Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: «Полькай не стану, але важна пераняць іх досвед…»

23.10.2023 15:24
Як важна не страціць час у эміграцыі, а набрацца прафесійнага досведу, завесці кантакты, каб потым вярнуцца і выкарыстаць гэта ў сваёй краіне.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: «Полькай не стану, але важна пераняць іх досвед…»
Нацыянальны беларускі сцяг Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Яе больш цікавіла альтэрнатыўнае тэатральнае жыццё

Наталля – рэжысёр, скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. Сама сябе цяпер акрэслівае, як культурная менеджарка, рэжысёрка, акторка, арганізатарка тэатральна-культурных мерапрыемстваў.
Праўда, па першай адукацыі яна рэдактар-тэхнолаг і нават амаль год адпрацавала ў выдавецтве, але зразумела, як сама прызнаецца, што там ёй было не зусім цікава.

-Паралельна ў мяне заўсёды былі нейкія тэатральныя рэчы, перформансы, выступы. І вось я ўжо дарослая асоба сабралася і вырашыла паступаць на завочнае аддзяленне. Нам усім пашанцавала, што сабраўся курс з дасведчаных актораў, харэографаў. Мы шмат чаму вучыліся адзін у аднаго і магу сказаць, што ў мяне адбылося навучанне ў творчым калектыве.

Наталля кажа, што яе больш цікавіла альтэрнатыўнае тэатральнае жыццё. І пэўны перыяд прыкладна з 2015 па 2018 гады яно тым ці іншым чынам у сталіцы Беларусі развівалася. Аднак, як заўважае суразмоўніца, існавала і шмат перашкодаў, што запавольвала гэтае развіццё. На ўсё патрэбны сродкі.

-Калі нават і былі нейкія магчымасці напісаць грант, то напісаўшы яго паўставала праблема, што яго могуць не даць. Усе гэтыя грантавыя ўмовы пачалі ўскладняцца на ўзроўні дзяржавы. Таму што дзяржава магла проста палічыць, што такі праект не патрэбны.

Наталля ўдзельнічала ў арганізацыі некалькіх фестываляў, у прыватнасці «Фестываль казак», і гэта рабілася з партнёрамі ад бізнесу. Але шукаць такіх партнёраў было даволі праблематычна.

-Кожны раз гэта была новая прыгода шукаць гэтых партнёраў і таго, хто дапаможа. Фестывалі гэта ніколі не камерцыйная гісторыя, бо ніколі не акупіцца білетамі. І калі ты першы раз правёў і партнёр рады, размясціў там сваю рэкламу, то другі раз – гэта падзея ўжо не ўнікальная. Ніхто асабліва не хоча ўпісвацца ў падтрымку нейкага праекту на стала.

З акадэміі звольнілася на знак пратэсту адлічэння студэнтаў

У Польшчу Наталля прыехала на стыпендыяльны праект, але, як сама кажа, гэтаму ў многім паспрыялі падзеі 2020 году. Ды і ў творчым плане працаваць і нешта арганізоўваць у Беларусі стала немагчыма.

-Я звольнілася з акадэміі на знак пратэсту з-за таго, што пачалі адлічваць нашых студэнтаў. Тое, што там адбывалася, рабіла ўжо бессэнсоўным далейшую працу. Я не разумела, што магла б там рабіць. У дзяржінстытуцыі ісці не хацела, а альтэрнатыўныя пляцоўкі ўжо былі зачыненыя.

Адчуванне, што ўсё яшчэ не скончылася

А тыя падзеі нават праз тры гады, паводле суразмоўніцы, складана ацаніць і зараз.

-У мяне, як у многіх з кім размаўляем, такое адчуванне, што ўсё яшчэ не скончылася. То бок няма такога, што вось было, мінула і зараз мы будуем тут новае жыццё. Няма такога адчування. Ёсць адчуванне, што гэта было, гэта працягваецца і нешта мы імкнемся рабіць. Нехта ўжо кажа: ну ўсё, вы прайгралі. Не. Людзі адчулі, зразумелі, прайшлі пэўны шлях. І мне здаецца важна, што гэта было.

Дарэчы, між іншым, яна згадвае, што многія рускія, якіх сустракае ў эміграцыі зайздросцяць беларусам.

-Кажуць, вось у вас гэта адбылося, адчуваецца еднасць. А мы, маўляў, застаемся ў сябе меншасцю і ў нас няма гэтай еднасці. Але гэта ўзялося ў нас не проста так.

