Эксперт рынку працы Анджэй Кубісяк у выданні Dziennik Gazeta Prawna закранае тэму вяртання палякаў з Вялікабрытаніі пасля выхаду краіны з Еўрапейскага звязу. Палякаў там было нават каля аднаго мільёна. З таго часу, калі стала вядома, што дзяржава вырашыла выйсці з супольнасці, Туманны Альбіён пакінула каля 100 тыс. палякаў.
Чаму так сталася? Адказаў на пэўна столькі ж, колькі вяртанняў. Але ёсць некалькі галоўных прычын. Па-першае, запавольванне ў ангельскай эканоміцы. Па-другое, курс фунта стэрлінга – ён упаў з 6 да 5 злотых. У выніку праца на выспах і перавод грошай у Польшчу значна менш аплачваецца. Па-трэцяе – новая міграцыйная палітыка брытанскіх уладаў. Адным з важнейшых аргументаў за брэксіт была вялікая хваля працаўнікоў з іншых краін. Улады Вялікабрытаніі прынялі жорсткую міграцыйную палітыку. У выніку без праблем змогуць прыехаць працаваць на выспы толькі асобы з высокай кваліфікацыяй, якія валодаюць ангельскай мовай.
У сваю чаргу ў Польшчы таксама змянілася сітуацыя – у лепшы бок. Рэкордна нізкае беспрацоўе, рост заробкаў, туга па блізкіх, якія засталіся на Радзіме – гэтыя фактары спрыяюць вяртанню палякаў. Улады павінны прадумаць, як разумна дапамагчы тым, хто вяртаецца. Варта ўвесці нейкія падатковыя льготы, а таксама сістэму дапамогі дзецям такіх асобаў, многія з якіх не валодаюць польскай мовай і нават не памятаюць жыцця ў Польшчы.
нг