Беларуская Служба

Мінск не даруе сваім крытыкам

18.09.2023 09:45
«Будзем спадзявацца, што ЕС нешта прыдумае», – кажуць беларускія мігранты.
Беларускі пашпартфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/нг

Указ Аляксандра Лукашэнкі ўскладняе жыццё беларусам за мяжой. Цяпер па такіх справах, як падаўжэнне тэрміну дзеяння або выдача новага пашпарта яны мусяць звяртацца непасрэдна да ўладаў у Беларусі, між тым, для часткі з іх – гэта вялікая рызыка, нагадвае старонка Deutsche Welle.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту, у канцы 2021 года, Зміцер з'ехаў за мяжу і зараз пражывае з сям’ёй у Польшчы. Від на жыхарства ён атрымаў па ўрадавай праграме «Poland. Business Harbor», накіраванай да ІТ-спецыялістаў і кампаніяў.

У Польшчы ў яго нарадзілася дачка. Каб атрымаць беларускі пашпарт для дзіцяці, аднаму з бацькоў трэба ехаць на радзіму. Дзмітрый лічыць, што гэта для іх небяспечнае. Замест гэтага ён разглядае магчымасць звярнуцца па статус міжнароднай абароны ў Польшчы. Але гэта таксама складаная справа.

«У нас няма доказаў таго, што нас пераследавалі. Я не запісваў размовы з міліцыянтамі, калі мне выклікалі па справе партызанскага руху на чыгунцы», – кажа мужчына. Дачка Дзмітрыя магла б атрымаць польскі праязны дакумент, прызначаны для замежнікаў, якія не маюць сапраўднага замежнага пашпарта. Але для гэтага адзін з бацькоў павінен быць пад міжнароднай абаронай або дзіця ўжо павінна мець від на жыхарства ў Польшчы. Аднак, каб атрымаць від на жыхарства, патрэбны беларускі дакумент, паясняе Дзмітрый. «Будзем спадзявацца, што ЕС нешта прыдумае», – кажа мужчына.

Тэрмін дзеяння пашпарта Уладзіміра закончыцца вясной 2024 года. «Я ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, страйкаваў на працы і быў звольнены. Потым я зʼехаў з краіны. Сябры мне паведамілі, што калі я толькі перасяку мяжу, супраць мяне будзе ўзбуджаная справа», – паясняе беларус.

Юля шэсць гадоў таму пераехала ва Украіну, працавала там у прадстаўніцтве беларускай IT-кампаніі і выйшла замуж за ўкраінца. Калі пачалася вайна яна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарную візу і падала дакументы на від на жыхарства. «Я кожныя тры месяцы езджу ва Украіну, каб наведаць мужа і каб не страціць украінскі дазвол на іміграцыю», – кажа яна. З-за частых паездак у пашпарце амаль не застаецца месца для дадатковых штампаў і віз. Ёй сапраўды спатрэбіцца новы пашпарт. Але Юля баіцца ехаць, паколькі ў сацсетках рашуча падтрымала Украіну.

Ірына, якая 14 гадоў жыве ў Германіі. У канцы лютага падала дакументы на новы пашпарт. У чэрвені ёй паведамілі, што ён гатовы. Паколькі была ў адпачынку, адразу забраць дакумент не змагла. Пазней даведалася, зараз яго ўжо ёй выдаць не могуць.

Пісьменніку і журналісту Сашу Філіпенку, які пражывае ў эміграцыі ў Швейцарыі, таксама паведамілі, што ён павінен ехаць у Беларусь па новы пашпарт. Падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе ён апублікаваў некалькі артыкулаў і даў інтэрвʼю, у якіх рэзка крытыкаваў рэжым Лукашэнкі і патрабаваў вызваліць палітвязняў. З гэтай прычыны ў Беларусі яму пагражае крымінальная адказнасць. Саша Філіпенка не выключае, што да заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта, Мінск можа пазбавіць яго беларускага грамадзянства.

аз

Валер Кавалеўскі: Пашпарта дэмакратычнай Беларусі можна чакаць найхутчэй на пачатку наступнага года

24.08.2023 15:02
Мы разумеем справа высокарызыкоўная, але гэта тая справа, якую прасілі беларусы, сказаў прадстаўнік АПК па замежных справах.