У Польшчы паставіла спектакль для самых маленькіх

Між іншым цікаўлюся ў суразмоўніцы – адкуль у яе такая натуральная беларуская мова. Прызнаецца, што не ўвесь час размаўляла па-беларуску, але пасля таго, як пабыла па студэнцкім абмене ў ЗША, шмат што змянілася ў стаўленні і да мовы.

-Ну вось, калі ў піцэрыі, дзе працавала, амерыканец цікавіцца – як на тваёй мове будзе гучаць «Thank you», а на другі дзень прыходзіш і ён табе кажа: «Дзякуй» – гэта так кранальна. І тыя ж рускія дзяўчыны радыё слухаюць і кажуць: «Вось, гэта ваша песня, а можаш перакласці тэкст». Аказваецца, не разумеюць.

У Польшчы, паводле Наталлі, удзельнічала ў праекце звязаным з тэатрам для самых маленькіх ад шасці месяцаў і да трох год. З цікавасцю згадвае гэтую працу і вельмі шмат і з разуменнем справы аб гэтым распавядае.

-Гэта такое запрашэнне маленькага гледача з бацькамі ў нязвыклую атмасферу, у тэатр. І такая магчымасць -перажыць разам прыгоду. Гэта не заўсёды сюжэтная гісторыя, часам скамбінаваны калаж з вобразаў, з візуальных рэчаў. Працуюць проста на фізіялагічным узроўні, засяроджваюць увагу дзетак.

Яны ў гэты час самі пачынаюць усё даследаваць і ім важна нешта памацаць, пагрызці, да нечага дакрануцца і адчуць як і што яно. Ну вось на такіх розных рэчах і заснаваны тэатр для самых маленькіх.
Дарэчы, Наталлі таксама ў Польшчы ўдалося зрабіць спектакль для самых маленькіх.

-Я была задаволеная вынікам. Некаторыя рэчы апраўдаліся, некаторыя адзначыла, што іншы раз пэўна не буду так рабіць. А ў цэлым вельмі цікава было.

Адчуванне эміграцыі прыйшло не адразу

Пасля таго як праца над праектам скончылася, ад’язджаць да дому мая суразмоўніца не спяшалася, хаця прызнаецца, што ў нейкім сэнсе вагалася.

-Было незразумела, што там адбываецца. Ну і ўзровень трывожнасці адчуваўся: знаёмых выклікаюць на допыт, у некага брата арыштавалі… Ды і знаёмыя, якія там былі, казалі: лепш заставайся і будзе больш карысці, чым ты вернешся.

Вырашылі з сям’ёй усё ж застацца, але цяпер ужо патрэбна было вырашаць іншыя праблемы. Найперш неабходна знайсці працу, што па сваёй спецыяльнасці даволі няпроста.

А потым яшчэ, як кажа Наталля, трывогу выклікаюць дакументы, паколькі і ў мужа і ў сына ў наступным годзе скончацца пашпарты. Жанчына задумліва зазначае, што менавіта цяпер яна адчула, што знаходзіцца ў эміграцыі, а не тады, калі знаходзілася на стыпендыяльным праекце.

-Здавалася б ты ўжо тут крыху асвоіўся, можаш патлумачыць па-польску, разумееш усіх, але з іншага боку прыходзіць усведамленне, што ты – ты не адсюль, не з гэтага кантэксту. Прачытаць нейкія кніжкі можна, але вось на ўзроўні таго, якія ў дзяцінстве фільмы глядзелі ці казкі чыталі – вось гэта рознае.

Полькай не стану, але важна вучыцца

Спадарыня кажа, што ёй падабаецца польская культура, многія штодзённыя рэчы, але, як сама заўважае, полькаю ўжо не стане.

-Мне здаецца важна ў гэтай сітуацыі вучыцца, браць тое лепшае, што ёсць у людзей…

Яе вельмі ўсцешыла гісторыя часоў «Салідарнасці», якая цягнулася літаральна 10 год і найбольш адукаваныя паспяховыя людзі вымушаны былі з’ехаць у эміграцыю, дзе таксама набіраліся прафесійнага досведу, наладжвалі кантакты, а калі краіна стала вольнай вярнуліся і пачалі яе адбудоўваць нанова.

-Ну вось пакуль грэе такая думка, што тут можаш наладжваць сувязі, набірацца досведу, каб потым прыехаць і актыўна нешта рабіць, а не тое, што сядзіш на месцы і не ведаеш куды падацца…

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё