Беларуская Служба

Атамная энергетыка: пагроза ці панацэя?

26.04.2025 10:01
26-го красавіка, ужо 39 год таму, адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Можна сказаць, што гэта была адным з галоўных здарэнняў, якое паставіла пад пытанне атамную энергетыку. Нават цяпер працягваецца дыскусія адносна таго, ці патрэбны людзям мірны атам, ці гэта занадта небяспечна.
Аўдыё
  • Эксперт пра патрэбу і пагрозу ад выкарыстання ядзернай энергіі
Ілюстрацыйны здымакImage by Markus Distelrath from Pixabay/CC0

Апошнія гады ў Еўропе дамінаваў стрыманы падыход да атамнай энергетыкі. Адзін з лідараў у гэтай галіне - Германія нават прыняла рашэнне спыніць працу сваіх атамных электрастанцый. Замест іх крыніцай энергіі павінны былі стаць зялёныя абнаўляльныя тэхналогіі. Цяпер гэтае бачанне крытыкуецца, у першую чаргу з-за высокіх коштаў і нестабільнасці ў генерыраванні электраэнергіі. Зноў гучаць прапановы, каб вярнуцца да атамнай энергіі.

Ці магчыма кампраміс у дадзенай дыскусіі? Пра гэта мы паразмаўлялі з экспертам Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіславам Шумаком. Які ўплыў мае ў гэтай дэбаце аварыя на Чарнобыльскай АЭС?

— У 1986 годзе адбылася перш за ўсё глабальная катастрофа, калі са штучнага збудавання атамнай электрастанцыі здарыўся выкід вялікай колькасці радыеактыўных рэчываў. Пасля аварыі адзін самых небяспечных радыеактыўных элементаў цэзій у вялікай колькасці апынуўся на тэрыторыі Беларусі, дзе выпала каля 40% ад усіх выкідаў. Усё астатняе распаўсюдзілася па тэрыторыі Украіны, Расіі ды іншых дзяржаў, тады ўся Еўропа была засыпана радыеактыўнымі часцінкамі. Беларусь, па сутнасці, з 1986 года стала свае даследчым палігонам. У якасці эксперыментальных мышак выступілі людзі. У першыню медыцына назірала за ўплывам радыеактыўнага апраменьвання на вялікай колькасці людзей. І гэта выявіла шмат розных заканамернасцяў, якія многія краіны свету выкарыстоўваюць для ўдасканалення сваёй медыцыны, сістэмы аховы здароўя.

У першую чаргу ідзецца пра рост анкалагічных захворванняў?

— У першыя часы пасля аварыі назіраўся вялікі прырост колькасці анкалагічных захворванняў, цяпер ж, напрыклад, больш назіраецца так званых генетычных захворванняў. Напрыклад, колькасць пашкоджанняў у эмбрыёнаў і дзяцей павялічылася ў Беларусі ў разы. Гэта вынік радыеактыўнага забруджвання, бо  радыеактыўныя часцінкі, радыеактыўныя элементы ўсё адно перадаюцца па харчовых ланцугах, яны ёсць у прадуктах харчавання. Па сённяшні дзень у Беларусі ў розных рэгіёнах фіксуецца, напрыклад, утрыманне радыенуклідаў звыш нормы ў грыбах або ягадах. Гэта ўсё можа паступаць у наш арганізм, а ўздзеянне радыеактыўных часцінак вельмі шырокае. Адсюль пашкоджанне генетычнага матэрыялу, што пасля адбіваецца на нашых дзецях.

Аднак навукоўцы заўважаюць ажыўленне прыроды, аднаўленне папуляцыі жывёл у зоне адчужэння вакол Чарнобылю? 

— Тое самае адбываецца і на тэрыторыі Беларусі ў межах так званага Палескага радыецыйна-экалагічнага запаведніка, дзе назіраецца вельмі вялікая папуляцыя, напрыклад, шэрых жураўлёў, рысь, і іншых жывёл, тарпанападобных конікаў. Дзе няма людзей,  дзікая прырода заўсёды аднаўляецца. 

Ці гэта сведчанне таго, што атамная энергія ўсё ж бяспечная? 

— Калі людзі прытрымліваюцца тэхналогій і працэдур бяспекі - так. Аднак атамныя энергетычныя аб'екты пакідаюць пасля сябе шмат радыеактыўных адходаў. Што з імі робіць? Чалавецтва да цяперашняга часу не мае адказу. Толькі частка адходаў ідзе на перапрацоўку, напрыклад, некаторыя прадуктаў радыеактыўнага распаду нават выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Але каля 80% усяго паліва, якое загружаецца ў рэактар, - гэта так званыя моцна выпраменьваючыя радыеактыўныя адходы, каб яны не стваралі пагрозы, іх трэба трымаць здалёк ад чалавека. Яны ідуць на захаванне, то бок на пахаванне, бо яны складуюцца, напрыклад, у Германіі ў былых шахтах, дзе здабывалася соль, каб там не было вады, на глыбіні некалькіх кіламетраў у зямлі, каб пазбегнуць кантакты з чалавекам.

Але мы бачым, што патрэбы чалавецтва растуць, мы патрабуем больш энергіі, ці тут магчымы кампраміс?

— Кампраміс павінен быць у наяўнасці разных крыніц выпрацоўкі электраэнергіі. Не трэба, каб асобныя дзяржавы засяроджваліся толькі на адной, напрыклад, цеплавой энергіі з вугальных электрастанцый, або толькі на атамных электрастанцыях. Павіны быць разныя варыянты атрымання электраэнергіі, больш за тое гэтыя ўсе варыянты павіны быць бяспечныя для чалавека. Таму тут простага адказу няма: ні ў палітыкаў, ні ў практыкаў. Таму што шмат у якіх краінах менавіта праграмы развіцца электраэнергіі, гэта так званыя палітычныя праграмы, якія робяцца, каб здабыць падтрымку ў насельніцтва. Адсюль памкненні зрабіць танейшым кілават, або зрабіць даступнай электраэнергію. Але палітыкі не глядзяць на экалагічныя моманты, на ўздзеянне радыеактыўнасці, якае застаецца на працяглы час.

 Размаўляў Юры Ліхтаровіч