Праваабарончы цэнтр «Вясна» прадставіў сёння даклад на тэму «Беларусь, жнівень 2020: «правасуддзе» для пратэстоўцаў».
Дакумент асвятляе парушэнні стандартаў справядлівага судовага працэсу над удзельнікамі мірных дэманстрацый супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Даклад падрыхтавалі Праваабарончы цэнтр «Вясна» і эксперты Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі тысячы ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў сталі ахвярамі катаванняў і жорсткага абыходжання. Згодна з Канстытуцыяй і агульнапрызнанымі міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, суд выконвае ролю гарантыі супраць катаванняў. Але ва ўмовах рэзкай дэградацыі сістэмы правасуддзя ў Беларусі ён ператварыўся ў інструмент рэпрэсій і падаўлення іншадумства.
Аўтары дакладу на падставе сведчанняў ахвяр, працэсуальных дакументаў і судовых пастаноў прааналізавалі ўсе этапы адміністрацыйнага працэсу і ацанілі захаванне гарантый, уласцівых справядліваму суду.
Як сказаў падчас прэзентацыі дакументу юрыст Павел Сапелка, даклад быў падрыхтаваны на падставе апытання амаль сарака чалавек, якія былі затрыманыя падчас акцый пратэсту ў жніўні бягучага году. Яны прайшлі праз пекла беларускай рэпрэсіўнай сістэмы. Гэтыя людзі спадзяваліся, што суд верне ім справядлівасць, але суд стаў чарговым кругам пекла.
- На старонках дакладу расказваецца пра тое, як ажыццяўлялася права затрыманых на справядлівае судовае разбіральніцтва. Людзі распавядалі, што яны былі затрыманыя, прайшлі праз некалькі кругоў пекла і спадзяваліся, што суд паставіць кропку ў іх пакутах, перавядзе іх справу ў рамкі прававога поля. Але, на жаль, судовы працэс для гэтых людзей вельмі часта станавіўся чарговым пеклам. Суддзі – людзі, якія павінны вяршыць правасуддзе і аднаўляць справядлівасць, сталі яшчэ адным інструментам рэпрэсій у адносінах удзельнікаў мірных акцый пратэсту.
У дакладзе ішла гаворка аб парушэнні стандартаў справядлівага судовага разбіральніцтва у дачыненні да ўдзельнікаў мірных дэманстрацый супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала і Беларусь, гарантуе: бесстароннасць суда; адсутнасць любога ўплыву, ціску ці запалохвання, умяшання любога з бакоў і па любых матывах; галоснасць судовага разбору; дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі да сваёй абароны, а таксама магчымасць мець зносіны з абаронцам; магчымасць дапытваць сведак, якія паказваюць супраць абвінавачанага, або мець права на тое, каб гэтыя сведкі былі дапытаныя; не быць прымушаць да дачы паказанняў супраць самога сябе або да прызнання сябе вінаватым; права на абскарджанне судовай пастановы. Па інфармацыі праваабаронцаў, усяго гэтага не было падчас судовых працэсаў супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту.
- Як правіла гэтых правоў або часткі гэтых правоў затрыманыя былі пазбаўленыя. Гэта пацвярджаецца і вынікамі апытанняў, праведзеных праваабаронцамі, і працэсуальнымі дакументамі. Гэта не проста словы людзей, гэта пацверджана доказамі, а таксама даведкамі медычных установаў аб выпадках жорсткага збіцця. Мы прыйшлі да высновы, што права на справядлівы суд у адносінах тых людзей, якія знаходзіліся ў следчых ізалятарах з 9 па 13 жніўня, было сур'ёзна парушана.
У дакладзе няма імён ахвяр рэпрэсій, затое прадстаўленыя ўсё дадзеныя суддзяў, якія вяршылі над імі суд, – працягвае Павел Сапелка.
- У гэтым дакладзе не названае ніводнае імя тых людзей, якія давалі нам інфармацыю пра судовыя працэсы. Гэта звязана з клопатам аб бяспецы гэтых асобаў, хаця многія з іх давалі сваю згоду на кожны від распаўсюджвання звестак аб сваіх персанальных дадзеных, згаджаліся, каб інфармацыя пра іх была і ў дакументах праваабарончага цэнтру »Вясна», і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, пад эгідай якой адбываўся збор гэтых звестак. Пры гэтым, у дакладзе ёсць імёны ўсіх суддзяў, якія разглядалі справы людзей, апісаных у дакладзе.
Даклад быў падрыхтаваны пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў. Юрысты спадзяюцца, што дзякуючы яму міжнародныя арганізацыі правоў чалавека будуць мець лепшае ўяўленне пра сітуацыю ў Беларусі.
- Мы вельмі спадзяемся, што дзякуючы як нашым высілкам, так і старанням нашых калег з гэтых арганізацый, даклад стане шырока вядомы. Ён будзе прадстаўлены ўсім зацікаўленым субʼектам, у тым ліку інстытутам Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.
Таксама ў дакладзе апісаны выпадкі, калі суддзі не адрэагавалі на відавочныя сляды катаванняў у затрыманых і не распачалі мер па абароне ахвяр.
нг