Беларуская Служба

Польшча дэпартуе толькі невялікую частку замежнікаў, якія павінны пакінуць яе тэрыторыю

03.09.2025 14:21
У спісе звыш 2 тысяч беларусаў.
       2,2 . .
У спісе непажаданых асоб у Польшчы каля 2,2 тыс. беларусаў.Фота: Straż Graniczna

Як паведамляе Rzeczpospolita, у рэестры непажаданых асоб знаходзіцца 31 тысяча чалавек. З пачатку 2025 года краіну прымусова пакінулі каля 1100 іншаземцаў.

Паводле дадзеных Упраўлення па справах іншаземцаў, колькасць асоб, прызнаных непажаданымі, у гэтым годзе ўдвая большая, чым у 2021-м, і крыху большая, чым летась. Найбуйнейшыя групы складаюць грамадзяне Украіны — амаль 6 тысяч чалавек, Грузіі — больш за 4 тысячы, Сірыі — 2,5 тысячы, Афганістана — 2,4 тысячы, Беларусі — 2,2 тысячы і Расіі — амаль 2 тысячы.

Паводле прадстаўніка Упраўлення Якуба Дудзяка, прычына росту — змена падыходу Міністэрства ўнутраных спраў, паліцыі і памежнай службы, якія цяпер больш паслядоўна кантралююць легальнасць знаходжання замежнікаў.

Спіс падстаў для дэпартацыі даволі шырокі і вызначаны законам аб замежніках. Гэта можа быць незаконны ўезд у краіну, адсутнасць сапраўднай візы, спроба трапіць у Польшчу, нягледзячы на забарону на ўезд у Шэнгенскую зону, нелегальнае працаўладкаванне. У спіс трапляюць таксама асобы, асуджаныя за наўмысныя злачынствы, уключаныя ў нацыянальныя ці міжнародныя санкцыйныя спісы, а таксама тыя, каго спецслужбы лічаць небяспечнымі.

Як адзначае газета, аб унясенні ў рэестр могуць хадайнічаць усе сілавыя структуры краіны. У залежнасці ад парушэнняў, забарона на ўезд можа дзейнічаць ад паўгода да дзесяці гадоў.

Былы намеснік кіраўніка МУС генерал Адам Рапацкі ў інтэрв’ю выданню падкрэсліў, што раней парушэнні закона замежнікамі не заўсёды мелі практычныя наступствы. «Цяпер палітыка змянілася — і гэта слушна. Калі госці прыязджаюць у нашу краіну, яны павінны паважаць законы. Калі гэтага не робяць, трэба іх адпраўляць назад», — адзначыў генерал.

нг