Беларуская Служба

Новы праект «Моладзевага блоку»: пазначыць усе захараненні беларусаў у Польшчы

27.09.2023 14:21
Праца вядзецца ў трох польскіх гарадах. Наагул, у планах стварыць такую мапу не толькі для Польшчы, але і для ўсяе Еўропы.
Аўдыё
  • Новы праект “Моладзевага блоку”: пазначыць усе захараненні беларусаў у Польшчы
Могілкіjozefbabij/pixabay.com/CC0 Public Domain

Актывісты «Моладзевага блоку» у Польшчы распачалі праект па стварэнню мапы захараненняў беларусаў у Польшчы. 

Праект распачаўся адразу ў трох гарадах

Іва адна з актывістак «Моладзевага блоку» у Познані распавядае, што ідэя па стварэнню мапы беларускіх захараненняў у Польшчы належыць Сяргей Тубальцу. Гэтай тэмай, паводле маёй суразмоўніцы, ён цікавіўся яшчэ ў Беларусі, калі працаваў у музеі Архітэктуры і быту.

Ён таксама апынуўся пасля 2020 года ў Польшчы і вырашыў ствараць мапу беларускіх захараненняў у гэтай краіне. Быў час, каб прадумаць праект, а ў 2023 годзе знайшлася каманда людзей якіх зацікавіла гэтая тэма. Вырашылі пачаць з Польшчы. Да праекту далучыліся валанцёры, ужо ёсць некалькі экспертаў і сёлета ў жніўні ён распачаўся ў трох польскіх гарадах: Гданьску, Варшаве і Познані.

-Гэты праект найперш робіцца для моладзі, для таго, каб яны маглі дакрануцца да сваіх продкаў. Валанцёры хочуць стварыць мапу і сайт захараненняў беларусаў з тым, каб потым кожны мог адшукаць патрэбныя пахаванні, а таксама мог дадаць туды сваіх сваякоў і знаёмых.

Іва распавядае, што праект толькі набірае моц, адбыліся першыя прыгатаванні і зараз валанцёры прыступілі да практычнай працы. Работы адначасова, паводле яе, вядуцца ў трох гарадах.

-Літаральна месяц-два, як працы распачаліся. Даследчыцкі этап скончыўся і цяпер праект на стадыі палявога збору інфармацыі, удзельнікі наведваюцца на могілкі, робяць здымкі, збіраюць звесткі аб беларусах чые магілы яны адшукалі.

У мапу беларускіх захараненняў імкнуцца ўключыць усіх беларусаў

Паводле маёй суразмоўніцы, для стварэння мапы беларускіх захараненняў збіраюць месцы пахавання ўсіх беларусаў, як вядомых, так і звычайных людзей. Дарэчы, апошніх значна складаней шукаць, паколькі аб іх падчас няма ніякай інфармацыі.

Дарэчы, у Познані такіх пахаванняў пакуль знайшлі найменш. Як правіла, гэта вайсковыя пахаванні. І інфармацыя пра іх паступае або ад польскіх адмыслоўцаў, якія займаюцца падобнай тэматыкай, альбо з чатаў беларускіх эмігрантаў, якія распавядаюць, што іх родныя пахаваны ў тых ці іншых канкрэтных месцах.

У Познані, паводле дзяўчыны, адгукнулася ўсяго тры чалавекі, а вось у Варшаве і Гданьску недзе каля 30 і ў адным і ў другім горадзе. Але, як разлічваюць валанцёры, найбольшая колькасць захараненняў будзе ўсё ж на Беласточчыне, а таму туды плануюць скіравацца асобнай групай.

Іва кажа, што праект цалкам існуе на валанцёрскіх пачатках, ніхто грошай за гэта не атрымлівае. Праўда, арганізатары праекту ў будучым спадзяюцца на атрыманне грантаў, паколькі працы па здзяйсненню праекту ва ўсёй Еўропе патрабуюць значных фінансавых затратаў.

«Моладзевы блок» працягвае праводзіць адукацыйны праекты

Распавядаючы пра гэты праект Іва звяртае ўвагу, што гэта толькі адзін з праектаў «Моладзевага блоку». Паводле яе, як і раней у Беларусі, так і цяпер у Польшчы іх арганізацыя працягвае шэраг адукацыйных і іншых праектаў.

