Беларуская Служба

У Польшчы пашыраецца геаграфія населеных пунктаў, у якіх ноччу забаронены продаж алкаголю

29.04.2025 06:02
У Варшаве 80% жыхароў з’яўляюцца прыхільнікамі начнога «сухога закону».
Аўдыё
  • У Польшчы пашыраецца геаграфія населеных пунктаў, у якіх ноччу забаронены продаж алкаголю
A
Aлкагольjarmoluk /CC0 Public Domain

У Польшчы пашыраецца геаграфія населеных пунктаў, у якіх ноччу забаронены продаж алкаголю. Іншыя ж разглядаюць такую магчымасць. Сярод іх – горад Лодзь, адна з найбольшых польскіх агламерацый. Падрабязней пра тое, як у Польшчы мясцовыя ўлады абмяжоўваюць продаж высокапрацэнтных напояў, мы раскажам у сюжэце.

Мэр Лодзі Ганна Зданоўска паведаміла пра тое, што мэрыя правядзе апытанне жыхароў горада наконт абмежавання продажу алкаголю ў начны час. Забарона будзе распаўсюджвацца не на ўвесь горад, а толькі на некаторыя яго раёны. Дарэчы, забарона на продаж высокапрацэнтных напояў ужо існуе, сярод іншага, у Кракаве, Катавіцах, Познані, Быдгашчы, Уроцлаве, Гданьску і іншых гарадах. У частцы населеных пунктаў, напрыклад, у Кракаве і Познані, у начны нас забаронены продаж алкаголю ва ўсім горадзе, у іншых – толькі ў некаторых раёнах.

Паводле распараджэння мэра Лодзі, апытанне жыхароў пройдзе з 1 па 31 мая. «За» альбо «супраць» увядзення начнога «сухога закону» можна выказаць як непасрэдна ў мэрыі, так і ў галасаванні праз інтэрнэт. Магчымая забарона, як і ў большасці гарадоў, дзейнічала б з 22.00 да 6.00 гадзіны.



Праект забароны на начны продаж алкаголю ў Лодзі падпісалі больш за 600 чалавек: гэта ўдвая больш, чым патрабуецца для разгляду прапановы гарадскімі ўладамі.

У Польшчы ў 2018–2024 гадах 176 муніцыпалітэтаў увялі забарону на гандаль алкаголем у начны час сутак. Гэта прыкладна 7% усіх польскіх тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак.

У ліку гарадоў, якія ўвялі забарону на начны продаж алкаголю, знаходзіцца Конін (заходняя частка краіны). Перад тым, як прыняць рашэнне, мэрыя яго кансультавала з Маладзёвай радай горада, Радай пажылых людзей і эканамічнай палатай, а таксама жыхарамі горада. 60% насельніцтва выказалася за ўвядзенне забароны. Мэр Коніна Вітальд Новак лічыць, што забарона не абмяжоўвае правоў гараджан.

- Ноччу трэба спаць, а не купляць алкаголь і спажываць яго ў грамадскіх месцах. Калі нехта захоча выпіць, то можа гэта зрабіць ва ўстановах грамадскага харчавання, дзе можна з’есці і выпіць – на іх забарона не распаўсюджваецца.

Паводле ацэнак спецыялістаў, у Польшчы ад 600 да 800 тыс. чалавек залежныя ад алкаголю. У сваю чаргу 3 млн палякаў п'юць за шмат. Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што алкаголь з'яўляецца другім фактарам рызыкі для здароўя насельніцтва Еўропы. Згодна з даследаваннямі, ад 2% да 4% выпадкаў анкалагічных захворванняў выкліканыя непасрэдна ці ўскосна празмерным спажываннем алкаголю. Рэгулярнае спажыванне алкаголю павялічвае рызыку развіцця пухлінаў рота, горла, стрававода, гартані, печані і малочнай залозы ў жанчын.

Былы дырэктар Дзяржаўнага агенцтва вырашэння алкагольных праблем доктар Кшыштаф Бжуска звяртае ўвагу на тое, што забарона на продаж алкаголю ў начны нас сутак мае сэнс.

- Абмежаванні на продаж у начны нас маюць сэнс. Калі вечарынка пачынаецца а 17:00 ці 18:00, то без праблем можна купіць алкаголь. Але пазней, калі людзі ўжо вып’юць, то ім хочацца больш, бо алкаголь – гэта псіхаактыўны сродак, і тады яны перастаюць сябе кантраляваць.

У Польшчы забарону на продаж алкаголю ў начны час сутак маюць права ўвесці муніцыпальныя органы. Абмежаванне датычыць начных крамаў і АЗС і не распаўсюджваецца на ўстановы грамадскага харчавання, клубы, дыскатэкі і г.д.

У Варшаве 80% жыхароў з’яўляюцца прыхільнікамі начнога «сухога закону». Яго ўвядзенне таксама лабіруюць шматлікія грамадскія арганізацыі, аднак улады польскай сталіцы пакуль што не вырашылі абмежаваць начнога продажу высокапрацэнтных напояў, хоць разглядаюць такую магчымасць.



Былая дэпутатка Гарадской рады Варшавы, а цяпер намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Караліна Зёла-Пужук з’яўляецца прыхільніцай увядзення забароны на начны продаж алкаголю ў сталіцы. Гэтага таксама хочуць жыхары горада, гаворыць яна.

- Калі я размаўляла з жыхарамі Варшавы, то большасць выступае за тое, каб абмежаваць начны продаж алкаголю. Для гараджан, якія жывуць каля кругласутачных крам з алкаголем, гэта вялікая праблема. Я не бачу праблемы ў тым, што калі нехта хоча купіць алкаголь, то можа а 21:30, за паўгадзіны да закрыцця крамы, пайсці, купіць колькі хоча бутэлек і напіцца ў сваёй кватэры да чорцікаў. Калі нехта без алкаголю не можа жыць, то можа разлічыць, колькі яму трэба алкаголю ў суткі, і запланаваць пакупкі. Неабавязкова гэта рабіць ноччу.

Дарэчы, пра тое, што начны продаж алкаголю мае пазітыўны ўплыў на грамадства, сведчаць статыстычныя дадзеныя, апублікаваныя гарадскімі ўладамі Кракава. У былой польскай сталіцы начны «сухі закон» быў уведзены летам 2023 года. І так, цягам года з моманту ўвядзення забароны лічба правапарушэнняў, звязаных са спажываннем алкаголю, у паліцэйскай статыстыцы зменшылася на 50%. У сваю чаргу муніцыпальная паліцыя зафіксавала 30-працэнтнае падзенне інцыдэнтаў, звязаных са спажываннем алкаголю.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл