Беларуская Служба

Ці ўрады робяць памылку, уводзячы вельмі жорсткія меры барацьбы з каранавірусам?

21.11.2020 12:00
Часам гэтая тэма прадстаўляецца з зусім супрацьлеглых пунктаў гледжання.
Szpital Narodowy
Szpital NarodowyCezary Piwowarski/PRSA

Для Польшчы магутная другая хваля эпідэміі COVID-19 стала ў вялікай ступені нечаканасцю. Людзі, канешне, разумелі, што восенню хвароба зноў ударыць, але не прадбачвалі, што з такой сілаю. І таму цяпер тэматыцы прысвячаецца вельмі шмат увагі ў розных сродках масавай інфармацыі. І часам гэтая тэма прадстаўляецца з розных пунктаў гледжання. У выданні Sieci адзін за другім два артыкулы, у якіх госці прэзентуюць зусім адрозны падыход. У першым гутарка з доктарам, спецыялістам так званай выратавальнай медыцыны Кшыштафам Тыбурчым (Krzysztof Tyburczy), які працуе ў шпіталі ў горадзе Астралэнка.

Лекар гаворыць, што можа здарыцца поўны калапс польскай службы аховы здароўя, гэта значыць, наступіць такі момант, калі дактары ўжо не змогуць ратаваць людзей. Прыйдзе такі час, калі фізічна не будзе месца для новых пацыентаў у шпіталі, не будзе магчымасці іх падключыць пад кіслародную апаратуру, не будзе каму іх абслугоўваць. Паводле падлікаў амерыканскіх аналітыкаў, такі момант можа прыйсці на пачатку снежня. Госць выдання разлічвае, што так не станецца.

Лекарам прыходзіцца часам ужо выбіраць, каго лячыць, у каго самыя вялікія шанцы на папраўку. Іншыя атрымаюць мінімальнае лячэнне, а мо не атрымаюць яго агулам. Ці доктар адчувае сябе як на вайне? Паводле ягоных словаў, гэта ўжо не тое што вайна, а хутчэй Варшаўскае паўстанне або Вестэрплатэ. А неўзабаве лекары пачнуць сябе адчуваць як у канцлагеры. Варта маліцца за лёгкую форму COVID-19, бо няма сумненняў, што перахварэем усе, – адзначае доктар.

 

Далей ідзе інтэрв’ю з іншым доктарам – кардыёлагам Паўлам Басюкевічам (Paweł Basiukiewicz). Ён мяркуе, што тыя захады, якія прымае польская дзяржава ды большасць дзяржаваў свету ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, зусім непатрэбныя і сталi вынікам панікі або, як ён вобразна кажа, – бомбы на стадыёне. Калі б не рэакцыя кітайскіх уладаў ды ўвага СМІ, ніхто б не заўважыў, што сёлета паявілася нейкая глабальная медычная праблема, акрамя самых назіральных лекараў, якія згадвалі б пазней восень 2020 як сезон выключна цяжкіх інфекцый дыхальных шляхоў.

У Польшчы хапае шпітальных ложкаў, у гэтай статыстыцы краіна не адстае ад іншых. Вялікая праблема затое ў малой колькасці медычнага персаналу. Таму некаторыя рашэнні, як масавае тэставанне медыкаў, былі поўным абсурдам. На думку Басюкевіча, не трэба было дзяліць службу аховы здароўя на тую, якая лечыць COVID-19 і тую, што займаецца іншымі хваробамі. Гэта вельмі каштоўны і неэфектыўны падзел. У выніку многія пацыенты з рознымі захворваннямі, але не каранавірусам, не атрымліваюць дапамогі.

Локдаун або інакш нацыянальны каранцін – гэта, меркаваннем доктара, тое лякарства на COVID-19, якое аказалася горшым ад самой хваробы. У палітыкаў не хапае адвагі прызнаць гэтую памылку.

нг