Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палітычныя падзеі ў Беларусі - нагода для развіцця штучнага інтэлекту

14.12.2020 19:24
Распазнаванне твараў схаваных пад балаклавамі можа дапамагчы ў развіцці сусветных лічбавых тэхналогій.
Аўдыё
  • Гульні пра палітычныя падзеі дапамагаюць тлумачыць нюансы беларускага пратэсту і гісторыі
Здымак мае ілюстрацыйны характарPixabay

На мінулым тыдні ў інтэрнэце прайшла канферэнцыя «Games for Impact», прысвечаная гульням, галоўнай мэтай якіх з’яўляецца адукацыя і пашырэнне ведаў пра свет, у якім мы жывем. У сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі адна з панэльных дыскусій канферэнцыі датычыла Беларусі і таго, як лічбавы свет можа ўплываць на грамадства, яго супрацьстаянне і змаганне з сістэмай. Дыскусію вёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, а сярод удзельнікаў быў шэраг беларускіх айцішнікаў, дызайнераў і адмыслоўцаў у галіне лічбавай прадукцыі.

У прыватнасці, падчас дыскусіі можна было даведацца пра гісторыю беларускіх гульняў з палітычна-грамадскімі элементамі яшчэ з 90-ых гадоў, калі група прыхільнікаў гурта N.R.M. стварыла свой праект пра прыгода музыкі Лявона ў Мінску на пачатку кіравання Лукашэнкі. Гульня, на жаль, не была скончаная.

Андрэй Ісакоў з Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў расказаў пра гульню, у стварэнні якой ён удзельнічаў, і якая называецца «Гэта не крута». Галоўная мэта гульні - адукацыя дзяцей і падлеткаў для таго, каб яны ведалі, што рабіць, калі іх затрымаюць сілавікі. Хаця гульня не звязаная з цяперашнімі падзеямі, яна надалей актуальная.

-Гэтая гульня была створаная гады два таму і гэта было перад падзеямі бягучага года, але я думаю, што яна надалей актуальная. Мэта праекту – падказаць маладым людзям, як сябе паводзіць, калі затрымаюць. Гульня створаная перш за ўсё для падлеткаў, каб яны маглі абараняцца і не пагоршыць сваёй сітуацыі падчас затрымання або допыту. Можаце ўвайсці ў ролю двух братоў – Юрася і Кастуся. Яны прымаюць удзел у нейкіх падзеях у горадзе, падчас якіх чуваць выбух. Яны спрабуюць уцячы адтуль. Іх хапае міліцыянт, і тады ўсё пачынаецца. Кожнае рашэнне, якое вы прымаеце пасля, яно вызначае далейшыя падзеі і тое, што адбудзецца з героямі. І гэта была самая вясёлая частка ў прадукцыі, таму што ёсць вельмі шмат магчымасцяў развіцця, гэта ўсё спалучанае між сабой. Ім дапамагае праваабаронца, якая заўсёды падказвае як весці сябе, што рабіць у дадзенай сітуацыі.

Гэтая гульня актуальная перадусім сёння, калі шмат маладых людзей трапляе пад арышт. Яны часта не ведаюць, як сябе паводзіць. Спроба прайсці праз гульню «Гэта не крута» можа дапамагчы некаторым маладзёнам у будучым сутыкненні з сілавікамі.

Гульнёй, якая была створаная ў сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі, з’яўляецца «Сфальсіфікуй свае ўласныя выбары» Міхаіла Фядотава, які стараўся стварыць праект, які дапамог бы растлумачыць спецыфіку беларускіх выбараў. У гульні мы можам увайсці ў ролю чалавека звонкі сістэмы лукашэнкаўскай Беларусі.

-Я стварыў гэтую гульню, каб паказаць тых, хто з’яўляецца апорай рэжыму Лукашэнкі. Вы можаце гуляць, напрыклад, як кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Гэта ставіць вас у пазіцыі чалавека ўлады: вы высокапастаўлены чыноўнік, прымаеце важныя рашэнні, але адначасова вы абмежаваныя ў сваіх дзеяннях, бо жывяце ў рэжыме, у якім кожны кожнага кантралюе, дзе няма даверу між людзьмі сістэмы. І ў выніку, што мы добра бачылі ў гэтым годзе, гэта вядзе ў тупік. Так што гульня з’яўляецца фікцыяй, але ўрэшце рэшт заахвочвае гульцоў зацікавіцца падзеямі ў Беларусі, чытаць артыкулы пра беларускі крызіс у такіх крыніцах, як BBC, Reuters, Euronews і іншых. Такім чынам я стараўся паказаць, як цяжка стварыць з аднаго боку дакументальную гульню, а з іншага боку заахвоціць пацікавіцца рэальнымі падзеямі ў краіне.

У першы месяц беларускага пратэсту выразнымі антыгероямі сталі беларускія сілавікі. У сувязі з тым, што яны затрымлівалі, каралі і збівалі людзей, у народзе выбухнула поўная нянавісць да ўсіх тых, хто служыць рэжыму. Аднак праблемай было тое, што ўсе яны выконвалі свае злачынствы ў балаклавах, каб не можна іх было ідэнтыфікаваць. На дапамогу прыйшла праграма, якая на аснове іх здымкаў і пры выкарыстанні штучнага інтэлекту знаходзіла тых, хто збіваў беларускі народ. Пра ідэю стварыць такую праграму расказаў Андрэй Максімаў, адзін з яе заснавальнікаў.

-Шчыра кажучы, у вялікай ступені нашай мэтай было не тое, каб паказаць гэтых людзей народу, але ім самім. І гэта вельмі цікава, бо заўсёды цяжка ацаніць уплыў, які маюць такія дзеянні на тых, каго непасрэдна закранаюць. Таму што паказванне камусьці вынікаў ягоных дзеянняў, усведамленне злачынстваў з’яўляецца важнай часткай усяго працэсу. Бо ёсць людзі, якія здзяйсняюць нейкае злачынства і думаюць, што яны безкарныя, або нават, што яны правільна паступаюць. І ты паказваеш ім, што яны неананімныя, і гэта ўплывае на іх самаадчуванне. Гэта мае вялікі ўплыў на так званую «інтэрактыўнасць у імя змен», магчымасці тэрапіі, калі ты зрабіў нешта, і калі трэба панесці адказнасць за штосьці, што ты можа ўспрымаў у іншым ключы. Некаторыя людзі кажуць, што тэхналогія VR з’яўляецца чымсьці накшталт «люстэрка нашай душы», бо дае магчымасць паказаць людзям тое, кім яны ёсць насамрэч.

Са згаданай канферэнцыяй можна пазнаёміцца ў сетцы Facebook і на YouTube-канале канферэнцыі Games for Impact. На іх сайце можна таксама знайсці інфармацыю пра гульні і аўтараў, якія выступалі на мерапрыемстве.

І сапраўды, 21 стагоддзе можа стаць перыядам, калі гульні і іншыя праекты, звязаныя з новымі тэхналогіямі, будуць новай крыніцай уплыву на грамадства як з боку ўладаў, так і наадварот.

Альберт Ежы Вяжбіцкі