Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Двухмоўе — гэта вялікі дар», — гавораць стажоры, якія дапамагалі настаўнікам польскай мовы за мяжой

17.11.2026 18:16
Самае важнае — удзел бацькоў.
Аўдыё
  • Білінгвізм: вялікі дар, які бацькі могуць даць дзецям.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: belikcenter.ru

Інстытут развіцця польскай мовы (Instytut Rozwoju Języka Polskiego) падтрымлівае польскую адукацыю за мяжой Польшчы. Ён аказвае фінансавую дапамогу ўстановам, дзе можна вывучаць польскую мову і культуру, рыхтуе дыдактычныя матэрыялы, дапаможнікі. А таксама адпраўляе добраахвотнікаў на стажыроўку за мяжу. І такія стажоры пабывалі ў студыі Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё.  

Стажоры Інстытута развіцця польскай мовы цягам некалькіх тыдняў дапамагалі польскім школам у розных кутках свету — у Берліне (Германія), Валенсіі (Іспанія) і Таронта (Канада). Аляксандра Палевіч (Aleksandra Palewicz), Аляксандра Лапатоўска (Aleksandra Łopatowska) і Юлія Скібіньска (Julia Skibińska) — студэнткі лагапедыі, якія ў межах валанцёрскай праграмы стажыровак маглі выкарыстаць свае веды ў навучанні дзяцей, якія гадуюцца ў двухмоўным або шматмоўным асяроддзі польскай дыяспары.

Юлія Скібіньска мела пад апекай як малодшых дзетак, так і школьнікаў. У сваю чаргу Аляксандра Лапатоўска гаворыць пра характэрныя рысы навучання польскай мове за мяжой, каб дзеці самі імкнуліся пазнаць мову, а не рабілі гэта толькі пад прэсінгам бацькоў.

— Нашы заняткі былі скіраваныя на тое, каб дзеці захавалі добрыя ўражанні пра Польшчу. Мы працавалі з дзецьмі ва ўзросце ад трох да адзінаццаці гадоў. Са старэйшымі стараліся размаўляць пра Польшчу: якая яна сёння, з чым атаясамліваецца, каб даведацца, што самі дзеці думаюць пра Польшчу, і паказаць ім яе з добрага боку. Расказаць, што тут можна рабіць, што ёсць шмат цікавых мясцін, магчымасцяў і перспектыў. Безумоўна, вельмі вялікую ролю адыгрываюць бацькі. Відаць, наколькі моцна іх стаўленне ўплывае на выбар мовы, якой дзеці размаўляюць паміж сабой. Важна, ці карыстаюцца яны польскай мовай дома, а не толькі ў школе.

— Вялікая перавага польскіх школ за мяжой — крэатыўнасць настаўнікаў. Яны ўмеюць прыдумляць цікавыя заняткі, заахвочваць дзяцей і паказваць, што польская мова — гэта нешта цікавае, а вучоба можа прыносіць задавальненне. Большасць дзяцей там не проста двухмоўныя, а шматмоўныя. У Валенсіі, акрамя іспанскай мовы, ёсць свая мова. Бацькі часта казалі: «Мы не двухмоўныя, а шматмоўныя», бо дзеці карыстаюцца таксама валенсійскай, а часам і ўкраінскай ці расійскай мовай. Найбольш незвычайным для мяне стала спалучэнне двух рэчаў: дзеці, якія растуць у шматмоўным асяроддзі, вельмі добра валодаюць мовамі, а бацькі актыўна ўдзельнічаюць у іх развіцці. Гэта мне найбольш запомнілася.

Магчыма, нас слухаюць або чытаюць людзі, якія разважаюць, ці вучыць сваё дзіця іншай мове, чым польская і англійская (калі яны жывуць у Польшчы). Скажам, ці спрабаваць навучыць сына або дачку беларускай мове. Гэта вялізная праца, у тым ліку для бацькоў. Гавораць Аляксандра Палевіч.

— На маю думку, самае важнае — удзел бацькоў. Калі мы вырашаем выхоўваць дзіця двухмоўным або шматмоўным, трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў і часу, каб яно добра валодала ўсімі мовамі. Зразумела, узровень валодання імі не заўсёды будзе аднолькавы. Але вельмі важна, каб дзіця не адчувала прэсінгу, каб яно само мела жаданне вывучаць чарговыя мовы.

Аляксандра Лапатоўска адзначае, што бацькі дзяцей, якія хадзілі на заняткі, часта пыталі яе, ці двухмоўе можа нейкім чынам адмоўна ўплываць на развіццё маўлення. Яна магла адказаць на гэтыя боязі з пункту гледжання спецыяліста-лагапеда.

— Двухмоўе зусім не з'яўляецца пагрозай для развіцця дзіцячай мовы. Бацькі часта задавалі мне такія пытанні, таму я разумею, што пэўныя боязі існуюць. На шчасце, усё больш людзей усведамляюць, што двухмоўе — гэта вялікі дар і перавага. Важна цеснае супрацоўніцтва настаўнікаў з бацькамі. Магчыма, гэта звязана з тым, што польскія школы за мяжой аб'ядноўваюць людзей у своеасаблівую супольнасць. Бацькоў часта запрашаюць да ўдзелу ў розных школьных мерапрыемствах і ініцыятывах. Для мяне найважнейшым было ўбачыць, што і бацькі, і настаўнікі разумеюць: агульная мэта — каб дзеці былі двухмоўнымі і добра валодалі польскай мовай. А гэта залежыць ад намаганняў абодвух бакоў – як бацькоў, так і настаўнікаў.

Што бацькі могуць зрабіць, каб дапамагчы дзецям засвоіць родную мову на эміграцыі? Перш за ўсё – размаўляць з імі дома. Калі дзіця штодня карыстаецца роднай мовай у зносінах з бацькамі, яна не ўспрымаецца як нешта навязанае, як прадмет, які неабходна вывучыць у школе. Таму вельмі важна, каб бацькі прыклалі намаганні і размаўлялі з дзецьмі на сваёй мове. Такая важнейшая выснова гутаркі з нашымі гасцямі – Аляксандрай Палевіч, Аляксандрай Лапатоўскай і Юліяй Скібіньскай, якія некалькі тыдняў на добраахвотных пачатках падтрымлівалі настаўнікаў польскай мовы ў школах за мяжой у рамках праграмы Інстытута развіцця польскай мовы.

нг