LA STRADA – гэта незалежная польская няўрадавая арганізацыя, якая існуе з 1995 года і займаецца процідзеяннем гандлю людзьмі ва ўсіх яго аспектах, ад прафілактыкі праз лабіраванне да падтрымкі ахвяр. Уся дзейнасць фонду LA STRADA падпарадкавана ідэі правоў чалавека. Беларуская служба папрасіла старшыню фонду, вядомую польскую праваабаронцу Ірэну Давід-Ольчык (Irena Dawid-Olczyk) наблізіць сучаснае паняцце гандлю людзьмі:
– Вызначэнне гандлю людзьмі, якое паходзіць з Канвенцыі ААН супраць арганізаванай злачыннасці, вельмі шырокае. У ім гаворыцца аб вярбоўцы людзей з выкарыстаннем розных метадаў, такіх як падман, махлярства і г.д., з мэтай іх эксплуатацыі, што важна, нават з іх згоды, то бок чалавек, які эксплуатуецца, пагаджаецца, і ўсё ж гэта гандаль людзьмі, эксплуатацыя ў розных, я бы сказала, галінах гаспадаркі. Усіх больш за ўсё цікавіць сексуальная эксплуатацыя, але на дадзены момант, безумоўна, найбольш ахвяраў прымусовай працы ў Польшчы.
Гэтыя людзі часта альбо не маюць кантрактаў, альбо вельмі яны нявыгадныя. Гэта людзі, якія запалоханыя і не могуць пакінуць працу, таму што ім альбо няма куды ісці, альбо яны баяцца, што больш не атрымаюць грошай. А часам яны працуюць практычна год, атрымліваючы нейкую дробязь на ежу.
LA STRADA займаецца абаронай і перадухіленнем гандлю людзьмі ў Польшчы на працягу 28 гадоў, дык як змяніўся профіль ахвяры гандлю людзьмі ў Польшчы за гэтыя тры дзесяцігоддзі? З чым мы маем справу сёння? Пра якія этнічныя групы ідзе гаворка? І для параўнання, як гэта выглядала нядаўна?
– Калі я пачынала працаваць, у 1990-я гады, гэта былі пераважна маладыя жанчыны з Польшчы, якія выязджалі за мяжу ў Заходнюю Еўропу. А цяпер гэта наёмныя работнікі, то бок людзі ад 20 да 40 гадоў, найчасцей з розных краінаў, нярэдка з сярэдняй адукацыяй.
Але мне здаецца, што цяжка казаць пра нейкую канкрэтную групу ці нейкі канкрэтны профіль ахвяры. Таму што гэта могуць быць кітайцы, філіпінцы, гватэмальцы, гэта таксама могуць быць палякі, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Гэта людзі ў крызісе, якія з розных прычыны дазваляюць сябе эксплуатаваць. І прычыны гэтыя абсалютна розныя.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у Польшчы ў разы павялічылася колькасць уцекачоў. Бяспечны прытулак тут знайшлі сотні тысяч украінскіх жанчын з дзецьмі. Таксама пасля паразы беларускай рэвалюцыі 2020 года ў Польшчы прыбывае плынь беларусаў. Ці гэтыя сацыяльныя групы ўразлівыя ў плане гандлю людзьмі?
– У меншай ступені жанчыны-ўцекачкі з Украіны, бо яны атрымлівалі адпаведную дапамогу, інфармацыю, бо былі структуры, на якія можна было абаперціся.
Мы не ведаем, што будзе далей, калі гэтая дапамога зменшыцца. Мы таксама непакоімся, што сярод гэтых людзей могуць быць тыя, якія могуць не справіцца, якія не знойдуць працу і якія будуць настроеныя рашуча, будучы ў роспачы. Яны прымуць любую прапанову, і гэтыя прапановы могуць быць небяспечнымі.
У польскіх СМІ зʼяўлялася шмат інфармацыі аб тым, што грамадзяне Гватэмалы сталі часцей быць ахвярамі гандлю людзьмі. Паводле вас, праз гэта ў Варшаве нават была адчынена амбасада Гватэмалы.
– Гэта мая ацэнка, бо першапачаткова яны дапамагалі сваім грамадзянам з амбасады ў Берліне, а цяпер у нас ужо ёсць іх амбасада ў Варшаве. Прычыны ўразлівасці некаторых груп могуць быць рознымі.
