Беларуская Служба

Валерыя Чарнаморцава: Тыя, хто застаўся ў Беларусі і працягваюць дбаць пра яе, для мяне — героі

28.07.2025 14:49
Яе кідалі на Акрэсціна, трымалі ў адстоўніку, судзілі. Цяпер Валерыя Чарнаморцава працягвае дбаць пра памяць і верыць: «Век так не будзе».
Аўдыё
  • Валерыя Чарнаморцава: Тыя хто застаўся ў Беларусі і працягваюць дбаць пра яе для мяне —  героі
Валерыя ЧарнаморцаваФота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

Беларускую даследчыцу ГУЛАГу і экскурсаводку Валерыю Чарнаморцаву арыштавалі ў кастрычніку 2022 года. Суд прызначыў ёй два з паловай гады «хатняй хіміі». Валерыя ў бяспецы — у Вільні, у 2023 годзе яна здолела эвакуявацца з Беларусі і пазбегнуць далейшага пераследу. Яна працягвае распавядаць гісторыі змагання беларусаў  —  цяпер ужо праз экскурсіі па Вільні і асабісты досвед пераследу.

«Гыбісты адкрыта сказалі, што прыйшлі праз Курапаты. Судзілі, праўда, за падзеі 2020 года, але ўсё было відавочна», — кажа Валерыя.

Затрыманне пачалося гвалтам: выбітыя дзверы, твар у  падлогу. Валерыю кінулі на Акрэсціна — дзе ў дзвюхмясцовай камеры трымалі па 19 чалавек, «як селядцоў у бочцы». А потым — Валадарка. «Калі я туды патрапіла, акурат была ноч расстраляных паэтаў. У 2017 годзе я ж сама прапанавала Змітру Дашкевічу зрабіць ноч памяці менавіта ў Курапатах. І вось я на Валадарцы, у гэтую ж ноч — знак, супадзенне... цяжка сказаць», — успамінае даследчыцца.

Яна правяла некалькі дзён у поўнай адзіноце на так званым «адстойніку». Менавіта там, на старой сцяне камеры, Валерыя пакінула надпіс: 29.10.1937. «Напісала абвугленай запалкай. Потым, праз тры месяцы, зноў кінулі ў тую ж камеру, і там ужо нехта іншы падпісаў дату 1938 года...».

Пасля вызвалення Валерыя перабралася ў Вільню і працягвае сваю справу праз імправізаваныя вандроўкі беларускімі мясцінамі сталіцы Літвы. «Тут, у эміграцыі мы можам рабіць тое, што  немагчыма рабіць у Беларусі. Але шмат адданых Беларусі людзей засталіся там. І тое, што яны не ўцяклі — гэта не слабасць. Гэта выбар. А калі яны працягваюць там нешта рабіць для мяне яны — героі», — перакананая Валерыя яна.

Яна праводзіць паралелі паміж сённяшняй сітуацыяй і пасляваеннай беларускай эміграцыяй. Валерыя бачыць важнасць працы беларускай дыяспары. «Мы маем магчымасць рабіць тое, што трэба. Мы молімся і робім, што можам. Ora et labora, як казалі старажытныя хрысціяне. Тут загдваць наперад складана, калі ж яно ўсё закончыцца, але я веру, што гэта адбудзецца».

Падчас гутаркі Валерыя  Чарнаморцава згадвае імёны жанчын, што сталі для яе духоўнымі настаўніцамі, вязны ГУЛАГу, якія праз сваю веру ў Беларусь, трапілі ў жорны сталінізму: Надзею Дземідовіч, Веру Касмовіч і многіх іншых. «Надзея Раманаўна Дземідовіч мяне натхняе, як і Ларыса Геніюш. Мці Надзеі Раманаўны казала: «Век так не будзе», так уласна яна назвала кнігу сваіх успамінаў. І гэта трэба памятаць».

Для Валерыі Ларыса Геніюш — не проста літаратурная постаць, а духоўная апякунка сучаснага беларускага супраціву. «Трошкі містыкі. Яе арыштавалі 5 сакавіка 1948 года. Роўна праз пяць гадоў памёр Сталін. Я заўважыла гэта яшчэ на пачатку 2020 года. А 9 жніўня — гэта таксама дзень нараджэння Ларысы Геніюш…». Валерыя Чарнаморцава верыць, што сённяшнія выклікі — гэта працяг той самай гісторыі, якую Беларусь перажывала і ў мінулым. 

Сёння Валерыя жыве і працуе у Вільні, але Беларусь не пакідае яе ні на хвіліну. Яна працягвае сваю працу: праводзіць экскурсіі, арганізуе квэсты, распавядае пра беларускую гісторыю. І, галоўнае, працягвае дбаць пра памяць.

Размову з Валерыяй Чарнаморцавай цалкам слухайце ў далучаным гукаывым файле! 

эж