Біскуп Варшаўска-Праскай дыяцэзіі Рамуальд Каміньскі гаворыць Польскаму радыё, што вельмі многія людзі, якія сур’ёзна падыходзяць да свайго жыцця, з вялікай радасцю прымаюць час Вялікага посту:
Пасля ўсяго напружання, якое прыносіць нам штодзённае жыццё, чалавек з’яўляецца стомленым. А пост – гэта час, калі я магу супакоіць сваё сэрца, падумаць пра звышнатуральныя справы, пра сэнс майго жыцця. Час, калі я магу карыстацца спадчынай ранейшых пакаленняў. Я маю на ўвазе малітву, набажэнства «Песняў жальбы», Крыжовы шлях, а таксама іншыя формы задумы ў Вялікім посце.
Біскуп Рамуальд Каміньскі дадаў, што Вялікі пост, які з’яўляецца фундаментам Касцёла і веры, з’яўляецца багаццем, якое сёння вельмі патрэбнае:
- Калі мы стала молімся і хочам, каб Польшчы была моцная, вялікая, аўтарытэтная, каб з намі лічыліся ў свеце, то мы не можам забаўляльным чынам выхоўваць наступныя пакаленні. Сіла і прыгажосць унутранага свету чалавека – гэта фундамент, на якім можна будаваць станоўчыя рэчы. Пост з’яўляецца добрай нагодай, каб адмовіцца ад заганных звычаяў і, як кажа святы Павал, аб’яднацца з Божым Духам.
У польскім і беларускім касцёлах падчас посту ўжо больш за 300 гадоў адпраўляецца нядзельнае набажэнства «Песні жальбы». Яго назва паходзіць ад першых словаў песні: «Песні жальбы прыбывайце, у сэрцы нашыя пранікайце».
Гаворачы пра польскую традыцыю ў першую нядзелю Вялікага посту 2004 году Папа рымскі Ян Павал ІІ гаварыў, што разважанні падчас «Песняў жальбы» дапамагаюць адшукаць сэнс пакутаў і смерці Хрыста:
- Заахвочваю да ўдзелу ў «Песнях жальбы», якія нас набліжаюць да разважання пакутаў Пана Езуса Хрыста, нашага Уладара і Збаўцы. Я таксама кожную нядзелю спяваю з жыхарамі майго дому «Песні жальбы». Няхай Пан Бог усім блаславіць на Вялікі пост.
Набажэнства дагэтуль захавала даўнюю форму і старапольскую мову. Нягледзячы на многія архаізмы, «Песні жальбы» застаюцца блізкімі сучаснаму чалавеку, паколькі гавораць пра пакуты Хрыста, адносячыся да пачуццяў і ўнутраных перажыванняў чалавека.
Вялікі пост для хрысціян з’яўляецца асаблівым перыядам, які павінен дапамагчы ў паглыбленым роздуме над жыццём і каштоўнасцямі.
Акрамя пакутных набажэнстваў, важным элементам перажывання посту ва ўсіх веравызнаннях з’яўляецца міласціна. Ужо 15-ты раз каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Карытас Польшча», «Элеос» Праваслаўнай царквы, дыяконіі Евангельска-Аўгсбурскага і Евангельска-рэфрмаванага касцёлаў распачалі дабрачынную акцыю «Вялікапостная міласціна». У Вялікім посце дзеці і моладзь будуць збіраць ахвяраванні ў спецыяльныя скарбонкі. Сродкі будуць прызначаныя для старых людзей у патрэбе.
Генеральны дырэктар дыяконіі Евангельска-Аўгсбурскага касцёла Ванда Фальк гаворыць, што моладзь і дзеці ахвотна далучаюцца да акцыі:
- Акцыя карыстаецца зацікаўленасцю ў нашых парафіях. Мы разаслалі агулам 12 тысяч скарбонак. І пачаткова іх бралі на ўроках рэлігіі дзеці, цяпер іх бяруць дарослыя, цэлыя сем’і. Яны збіраюць ахвяраванні на працягу сямі тыдняў. Гэта, напрыклад, сем тыдняў без прыемнасцяў, а ашчаджаныя грошы прызначаюцца на дапамогу людзям у патрэбе.
Каталікі і праваслаўныя сёлета святкуюць Вялікдзень 12 красавіка. Праваслаўныя на тыдзень пазней – 19 красавіка.
ав