Беларуская Служба

Праваслаўныя вернікі святкуюць Пасху

02.05.2021 05:16
У праваслаўі статус Вялікадня як галоўнага свята адлюстроўваюць слова «свята святаў і ўрачыстасць урачыстасцяў».
Аўдыё
  • Праваслаўныя вернікі святкуюць Пасху
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/C00

Праваслаўныя вернікі святкуюць Пасху – самае вялікае свята ў хрысціянскіх цэрквах, найстаражытнае і найважнейшае хрысціянскае свята, якое адзначалася яшчэ ў часы апосталаў і было ўсталявана ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста – цэнтра ўсёй біблейскай гісторыі і асновы ўсяго хрысціянскага вучэння.

У праваслаўі статус Вялікадня як галоўнага свята адлюстроўваюць слова «свята святаў і ўрачыстасць урачыстасцяў».

Неад’емным элементам, дзякуючы якому вернікі сімвалічна пераходзяць з Вялікага посту і Вялікага тыдня да святкавання Вялікадня з’яўляецца плашчаніца. Гаворыць айцец Міраслаў Філімоняк.

-Плашчаніца – гэта тканіна, якая была выкарыстана для абраду, калі цела памерлага смаравалі алеямі, закручвалі ў белую тканіну і клалі ў магілу. Мудры Юзаф, адзін з вучняў Хрыста, разам з Нікадэмам, мы яго называем благаразумным, паклалі цела Хрыста ў магілу. Яшчэ ў Вялікую суботу па сярэдзіне храма стаіць сімвалічная магіла Хрыста, на якой ляжыць плашчаніца. Ёй вернікі кланяюцца. І аддаюць знак пашаны памерламу, стаяць на варце ўсю ноч, моляцца, спяваюць песні і чытаюць Дзеі Апосталаў.

Перад тым як сесці за святочны стол вернікі ноч праводзяць у храме. Набажэнства пачынаецца перад поўначчу.

-З алтара выходзяць святары, якія ідуць у працэсіі вакол храма, а за імі вернікі. Аднак, пасля працэсіі дзверы ў царкву зачыненыя. Святар тры разы ўдарае крыжом у дзверы і яны адчыняюцца. Святар ўводзіць вернікаў у сярэдзіну. У месцы, дзе яшчэ некалькі хвілін таму была магіла, цяпер яе няма. Усе звяртаюцца да сябе словамі: Хрыстос уваскрос. Смерцю смерць растаптаў. Гэтая радасць з пустой магілы абвяшчаецца вернікам. Яны тымі ж словамі: «Хрыстос уваскрос. Сапраўды ўваскрос» адказваюць святару. Словы радасці гучаць асаблівым чынам, абуджаючы да жыцця ўсіх.

Святочны характар і настрой захоўваецца на працягу ўсяго наступнага тыдня – працягвае айцец Міраслаў Філімоняк.

-Гэта выключны тыдзень. Тыдзень вялікай радасці. Тыдзень, калі кожная царква мае адчыненыя царскія вароты. Калі няма набажэнстваў, падчас якіх няма чытанняў, усё спяваецца. Выключэннем з’яўляецца Евангелле, але яго таксама чытаюць спеўна. Ва ўсім праяўляецца радасць.

А гэтая радасць працягваецца даволі доўга. Словамі «Хрыстос Уваскрос» праваслаўныя вернікі будуць вітацца 40 дзён, да свята Унебаўшэсця Гасподняга.


ав