Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадстаўляе новае грамадскае расследаванне аб масавых катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі ў Партызанскім РУУС горада Мінска ў перыяд з 8 па 13 жніўня 2020 года, у першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Дакумент з'яўляецца працягам серыі матэрыялаў камітэта аб падзеях 2020 года. Раней былі апублікаваныя расследаванні аб катаваннях у Фрунзенскім, Савецкім, Цэнтральным, Маскоўскім РУУС Мінска і ЦІП Акрэсціна.
Расследаванне заснавана на 43 індывідуальных інтэрвʼю з пацярпелымі (больш за 500 старонак сведчанняў), аналізе медыцынскіх дакументаў і фотафіксацыі траўм. Яно дэталёва рэканструюе храналогію падзей і раскрывае сістэмны характар гвалту, які прымяняўся ў адным з раённых упраўленняў унутраных спраў сталіцы.
Расследаванне тлумачыць, чаму партызанскае РУУС было часткай усёй сістэмы ў шырокамаштабных дзеяннях, якія былі загадзя спланаваныя органамі ўнутраных справаў і іншымі спецслужбамі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнку, і чаму Партызанскае РУУС не адрознівалася ні ад аднаго іншага.
Асноўная частка расследавання – гэта найперш дэталёвае апісанне дзён, у якіх адбываліся тыя ці іншыя падзеі з затрыманымі. Пасля гэтага ідзе раздзел, звязаны з наступствамі, траўмамі і пашкоджаннямі, якія былі ў затрыманых.
Аўтар расследавання гаворыць, што Партызанскі РУУС быў часткай вялікай сістэмы, якая ў той час дзейнічала ў Мінску. Ён кажа, што асаблівасцю расследавання з’яўляецца спроба аднавіць спіс асоб, якія ў той час былі на службе ў Партызанскім РУУС:
- Асаблівасцю нашага расследавання зʼяўляецца тое, што ўпершыню мы пастараліся зрабіць з адкрытых крыніц і пры дапамозе «Кіберпартызан» і нашай базы дадзеных спіс асоб, якія па сутнасці сваёй праходзілі службу ў Партызанскім РУУС у той момант. Гэта больш за 110 супрацоўнікаў. Мы не можам сказаць і сцвярджаць, што кожны з іх непасрэдна ўжываў гвалт да канкрэтных затрыманых, але мы сапраўды можам сцвярджаць, што ў перыяд з 8 па 13 жніўня яны зʼяўляліся супрацоўнікамі Партызанскага РУУС.
Чаму адныя збівалі і здзекаваліся, а іншыя не? Былы супрацоўнік беларускіх структур, які ў тыя дні знаходзіўся ў Партызанскім РУУС гаворыць, што гэта самае цяжкае пытанне, на якое ў яго няма адказу:
- Я сам для сябе задаю гэтае пытанне, бо яно ключавое. Сутнасць у тым, што ім далі нейкі загад, але яны яго выконвалі не таму, што былі абавязаныя, бо гэта загад, і не ўсе супрацоўнікі яго выконвалі. Была такая крыважаднасць. Нават не ведаю, як патлумачыць. Сабак спусцілі з ланцугоў, адна шалёная бяжыць і кусае, а іншыя не. То бок далі дазвол і некаторыя сарваліся. Я назіраў, што некаторыя супрацоўнікі хадзілі з вялікімі вачамі і не разумелі, як іх калегі рабілі такое. А іншыя бегалі з раз’юшанымі вачамі і ім гэта падабалася. Там адбыўся такі садызм. Яны адчулі ўладу, у некаторых сарвала катуху. У нармальнай колькасці людзей, хоць не магу сказаць працэнтныя суадносіны.
Супрацоўнікі РУУС ужо пачынаючы з 9 жніўня хаваліся за балаклавамі і маскамі. Гэта значыць, яны ўжо разумелі, што іх дзеянні незаконныя, гаворыць аўтар даследавання:
- Вельмі часта нашыя сведкі казалі пра тое, што фізічны гвалт ужываўся пры затрыманні, пры іх этапаванні ў РУУС. І што супрацоўнікі РУУС, якія насілі звычайную міліцэйскую форму, што яны, як правіла, гвалт не прымянялі. Што гвалт ужывалі нейкія асобы, апранутыя, як правіла, у спецвопратку чорнага колеру. Мы можам сцвярджаць тое, што асобы, якія апранутыя былі ў чорным, зʼяўляліся супрацоўнікамі РУУС, яны пераапраналіся для таго, каб іх асобу немагчыма было ідэнтыфікаваць у будучыні.
Акрамя таго, калі вы больш уважліва паглядзіце кожны дзень, гадзіна па гадзіне, можна заўважыць, што некаторыя супрацоўнікі ставіліся да затрыманых больш-менш па-чалавечы, у двукоссі. Гэта значыць яны давалі магчымасць наведаць прыбіральню і, адпаведна, у туалеце папіць вады. Бо затрыманым ніякай ежы, ніякай вады не было прадугледжана.
Яны знаходзіліся ад 8 да 16 гадзінаў у РУУС. Таксама не было магчымасці сядзець. Як правіла, яны знаходзіліся ў фізічна нязручных палажэннях. Гэта значыць, напрыклад, на каленях, галава дакранаецца землі і рукі за спінай. Або іншыя пазіцыі, у якіх знаходзіцца гадзінамі – гэта фізічна балюча. Затрыманыя пад страхам нейкага гвалту з боку супрацоўнікаў, змушаныя былі знаходзіцца ў гэтых позах.
У расследаванні падкрэсліваецца, што ніводзін супрацоўнік органаў унутраных спраў да гэтага часу не адказаў за тыя падзеі, якія былі ў жніўні 2020 года.
У расследаванні сцвярджаецца, што «асобамі, непасрэдна адказнымі за злачынствы, якія здзяйсняліся ў Партызанскім РУУС, з’яўляецца вышэйшае кіраўніцтва раённага ўпраўлення – начальнік і яго намеснікі. У сувязі са строгай іерархіяй усе супрацоўнікі РУУС падпарадкоўваюцца начальніку і яго намеснікам. Любыя дзеянні з боку супрацоўнікаў здзяйсняюцца па прамым загадзе начальніцкага складу ці з іх маўклівай згоды».
- Мы гаворым пра тое, што кіраўніцтва партызанскага РУУС дакладна адказвае за службовыя злачынствы па стварэнні такіх нечалавечых умоў. Што можна казаць аб прыкметах злачынстваў супраць чалавечнасці, як яны кваліфікуюцца ў міжнародным крымінальным праве. У кантэксце нацыянальнага крымінальнага заканадаўства можам казаць, што начальнік РУУС і яго намеснік нясуць адказнасць за стварэнне гэтых умоў і за тое, што не перашкаджалі непасрэдным выканаўцам, якія прымянялі гвалт. Мы не можам, на жаль, у нас няма такіх рэсурсаў, каб даказаць, што канкрэтны супрацоўнік ужываў гвалт у дачыненні да канкрэтнага пацярпелага. У нас фактычна быў апазнаны толькі адзін супрацоўнік. Гэта начальнік аддзела міліцыі грамадскай бяспекі Шыпко. Яго змаглі ідэнтыфікаваць, таму што ён не насіў маску і раней быў знаёмы з адным са сведкаў. Мы можам казаць аб тым, што ўсе супрацоўнікі, якія ў той момант знаходзіліся на тэрыторыі РУУС, яны бачылі, як іх калегі, як супрацоўнікі АМАПа, як супрацоўнікі іншых спецпадраздзяленняў ужываюць нематываваны гвалт. І яны абавязаныя былі альбо спыніць здзяйсненне злачынных дзеянняў, альбо паведаміць у адпаведныя вышэйшыя органы МУС, органы пракуратуры, Следчы камітэт, у якім давалася прававая кваліфікацыя на дзеянні непасрэдных супрацоўнікаў, якія прымяняюць гвалт, – кажа аўтар дакументу.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі перакананы, што, нават калі іх расследаванні не будуць выкарыстаны для прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіяй цяпер, то ў будучыні яны будуць часткай гэтага працэсу. Тэрмінаў даўніны па злачынствах супраць чалавечнасці няма, і кожны супрацоўнік, які быў датычны да збіцця, да ўтрымання затрыманых у нечалавечых умовах, ён так ці інакш адкажа.
ав