Цяжка было першыя гады
Даша па адукацыі эканаміст, аднак у Польшчы па спецыяльнасці не працуе. Згадвае, што пераезд у новую краіну быў даволі спантанны, а таму разам з мужам сустрэліся з рознага кшталту праблемамі. Яна адразу не змагла знайсці працу, паколькі не ведала польскай мовы.
Мову вучылі на курсах, як і многія беларусы. Ды і палякі, з якімі кантактавалі, заўсёды дапамагалі — ім падабалася, што замежнікі так старанна імкнуцца авалодаць іх мовай.
— Цяжка было першыя гады. Знайсці працу, сяброў, адаптавацца, зразумець, як наогул пачынаць жыццё на новым месцы. Праблемаў было шмат, але нам пашанцавала, што мы пераехалі ў добрае асяроддзе людзей. У нас быў сябар, які на працягу трох месяцаў дапамагаў нам наладзіць жыццё.
Мы пачалі з мужам рамантаваць тэлефоны і камп’ютарную тэхніку. Кліенты знайшліся адразу — і гэта былі беларусы. Потым да нас сталі звяртацца ўкраінцы, палякі, і так усё закруцілася. Але і цяпер да нас найчасцей звяртаюцца менавіта беларусы.
Тры гады праляцелі даволі хутка
Трохі задумаўшыся, напэўна згадваючы тыя часы, Даша кажа, нават трохі ўсміхаючыся, што гэтыя тры гады праляцелі даволі хутка, але ў іх жыцці шмат чаго змянілася.
— Мы, калі прыехалі, былі як кацяняты — нічога не разумелі. А сёння вакол нас шмат выдатных людзей, мы развіваем свой бізнес, якога б у Беларусі ніколі нават не пачалі б. Многае ў жыцці складваецца такім чынам, што ты не можаш спрагназаваць, да чаго прыйдзеш. А канкрэтна ў нашым выпадку — сёння, праз тры гады, нас падтрымлівае шмат людзей, і мы ім таксама дапамагаем. Гэта і палякі, і беларусы, і ўкраінцы. І самае галоўнае, што нас падтрымліваюць нашы родныя і блізкія.
Кожны, хто праходзіць праз эміграцыю, разумее, як гэта…
Асабліва добрае ўражанне, са слоў Дар’і, у яе склалася пра беларусаў, з якімі яна найчасцей мае дачыненне. Хаця, як зазначае, усё жыццё да гэтага пражыла ў Беларусі, але нешта заставалася па-за ўвагай.
— Людзі тут больш прыветлівыя, больш дружалюбныя, бо кожны, хто праходзіць праз эміграцыю, разумее, што гэта азначае, як яна ўплывае на жыццё, як складана праходзіць гэты этап станаўлення ў чужой краіне, калі вакол нічога не зразумела, усё на іншай мове, і людзі навокал іншыя. І як добра, што мы, беларусы, тут усе разам.
З назіранняў суразмоўцы за жыццём эмігрантаў, у іх шмат агульнага. Асабліва на першых этапах жыцця, калі шмат што не атрымліваецца, спадзяванні не збываюцца, цяжка, цягне да дому, не атрымліваецца рэалізавацца ў той сферы, да якой прызвычаіўся ў ранейшым жыцці.
— Калі, да прыкладу, застацца ў Беларусі і пражыць тры гады, і параўнаць гэтыя тры гады з жыццём у эміграцыі — то гэта зусім іншы тэрмін. Бо адно — калі ты дома, калі вакол цябе родныя, у цябе стабільная праца і цябе мала што хвалюе.
А ў эміграцыі ўсё па-іншаму. Ты гэтыя тры гады насамрэч пражываеш. Асабліва першыя паўтара года, калі цябе наймацней цягне дадому, і ты думаеш: што я тут раблю, куды кіруюся? Вось гэта, напэўна, і дае разуменне таго, што тут таксама ёсць людзі, якім патрэбна твая дапамога, сяброўства. Пастаянна прыязджаюць новыя людзі, і ты, як беларус беларусу, заўсёды дапаможаш. Таму ў гэтым сэнсе тут усё іншае.
Я не шкадую, што мы тут апынуліся
Даша кажа, што ніколі з мужам не збіраліся пераязджаць са сваёй краіны. Маўляў, тады, у 2020 годзе, склаліся такія абставіны, і яны, як і тысячы іншых беларусаў, сталі перад выбарам.
— Я не шкадую, што мы тут апынуліся. І знаходзімся мы тут не зусім вымушана — гэта наш выбар. І сёння мы проста назіраем за тым, як гэта — жыць у іншай краіне, у якой не так, як у Беларусі.
— І як тут жывецца?
— Больш свабодна, больш спакойна, больш энергічны горад, больш прасунутая краіна. Я не кажу, што Беларусь нейкая там адсталая — не. Я яе люблю больш за ўсе краіны на свеце, яна для мяне самая лепшая. Але пакуль мы тут, складана казаць пра тое, што з намі было б, калі б мы засталіся там…
Усе святы мы адзначаем калектыўна
Што датычыцца працы, то суразмоўца кажа, што працуюць столькі, колькі ёсць працы, паколькі ў іх свая фірма. Але гэта не так, падкрэслівае яна, каб ад рання да ночы.
Яны могуць сабе дазволіць паездзіць і паглядзець Польшчу, адпачыць за мяжой, наведваюць канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы, дзе сустракаюцца з беларусамі, размаўляюць аб жыцці, дзеляцца ўражаннямі.
— У нас ёсць тут свая група сяброў. Гэта прыкладна ад дваццаці да сарака чалавек. Проста ў розны час можна сабраць розную колькасць людзей. Усе святы мы адзначаем калектыўна: Новы год, Каляды, Вялікдзень…
Так, тут ёсць людзі, але я, як чалавек дастаткова закрыты, мне складана ў 27 гадоў завесці сяброўку, якая сапраўды разумее, які ты чалавек. Гэтай блізкасці вельмі не хапае, бо мае блізкія сяброўкі засталіся: хто ў Беларусі, а хто з’ехаў у іншыя краіны. І я не магу распавесці некаму столькі, колькі б магла расказаць ім.
Праўда, яна тут жа дадае, што дзякуючы сучасным сацыяльным сеткам працягвае падтрымліваць кантакт са сваімі блізкімі сяброўкамі.
І яшчэ. Даша вельмі ўдзячна свайму мужу, які заўсёды побач, на якім шмат што трымаецца ў іх сям’і.
Павел ЗАЛЕСКІ