-У асноўным мы праводзім зараз медыя працу: інстаграм, ютуб, адукацыйныя відэа. Мы робім пераважна адукацыйныя відэа і так званыя школы. Да прыкладу, апошнім часам у нас двойчы ладзіліся школы звязаныя з тэмай наркапалітыкі. Яны праходзілі і ў Літве і ў Польшчы.

Дзяўчына дадае, што прыярытэтнымі застаюцца тыя тэмы, якія найбольш актуальныя для моладзі і якія найбольш яе турбуюць. У прыватнасці тэмы звязаныя з дапамогай палітвязням, а таксама эканамічныя змены ў краіне.

Надалей праводзяцца апытанні па найбольш актуальных тэмах. І гэта інфармацыя змешчана на сайце арганізацыі (https://moladzbel.org). Яна таксама заўважае, што менавіта адукацыйныя дзеянні з боку актывістаў блоку прыцягваюць у яго шэрагі новых сябраў.

-Ёсць такі касцяк, які застаўся яшчэ з Мінску з 2019 года, але ўвесь час далучаюцца новыя людзі. Я таксама прыйшла ў «Моладзевы блок» пасля школы наркаактывізму. Нядаўна скончыўся эканамічны кэмп які «Моладзевы блок» рабіў разам з «Задзіночаннем беларускіх студэнтаў». І вось звычайна пасля такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца новыя валанцёры, якія дапамагаюць потым у розных накірунках нашай працы.

Дзяўчына таксама звяртае ўвагу на тое, што беларуская моладзь, якая апынулася ў эміграцыі, на яе погляд, праяўляе нават большую актыўнасць, чым гэта было ў самой Беларусі.

-Большая частка з нас не можа вярнуцца дадому, але мы ўсе гэтага хочам і таму ўсе імкнемся рабіць, што можам, каб наблізіць гэта вяртанне. Мне здаецца, што большая частка моладзі ўсё ж актыўнічае, здабывае веды, якія ў будучыні могуць спатрэбіцца не толькі ў прыватных мэтах.

У эміграцыі няпроста ўсім. І моладзі таксама…

Праўда, дзяўчына звяртае ўвагу, што маладым гэта даецца даволі няпроста, паколькі шмат часу забірае вучоба, а таксама ўладкаванне свайго быту. Многім, паводле яе, даводзіцца пасля вучобы працаваць, а гэта таксама ўскладняе жыццё.

-Канкрэтна я сутыкнуся з тым, што не стае часу на ўсё і адразу. Ды і ў прынцыпе сама праблема вымушанай эміграцыі забірае шмат душэўных сілаў і ты нават калі хочаш не заўсёды можаш нешта рабіць. Бо вельмі складана, калі ты не можа паехаць дадому, калі ў тваіх родных праблемы, ты за ўсіх хвалюешся. Вось гэта таксама забірае твой рэсурс, які ты мог бы скіраваць на актыўнасць.

Цікаўлюся ў Івы – каму на яе думку даводзіцца ў эміграцыі найбольш складана – маладым, людзям сярэдняга веку ці старэйшым каму ўжо за семдзесят? Дзяўчына кажа, што напэўна ўсё вельмі індывідуальна, але разважае толькі пра стан маладых да якіх сама належыць.

-З аднаго боку моладзі прасцей, бо ўсё, што яны пакінулі там – бацькоў, а не дамы і дзяцей. З іншага боку, тут давялося вельмі рана пасталець і вырашаць самыя розныя праблемы, як з той легалізацыяй. Ты б у Беларусі пра гэта не думаў, а тут даводзіцца рабіць, бо няма таты і мамы побач. У нас адабралі маладосць: ты не тусуешся ў Мінску з сябрамі, а тут… Цяжкавата, што так усё сталася. Хацелася б, канешне, працягнуць той бесклапотны час, але ён цяпер не бесклапотны: вайна, сітуацыя ў свеце і ў Беларусі… Мне падаецца, што зараз моладзі вельмі складана. Не ведаю…

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё