Беларуская Служба

Гіпертанія – хвароба ўсё часцей закранае моладзь і нават дзяцей

19.05.2025 21:11
Ажно 11 млн палякаў змагаюцца з гіпертаніяй.
 11
Ажно 11 млн палякаў змагаюцца з гіпертаніяйshutterstock.com/Andrey_Popov

На артэрыяльную гіпертанію, якая з'яўляецца адной з галоўных прычын смерці ў выніку хваробаў сістэмы кровазвароту, хварэе 11 млн палякаў (у Польшчы пражывае каля 37 млн 500 тыс. чалавек). Праблема ўсё часцей закранае моладзь і нават дзяцей, нагадаў Нацыянальны фонд аховы здароўя ў Сусветны дзень барацьбы з гіпертаніяй, які адзначаўся 17 мая.

Партал Naukawpolsce.pl піша, што гіпертанія дыягнастуецца, калі артэрыяльны ціск перавышае паказчык у 140/90 мм рт.сл., па меншай меры, у двух незалежных вымярэннях.

Павышаны ціск можа працяглы час не выклікаць ніякіх сімптомаў. Часта выяўляецца выпадкова, напрыклад, падчас звычайнага агляду ў лекара або падчас дыягностыкі іншых захворванняў. Калі яго не лячыць, то гэта прыводзіць да незваротнага пашкоджання сасудаў, сэрца, мозгу, нырак і вачэй.

У 90% выпадкаў - гэта першасная гіпертанія. Яе прычыны да канца не вядомыя. У іншых выпадках другасная артэрыяльная гіпертанія дыягнастуецца ў выніку іншых захворванняў, такіх як цукровы дыябет, хранічная хвароба нырак, гарманальныя парушэнні, напрыклад, сіндром Кушынга, стэноз аорты або абструкцыйнае апноэ сну.

У Нацыянальным фондзе аховы здароўя адзначылі, што гіпертанія ўсё часцей выяўляецца ў маладых людзей і нават дзяцей. Рызыка павялічваецца, калі ў сям'і ёсць сардэчна-сасудзістыя захворванні, а таксама калі пацыент вядзе лад жыцця, дзе адсутнічае фізічная актыўнасць, але прысутнічае нездаровае харчаванне, празмерны стрэс і шкодныя звычкі.

«Гіпертанія часта развіваецца без ніякіх сімптомаў, таму яе часам называюць скрытым забойцам. Многія людзі гадамі не ведаюць пра праблему, пакуль не ўзнікнуць сур'ёзныя ўскладненні, такія як сардэчны прыступ або інсульт. Таму рэгулярныя вымярэнні артэрыяльнага ціску вельмі важныя для ранняга выяўлення хваробы і прадухілення яе наступстваў», — сказаў старшыня Польскага кардыялагічнага таварыства, кардыёлаг, прафесар Роберт Гіль.

Медыкі рэкамендуюць рэгулярна вымяраць артэрыяльны ціск - не толькі на прыёме ў лекара, але і дома, пажадана ў вызначаны час сутак.

Важную ролю ў прафілактыцы адыгрывае здаровы лад жыцця – гэта значыць здаровае харчаванне, штодзённая фізічная актыўнасць, абмежаванне солі і алкаголю ды адмова ад курэння, якія значна павялічваюць рызыку гіпертаніі і сардэчна-сасудзістых захворванняў.

вс