53 гады таму, 8 сакавіка 1968 года, на галоўным кампусе Варшаўскага ўніверсітэту адбылася акцыя пратэсту ў сувязі з адменай камуністычнымі ўладамі пастаноўкі «Дзядоў» А. Міцкевіча і адлічэннем з універсітэту Адама Міхніка і Генрыха Шляйфера. Студэнцкую акцыю жорстка разагнала міліцыя і атрады пралетарскіх актывістаў.
Гэта стала пачаткам так званых «Сакавіцкіх падзеяў» або Палітычнага крызісу ў Польшчы 1968 года. Крызіс пачаткова быў выкліканы хваляй студэнцкіх пратэстаў, а далей на яго наклалася зацятая барацьба розных кланаў у кіраўніцтве Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі (мясцовы аналаг КПСС). Асноўнай прыладай барацьбы кланаў стала антысеміцкая кампанія.
Падзеяй, якая была штуршком для студэнцкіх пратэстаў у сакавіку 1968 года, стала пастаноўка легендарных «Дзядоў». Спектакль, пастаўлены рэжысёр Казімежам Дэймкам, з Густавам Холубкем у ролі Густава, прэм'ера якога адбылася ў канцы лістапада 1967 года ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве, падазраваўся ў антысавецкай прапагандзе, гаворыць навуковы супрацоўнік Габрэйскага гістарычнага інстытуту, прафесар Анджэй Жбікоўскі:
-Адкртымі застаюцца шмат пытанняў, датычных падзеяў 1968 года ў Польшчы. Выразна можна вылучыць два аспекты гістарычнага кантэксту. Першы звязаны з Шасцідзённай вайной чэрвеня 1967 года. Ізраіль апераджальным ударам разграміў армію арабскай кааліцыі. Арабаў падтрымліваў Савецкі Саюз і яго сатэліты – сацыялістычны блок. Масква агрэсіўна адрэагавала на паразу сваіх хаўруснікаў. Адразу ў аднабаковым парадку былі разарваныя дыпламатычныя адносіны сацыялістычных краінаў з Ізраілем, выключэннем была Румынія.
Ва ўсіх гэтых краінах ужо тады распачаліся агітацыйныя кампаніі супраць Ізраілю. Фармальна абвінавачваліся не габрэі, а сіяністы, і створаная імі дзяржава – Ізраіль. У Польшчы такія дзеянні перараслі ў сапраўдную антыгабрэйскую кампанію. Габрэяў, якія засталіся Польшчы, якія перажылі Галакост, і па сутнасці ўжо былі палякамі габрэйскага паходжання, выкідалі з дзяржаўнай службы – з адміністрацыі, з арміі, з МУС.
Адначасова з гэтым працэсам, сярод польскай моладзі набіраў моц так званы рэвізіяністычны рух. Ён заключаўся ў крытыцы камуністычнай улады за адыход ад здабычаў адлігі, лібералізацыі, якая пачалася ў кастрычніку 1956 года. На гэтай ідэалагічнай аснове паўставалі розныя студэнцкія клубы, напрыклад Klub poszukiwaczy szpeczności («Клуб пошукаў супярэчнасці»), або дыскусійны клуб Krzywe Kolo («Крывое кола»). Усе дыскусіі ў гэтых клубах вялі да аднаго пытання, як у Польшчы пабудаваць сацыялізм з чалавечым тварам. Адметна, што ў гэтых гуртках ніхто не сумняваўся ў тагачасным палітычным ладзе, ці вядучай ролі Кампартыі.
Кульмінацыяй гэтых працэсаў стала дэманстрацыя студэнтаў, яка прайшла ад будынку Нацыянальнага тэатра Польшчы да Помніка Адаму Міцкевічу і студэнцкае веча на кампусе Варшаўскага ўніверсітэту, якое было брутальна разагнанае міліцыяй і рабочымі. У наступныя дні студэнцкія страйкі салідарнасці пракаціліся па большасці польскіх ВНУ. У адказ на гэта ўлада ўзмацніла антысеміцкую кампанію. Чаму яна аказалася такая моцная і «паспяховая»?
-Увесь час гаворым пра перыяд кіравання Уладзіслава Гамулкі, які пачаўся ў 1956 годзе. Недзе ў 1964 годзе адбывалася пэўная «нацыяналізацыя» партыйных кадраў. Габрэяў па крысе адхілялі ад кіраўнічых пасад. Трэба разумець, што ў Польшчы пастаянна прысутнічаў антысемітызм. Пасля вайны габрэі працягвалі быць «чужымі» у Польшчы, а на дадатак выратаванымі Чырвонай Арміяй, іх не любілі. Гэта не была нейкая вялікая і ўплывовая група грамадства. У тыя часы іх магло налічвацца каля 50-60 тысяч, а напярэдадні вайны было каля 3 млн габрэяў.
Як праходзіла антысеміцкая кампанія пасля падзеяў сакавіка 1968 года?
- У 95% выпадкаў габрэі былі ўжо цалкам паланізаваныя, яны амаль не наведвалі сінагогаў, амаль не ўдзельнічалі ў рэлігійных святах. Галоўным іх адрозненнем былі сямейныя традыцыі, досвед, здыбыты падчас Другой сусветнай вайны і самы распаўсюджаны «індыкатар» – прозвішча. На іх пачалося сапраўднае паляванне. Іх выкідвалі адкуль толькі было можна: пачынаючы ад арміі, заканчваючы фабрыкамі і заводамі.
Можна сказаць, што зʼявілася забава «паляванне на габрэяў». Кожная ўстанова, фабрыка хацела знайсці свайго габрэя і абавязкова звольніць яго з працы, а як быў у партыі, то і з партыі. Далей трэба было нешта з імі рабіць. Улада пачалі ціснуць на іх, падбухторваць да эміграцыі.
Ім «настойліва прапаноўвалі» звярнуцца ў міліцыю па пашпарты – дакумент падарожжа ў адзін бок. Неабходна было адмовіцца ад польскага грамадзянства. Пасля выканання ўсіх фармальнасцяў распачыналіся спробы распродажу майна. Ім былі прадстаўлены вельмі абмежаваныя магчымасці. Напярэдадні выезду ўлада дазваляла купіць пяць долараў на новае жыццё. І потым было адпраўленне цягнікоў з Гданьскага чыгуначнага вакзалу ў Варшаве.
У выніку антысеміцкай кампаніі 1968 года сваю радзіму вымушаны былі пакінуць ад 12 да 15 тысяч польскіх габрэяў. Большасць з іх трагічна перажывалі развітанне з бацькаўшчынай цягам усяго свайго жыцця. Польшча цалкам страціла габрэйскую меншасць, якая калісьці была неадʼемнай часткай грамадства гэтай краіны.
З прафесарам А. Жбікоўскім гутраыў Эдуард Жолуд.
Слухайце аўдыё!