Беларуская Служба

Мы ведалі, куды едзем: як сям’я з Беларусі наладжвае жыццё ў Польшчы

10.05.2025 07:34
Іх сям’я абдумана вырашыла пакінуць Беларусь. І за тры гады планы толькі ўмацаваліся: будаваць новае жыццё ў Польшчы.
Аўдыё
  • Мы ведалі, куды едзем: як сям’я з Беларусі наладжвае жыццё ў Польшчы
 :  ,       .
Ілюстрацыйнае фота: Падчас урачыстасцяў, звязаных з Днямі ўланаў у Познані. Фота: Павел Залескі, radyjo.net

Давялося цалкам змяніць спецыяльнасць

Алена і Пётр пасля пачатку вайны ва Украіне ўжо не бачылі сэнсу заставацца ў Беларусі. Спачатку ў Польшчу пераехаў Пётр, уладкаваўся на працу, а затым прыехала Алена з двума сынамі. Праўда, як згадвае Пётр, профіль працы цалкам давялося змяніць.

— Я цалкам змяніў спецыяльнасць і да гэтага нічым падобным не займаўся. Адвучыўся на кіроўцу грузавіка, бо гэта спецыяльнасць запатрабаваная ў Польшчы. І з уладкаваннем на працу ў мяне таксама праблем не было.

Адчувала сябе, як у вязніцы, але разумела, што вярнуцца не магу

Алена ў Беларусі працавала на заводзе, і ў Польшчы яе не засмуціла тое, што трэба ісці працаваць на склад. Працу проста шукала ў інтэрнэце, як гэта звычайна робяць эмігранты. Згадвае, што лёгка ёй не даводзілася.

— Працавала па 10–12 гадзін пяць дзён на тыдзень. Адчувала сябе тады, як у вязніцы.

— І як вы з гэтым спраўляліся?

— Ну як? Па-ўсякаму. Са слязьмі, з істэрыкамі, але разумела, што не магу вярнуцца назад, што тут трэба неяк жыць. Быў такі шок-кантэнт. Праўда, праз месяц я знайшла іншую працу. Не скажу, што яна нашмат лягчэйшая, але там кіраўніцтва было цалкам з палякаў, і яны добра да нас ставіліся.

Мы ўсе разумелі, што трэба наладжваць жыццё ў Польшчы

Але з часам, як згадваюць суразмоўцы, і іх жыццё пачало наладжвацца. Старэйшы сын, хоць і не ведаў польскай мовы, уладкаваўся на працу, дзе можна абыходзіцца без дакладнага ведання мовы, а малодшы вывучаў польскую яшчэ ў Беларусі.

— Калі ўжо ўладкаваны дзеці: старэйшы працуе, малодшы вучыцца ў каледжы, то, канешне, стала лягчэй.

— А як дзецям даводзілася ўладкоўвацца, з якімі праблемамі яны сутыкаліся?

— Усё, што адбывалася ў нас на радзіме, яны бачылі і добра разумелі, паколькі ўжо дастаткова дарослыя. Таму не трэба было тлумачыць, што, нягледзячы ні на што, варта тут наладжваць сваё жыццё і ў працы, і ва вучобе.

Выехаць з Беларусі — было нашым абдуманым рашэннем

Абодва суразмоўцы кажуць, што за амаль тры гады жыцця ў Польшчы яны, можа, яшчэ і не цалкам, але ўсё ж інтэграваліся ў новае грамадства. Нейкіх асаблівых праблем не маюць, жывуць паціху, будуюць планы на будучыню.

— Тут у нас ужо ёсць і знаёмыя палякі, і выбудоўваецца сваё асяроддзе, і беларусы арганізоўваюць свае суполкі. Праблем з жыццём, з людзьмі ў нас няма.

— А не шкадуеце, што давялося пакінуць Беларусь?

— Гэта было неспантаннае рашэнне. Мы прынялі яго з халоднай галавой і са спакойным сэрцам. Мы ведалі, куды едзем, чаго чакаем і навошта едзем. Я думаю, што Польшча стане другім домам для нашых дзяцей.

У эміграцыі чалавек набывае новае і траціць мінулае

Але, калі мы загаварылі пра эміграцыю, Алена заўважае, што гэта нялёгкі шлях, бо акрамя таго, што чалавек нешта набывае, ён шмат і страчвае.

— Эміграцыя адабрала ў мяне блізкіх, знаёмых, тых, з кім прайшло дзяцінства. Я думаю, за гэты час мы самі шмат у чым змяніліся, навучыліся прыстасоўвацца да новага жыцця, да людзей. І палякі спрабуюць нас зразумець, калі мы часам іх не разумеем.

У мяне тут ёсць сяброўка-полька, якая заўсёды ва ўсім дапамагае, падказвае, што і як рабіць, куды ісці, калі ўзнікаюць нейкія пытанні. Я нават знайшла людзей, у якіх такое ж хобі, як у мяне. Я калекцыяную лялькі. Палякаў не шмат цікавіцца такім заняткам, але ў нас ужо цэлая суполка — там беларусы, украінцы і палякі. Гэта цікава.

У Польшчы больш свабоды, і гэтую перавагу немагчыма нічым перакрыць

Мы параўноўваем жыццё ў Беларусі і Польшчы, спрабуем гаварыць, дзе было лягчэй, зручней, вальней, разважаем пра плюсы і мінусы кожнай краіны.

— Цяпер у Беларусі з-за вядомых абставін сітуацыя складаная. У Польшчы адчуваеш свабоду, незалежнасць, чаго не хапае ў Беларусі. І ў гэтым вялікае адрозненне, якое нічым не перакрыць. Калі настане ў нас такая сітуацыя, хаця б прыблізна падобная, то я не ведаю, ці захочуць нашы дзеці туды вяртацца.

А вось спадарыня Алена працягвае:

— У нейкім сэнсе ў Беларусі было інакш, бо там была свая кватэра, свае рэчы, а тут усё чужое. Але наогул, не скажу, што мне тут цяжэй. Падраслі дзеці, яны шмат у чым дапамагаюць, няма тых праблем, як з малымі. У нейкім сэнсе цяжка параўноўваць: і час іншы, і дзеці падраслі, і абставіны іншыя.

— А ў матэрыяльным сэнсе дзе лягчэй утрымліваць сям'ю?

— Мы не тое, што можам сабе тут больш дазволіць, але тут не адчуваеш такой вострай патрэбы. Калі табе трэба нешта купіць у дом, то ідзеш і купляеш за сваю зарплату — ці адзенне, ці харчы. А ў Беларусі, калі набываеш нешта значнае, трэба было доўга адкладаць.

— Альбо браць крэдыт. А тут купіў пральную машынку за зарплату, і яшчэ засталося на жыццё.

Цікаўлюся ў спадарыні: калі зменіцца сітуацыя ў Беларусі, ці плануе сям'я вяртацца?

— Я хачу тут будаваць жыццё. Думаю купіць кватэру, прадаць усё ў Беларусі, каб уладкавацца тут. Мае дзеці ўжо не паедуць у Беларусь. Меншы дакладна кажа: а што там рабіць...

І такім чынам многія, каму давялося пакінуць радзіму, страцілі веру ў яе.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!