загад зверху аб максімальных рэпрэсіях супраць асуджаных апазіцыянераў. Зняволеным, пераведзеным у ШІЗА, выдаецца спецыяльнае адзенне, на якім вялікімі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін знаходжання зняволенага там – 10 дзён. Але каб трымаць там чалавека як мага даўжэй, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар.

Як адзначаюць палітвязні, умовы ўтрымання ў ізалятары вельмі цяжкія і могуць расцэньвацца як катаванні. Камера вельмі маленькая і халодная. Увесь час зняволеныя могуць толькі хадзіць па камеры або сядзець на каменным «пуфіку», як яго называюць супрацоўнікі калоніі. Нельга сядзець на падлозе – за гэта можа быць накладзенае чарговае спагнанне.

Напрыклад, паводле звестак «Вясны», у гомельскай жаночай калоніі № 4 у жанчын забіраюць вопратку і выдаюць турэмныя робы. Пры гэтым прымушаюць здымаць панчохі і легінсы, а гэта значыць, што нават зімой вязняркі застаюцца там з голымі нагамі. Таму асуджаныя абмотваюць ногі туалетнай паперай. Таксама ўжо больш за паўтара гады на загад кіраўніцтва калоніі палітвязняркам не выдаюць пасцельнае, таму ім няма чым прыкрыцца. Для жанчын такія ўмовы – катаванне з прычыны пастаяннага холаду. Акрамя таго, у ізалятары кожную раніцу ў камеру на падлогу заліваюць пяць літраў «хлоркі» – дэзынфікуючы вадкасці з высокай канцэнтрацыяй хлору, якая выклікае слязлівасць вачэй і нават ваніты. Усё гэта – нібыта – «для гігіены».

«У крытай турме – так званым ПКТ – у камерах таксама сыра і холадна, ці проста холадна. У некаторых камерах лава і стол цалкам жалезныя, і сядзець на такіх лаўках немагчыма, асабліва калі ў камеры халадэча. Звычайна з надыходам зімы ацяпленне зводзяць да мінімуму, каб нанесці псіхалагічную і фізічную шкоду зняволеным. У такіх умовах немагчыма сядзець ці ляжаць у камеры, гадзінамі стаіш ля цёплай трубы. Увечары адна твая думка і мара, каб табе выдалі матрац, на якім можна было б легчы. Засынаеш фізічна і маральна знясіленым», – сказаў праваабаронцам былы палітвязень бабруйскай калоніі № 2.

Але нават калі вам пашанцуе і вы выйдзеце на волю пасля адбыцця пакарання, апазіцыянераў усё часцей на так званай «волі» чакаюць новыя рэпрэсіі – іх зноў затрымліваюць і судзяць па «палітычных» абвінавачаннях – цяпер ужо як рэцыдывістаў. Адзіны спосаб засцерагчы сябе ад гэтага – як мага хутчэй зʼехаць за мяжу. І нават гэта няпроста, бо база дадзеных аб вышуку ў Расеі і Беларусі цяпер супольная. Пры перасячэнні мяжы цябе могуць зноў затрымаць – і выбрацца з гэтага новага ГУЛагу для чалавека, ужо амаль закатаванага лукашэнкаўскай турмой – немалая праблема.

Ці ведае пра гэта свет? – Ці няўмольныя законы выцяснення большай трагедыяй меншых у свеце медыяў робяць наш голас амаль незаўважным на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны? Можа б нам пасаромецца і не казаць пра нашыя параўнальна невялікія ахвяры? Мабыць, усё ж такі не – бо тысячы людзей у нашай краіне пачынаюць свой дзень зашпільваннем турэмнай шконкі а пятай раніцы ў надзеі, што мы так не зробім ніколі.

З Мінску для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк