У 2024 годзе польскія праваахоўныя органы і спецслужбы звярталіся па тэлекамунікацыйныя звесткі аб грамадзянах больш за 2 мільёны разоў — паведамляе Gazeta Wyborcza. Як адзначае выданне, доступ да такіх дадзеных мае нават паліцыя, без неабходнасці атрымання санкцыі суда ці пракурора.
Спецслужбы могуць у любы момант праверыць, з кім кантактаваў чалавек па тэлефоне ці праз SMS, а таксама дзе і калі яго тэлефон падключаўся да сеткі на працягу апошніх 12 месяцаў. Такія дзеянні магчымыя дзякуючы польскаму заканадаўству, якое, як сцвярджае Gazeta Wyborcza, супярэчыць праву Еўрапейскага Саюза. Суд Еўрапейскага саюза ўжо пастанавіў, што падобная практыка парушае Канвенцыю аб абароне правоў чалавека.
У выданні цытуюцца дадзеныя з Міністэрства юстыцыі Польшчы, з якіх вынікае, што ў 2024 годзе колькасць зваротаў па білінгі дасягнула максімальнага ўзроўню за апошнія 8 гадоў.
Цікава, што гэтымі фактамі займаўся ўжо былы міністр юстыцыі Адам Боднар. У падрыхтаваным ім дакладзе паведамляецца, што Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы працуюць над прывядзеннем заканадаўства ў адпаведнасць з рашэннямі Суду ЕС. Працяг гэтых дзеянняў залежыць ад новага кіраўніка ведамства.
эж