Прапануем пытанне вызвалення палітвязняў паставіць перад пытаннем ціску. Да гэтага заклікалі ўдзельніцы прэс-канферэнцыі з нагоды Дня салідарнасці з палітвязнямі. Былыя палітзняволеныя жанчыны звярталі ўвагу, што вызваленне абазначае выратаванне здароўя і жыцця. Рэгулярна паяўляецца інфармацыя аб палітвязнях, якія страцілі жыццё ў зняволенні ці ў выніку страты здароўя ў калоніях і турмах. 21 мая абраны Днём салідарнасці невыпадкова. Гэта дзень смерці Вітольда Ашурка, закатаванага ў калоніі.
Па стане на 22 мая ў Беларусі 1187 палітзняволеных (паводле ПЦ «Вясна»). Іх лічба, можна сказаць амаль з поўнай упэўненасцю, большая.
Ксенія Луцкіна, вызваленая па памілаванні, гаворыць, што сітуацыя жахлівая, бо палітзняволеныя сталі сімвалам сучаснай Беларусі:
- Кола рэпрэсій да такой ступені вялізнае, што не засталося людзей, якіх бы яны не закранулі напрамую ці ўскосна. Ёсць статыстыка па колькасці палітзняволеных на адзін мільён насельніцтва. Напрыканцы існавання СССР гэта было 12, у сучаснай Расіі – 3. У Беларусі атрымліваецца – 140 чалавек.
Шматгадовая кіраўніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая прапануе пытанне вызвалення паставіць перад пытаннем ціску:
- Самае галоўнае, каб пытанне ціску стаяла на першым месцы. Каб мы пачалі каардынавацца, прыцягваць еўрапейцаў, амерыканцаў, Ватыкан. Цяпер адбываецца сталая сварка. А, паводле мяне, мы павінны прыйсці да гуманнага, адэкватнага менеджмента. Мне ўсё яшчэ здаецца, што пытанне ціску стаіць перш, чым пытанне вызвалення. Я прапануе вызваленне паставіць вышэй.
Алана Гембремарыям и Ксенія Луцкіна
Грамадская актывістка, былая палітзняволеная Алана Гембремарыям адзначае, што для вызваленне прыйдзецца размаўляць з рэжымам, але гэта не значыць прабачыць ці зачыніць вочы на ўсё, што адбывалася. Гэта значыць гуманітарна выратоўваць людзей:
- Толькі ад нашых рашучых дзеянняў залежыць, ці палітвязняў выпусцяць. Рашучыя дзеянні - гэта таксама размовы з рознымі людзьмі, у розных краінах, аповед пра розныя кейсы. Гэтую інфармацыю трэба даносіць, бо Беларусь сыходзіць з павесткі. Вызваленне – гэта тое, чым трэба займацца. Салідарнасць гэта важна, але вызваленне - на першым месцы. Трэба размаўляць, казаць, якія ў нас ёсць прапановы, каб еўрапейскія партнёры скарысталіся сваімі сувязямі, у тым ліку з рэжымам. Не трэба казаць, што з рэжымам размаўляць не трэба. На жаль трэба, але, каб вызваліць людзей, прыйдзецца гэта рабіць. Гэта не значыць прабачыць ці зачыніць вочы на ўсё, што адбывалася. Гэта значыць гуманітарна выратоўваць людзей.
Былая палітзняволеная Вольга пацвярджае, што вызваленне – гэта выратаванне:
- Кожны дзень там ты падвяргаешся стрэсу, небяспецы. Гэта нібыта вайна, але ўсё ж не вайна... Ты можаш згубіць і жыццё, і здароўе. Таму канешне, калі мы кажам пра вызваленне, то гэта выратаванне.
У краіне, дзе за іншадумства можна страціць волю, а цяпер і жыццё, кожная смерць у зняволенні — гэта не толькі асабісты боль для родных, але і цяжкі ўдар па ўсім грамадстве. Пакуль за кратамі застаюцца сотні людзей, абвінавачаных выключна за свае перакананні, небяспека такіх трагедый толькі ўзрастае.