Напрыклад, мы баімся сітуацыі ўкраінцаў прызыўнога ўзросту, калі яны не маюць дакументаў і не змогуць легальна знаходзіцца ў краінах Заходняй Еўропы. Затым яны таксама могуць зрабіць выбар, які падвергне іх рызыцы эксплуатацыі.
Дазвольце вярнуцца да папярэдняга пытання і ўдакладніце пра грамадзянаў Беларусі, ці яны часта робяцца ахвярамі гандлю людзьмі ў Польшчы?
– Раней у нас было шмат сітуацый, звязаных з Беларуссю, але не зараз. Людзей з Беларусі ў такім крызісе мы амаль не сустракаем, але цалкам выключаць такую практыку нельга.
Калі глядзець на праблему гандлю людзьмі з перспектывы вашай 30-гадовай працы ў фондзе LA STRADA, ці ў Польшчы сітуацыя з гэтай праблемай паляпшаецца, ці пагаршаецца?
– Ахвяры гандлю людзьмі могуць быць легалізаваныя ў Польшчы, нават калі яны былі нелегалам 20 гадоў. У нас быў такі выпадак некалькі гадоў таму, чалавек, які стаў ахвярай гандлю людзьмі ў пачатку 1990-х гадоў, ён, напэўна, быў цывільным супрацоўнікам Групы савецкіх войскаў у Легніцы.
Так што пацярпелыя маюць права на дапамогу, яны маюць права на сацыяльную дапамогу. Кожны чалавек, які да нас звяртаецца і якога мы вызначаем як ахвяру гандлю людзьмі, незалежна ад таго, што думаюць праваахоўныя органы, мы паспрабуе яму дапамагчы, нават калі гэта вельмі цяжка. І я думаю, што гэтая дапамога магчымая, я думаю, што дасведчанасць таксама расце.
На апошні трэнінг, які я праводзіла для Нацыянальнай школы судаводства і пракуратуры Польшчы, запісалася 260 чалавек. Людзі хочуць пра гэта даведацца, хочуць гэта зразумець.
А ці польская дзяржава адаптуецца да сучаснага аблічча гандлю людзьмі?
– У нас ёсць Нацыянальны механізм інфармавання для дзяржорганаў, ёсць і канкрэтныя рэчы, ёсць каардынатары ў паліцыі і Памежнай ахове, якія гэтым займаюцца. Я не думаю, што сённяшнюю сітуацыю можна параўноўваць з 1990-мі, але гэты прагрэс яшчэ працягваецца. Безумоўна, ён абумоўлены міжнароднымі абавязацесльтвамі, але не важна, чаму, галоўнае – прагрэс ёсць.
Аднак у Польшчы дагэтуль няма комплекснага Закону па супрацьдзеянню гандлю людзьмі. Навошта закон патрэбны, калі пытанне рэгулюецца ў іншых прававых актах?
– Так, але калі нешта мяняецца, калі гандаль людзьмі дынамічны, калі нешта мяняецца, то трэба мяняць адразу 12 законаў, гэта практычна немагчыма.
Акрамя таго, закон паказаў бы, што гэта важнае пытанне для ўсіх, бо так і на самой справе ёсць. Добра, у пракурора ёсць Крымінальны кодэкс, але калі ён павінен выдаць даведку, што чалавек зʼяўляецца ахвярай гандлю людзьмі, ён не будзе выкарыстоўваць алгарытм для супрацоўнікаў паліцыі, таму ён не зробіць гэта правільна, таму што яго функцыя ў законах адсутнічае.
Прафесіяналы стаяць на варце закону ў сваёй гадзіне, а гандаль людзьмі мультыдысцыплінараная праблема, таму калі б быў комплексны адзіны закон, то і ў пракурора, і ў сацыяльнага работніка, і ў паліцыянта, і ў настаўніка гэта было б у адным акце і яны бачылі б усю карціну, а іх дзейнасць па супрацьдзеянні гандлем людзьмі, будзе рэгулявацца адным прававым актам. Пакуль мы спрабуем атрымаць палітычную падтрымку гэтай ідэі.
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд