Серыя жорсткіх нападаў з выкарыстаннем нажоў у польскіх школах выклікала трывогу сярод вучняў, бацькоў і настаўнікаў. Напады пачаліся 7 кастрычніка ў Астралэнцы, калі 19-гадовы вучань параніў нажом дзевяць чалавек, у тым ліку пецярых вучняў і двух настаўнікаў. На наступны дзень у пачатковай школе ў Ляшчыдоле-Навінах 15-гадовы падлетак напаў на трох чалавек, забіваючы 37-гадовую супрацоўніцу школыі. Пазней адбыўся яшчэ адзін напад у навучальнай установе ў Варшаве, дзе пацярпелі тры чалавекі.
Пасля гэтых падзей у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца папярэджанні пра так званую «крывавую пятніцу» — нібыта серыю планаваных нападаў у школах. Аднак паліцыя не пацвердзіла, што існавала арганізаваная інтэрнэт-акцыя, якая заахвочвала моладзь да гвалту. Пры гэтым праваахоўнікі затрымалі каля двух соцень падлеткаў, якія публікавалі пагрозы ў сеціве або прынеслі ці пагражалі прынесці ў школу небяспечныя прадметы.
Эксперты звяртаюць увагу, што шырокае асвятленне нападаў і звесткі пра злачынцаў могуць натхніць іншых маладых людзей на падобныя дзеянні. Таму спецыялісты звяртаюцца да сродкаў масавай інфармацыі, каб як мага менш падрабязнасцяў паведамляць пра зламыснікаў. Гэта тычыцца, напрыклад, відэазапісаў з удзелам асоб, якія здзейснілі напады на школы, ці тых, хто плануе забойствы польскіх палітыкаў або заклікае да іх.
Аляксандра Осух (Aleksandra Osuch), экспертка каманды Dyżurnet.pl, папярэджвае, што распаўсюджванне поглядаў такіх асоб можа прывесці да эскалацыі сітуацыі.
— Адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі нясуць не толькі СМІ, журналісты, але таксама ўсе карыстальнікі інтэрнэту. Таму так важна, каб мы не будавалі вакол агрэсараў непатрэбнага хайпу, не распаўсюджвалі жорсткіх відэазапісаў і не публікавалі іх маніфестаў або падрабязнага апісання нападаў.
Эксперты рэкамендуюць правяраць інфармацыю, пісаць пра ахвяр і дзеянні службаў, а не пра зламыснікаў. Таксама гучыць заклік паведамляць у адпаведныя органы пра любую падазроную актыўнасць і накіроўваць людзей, якія маюць праблемы з псіхічным здароўем, у службу падтрымкі, напрыклад, можна скарыстацца тэлефоннай лініяй дапамогі 116 111.
У сувязі з трагічнымі падзеямі прэм'ер-міністр склікаў надзвычайнае пасяджэнне прадстаўнікоў дзяржаўных службаў. Дональд Туск (Donald Tusk) казаў, што ў некаторых колах назіраецца захапленнем гвалтам.
— Я звяртаюся да ўсіх з просьбай максімальна супрацоўнічаць са службамі правапарадку, з паліцыяй. Мы павінны стрымаць развіццё гэтай сацыяльнай хваробы нашага часу – захапленне гвалтам. Неабходна зрабіць усё, каб гэтая хвароба не закранала нашых дзяцей.
Паліцыя правяла праверку ў дзясятках тысяч школ. Частка ўстаноў часова адмяніла заняткі. На гэтым тыдні сітуацыя ўжо супакойваецца, аднак праверкі ў школах працягнуцца. Лукаш Патэрскі (Łukasz Paterski) з Галоўнага ўпраўлення паліцыі Познані гаворыць, як гэта адбываецца на практыцы.
— У школах адбываецца праверка паліцэйскіх з аддзелаў барацьбы са злачыннасцю, а таксама ўчастковых і паліцэйскіх, якія займаюцца праблематыкай злачыннасці непаўналетніх. На што паліцэйскія звяртаюць увагу? Перш за ўсё на ўсе трывожныя сігналы, а таксама на паводзіны вучняў, якія могуць быць небяспечнымі. Гаворка ідзе не пра тое, каб нас баяліся, а пра тое, каб эфектыўна дзейнічаць, прадухіляць злачынствы і ахоўваць (вучняў).
Гэтыя падзеі зноў паставілі пытанні пра бяспеку ў школах, доступ моладзі да небяспечных прадметаў і ролю бацькоў ды інтэрнэту. Спецыялісты адзначаюць, што, акрамя кантролю і аператыўнай рэакцыі службаў, неабходныя размовы з маладымі людзьмі, рэагаванне на пагрозы і псіхалагічная дапамога — яшчэ да таго, як канфлікт перарасце ў трагедыю.
Псіхолагі звяртаюць увагу, што школьнікі сутыкаюцца з жорсткім кантэнтам у сеціве, многія гуляюць у відэагульні, дзе прысутнічае гвалт, а таксама ўдзельнічаюць у форумах, якія аб'ядноўваюць людзей з радыкальнымі поглядамі. Гэта рэальная праблема.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск заклікаў таксама палітыкаў і публічных асоб да большай адказнасці ў грамадскай дыскусіі. Кіраўнік урада заявіў, што кожны, хто каментуе прапанаванае заканадаўства аб бяспецы ў інтэрнэце, павінен старанна ўзважваць свае словы.
— Гарачы заклік да ўсіх, хто ўдзельнічае ў грамадскім абмеркаванні – каб не блытаць паняццяў. Свабода слова не мае нічога агульнага з распаўсюджваннем агрэсіі, нянавісці і пагарды. Свабода слова таксама мае межы. Яшчэ я заклікаю, каб не пачынаць дыскусій аб свабодным доступе да зброі. Мы жывём у часы, калі такое захапленне гвалтам, магчымасць хуткага пашырэння небяспечнай інфармацыі, у спалучэнні са свабодным доступам да зброі, становіцца прычынай трагедый у многіх месцах на свеце. Дзякуй Богу, у нас у Польшчы няма гэтай з'явы.
Міністр нацыянальнай адукацыі Барбара Навацка (Barbara Nowacka) заявіла пра шэраг змяненняў, у тым ліку заканадаўчага характару, накіраваных на бяспеку школ – вучняў і настаўнікаў. Падрыхтаваны законапраект, які тычыцца правядзення вучэнняў на выпадак крызісных сітуацый. Акрамя таго, дырэктар павінен атрымаць права канфіскоўваць у вучня прадметы, якія могуць уяўляць пагрозу. Прагучалі і іншыя прапановы, як магчымасць заблакавацца ўнутры класа ў выпадку нападу. Міністр адукацыі Барбара Навацка мяркуе, што неабходна разважыць усе «за» і «супраць», а доступ да такога механізму блакіроўкі не павінен быць адкрытым для ўсіх. Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе вырашэння, тычыцца школьных трывожных кнопак.
IAR/нг