Беларуская Служба

Сёння адзначаецца Дзень Палоніі. Як палякі захоўваюць свае традыцыі ў далёкай Бразіліі

02.05.2025 07:32
Напрыклад у горадзе Аўрэа (Áurea) на поўдні Бразіліі жывуць палякі, якія дагэтуль размаўляюць на старапольскай мове. 
Аўдыё
  • Клаўдыя Блашчак (Klaudia Błaszczak) у межах дыпломнага даследавання вывучае культурную спадчыну этнічных палякаў у Бразіліі. Пацікавіліся ў даследчыцы адкуль у далёкай і экзатычнай Бразіліі ўзялася вялікая польская дыяспара?
     5    .
У Бразіліі можа пражываць да 5 млн чалавек польскага паходжання. Marcelo F Junior/Shutterstock.com

2 траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень палякаў замежжа (Dzień Polonii i Polaków za Granicą). За межамі Польшчы пражывае прыкладна 20 мільёнаў чалавек, якія прызнаюць сваё польскае паходжанне. Самая шматлікая група жыве ў ЗША – 10 млн чалавек. Вялікая польская дыяспара ў Бразіліі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Акрамя гэтага, палякі кампактна жывуць у Літве, Беларусі і Украіне.

Магістрантка Факультэту міжнародных адносін  Ягелонскага Універсітэту Клаўдыя Блашчак (Klaudia Błaszczak) Магістрантка Факультэту міжнародных адносін Ягелонскага Універсітэту Клаўдыя Блашчак (Klaudia Błaszczak)

Магістрантка Факультэту міжнародных адносін найстарэйшага ў Польшчы Ягелонскага Універсітэту Клаўдыя Блашчак (Klaudia Błaszczak) у межах дыпломнага даследавання вывучае культурную спадчыну этнічных палякаў у Бразіліі. Пацікавіліся ў даследчыцы адкуль у далёкай і экзатычнай Бразіліі ўзялася вялікая польская дыяспара?

— Вельмі важна тое, што ў перыяд падзелаў Польшчы з 1795 па 1918 год, калі Польшчы не існавала на карце свету, у краіне былі агенты па вярбоўцы, якія проста пераконвалі людзей, што Бразілія — гэта рай. Яны казалі, што Бразілія — гэта краіна, якая прапануе палякам бязмежныя палі, прыгожую будучыню і ідэальную працу.

Палякі ў той час не мелі вялікіх магчымасцяў развіцця, а таксама не мелі фінансаў, каб годна жыць у Польшчы, таму такая прапанова, пошук лепшага жыцця ў Новым Свеце была для іх цікавай. Гэты перыяд характарызаваўся беднасцю, эканамічным, палітычным і сацыяльным крызісам, таму міграцыя здавалася добрым, а часам нават адзіным варыянтам. Палякі дабіраліся ў Бразілію караблямі, выплываючы з нямецкіх партоў. Дарога была вельмі доўгай і небяспечнай, многія людзі не перажылі падарожжа на караблях, на суднах лютавалі хваробы.

Калі яны прыехалі ў Бразілію, аказалася, што гэта краіна далёка не рай, пераважаюць джунглі. Гэтыя лясы трэба было высекчы, а потым пабудаваць дамы з нуля, дамы пасярод джунглі. Палякі пачалі ствараць так званыя калоніі. Гэтых калоній было шмат, цяжка назваць тут усе іх назвы, адна з вядомых — горад Карлус-Гоміс (Carlos Gomes), які калісьці называўся Новая Палонія.


Польскія пасяленцы ў Бразіліі высякаюць джунглі, каб пракласці дарогу. Польскія пасяленцы ў Бразіліі высякаюць джунглі, каб пракласці дарогу.

Там дагэтуль жывуць палякі. Падобным чынам і горад Аўрэа (Áurea) на поўдні Бразіліі. Там ёсць палякі, якія дагэтуль захоўваюць свае польскія традыцыі і польскую мову. Вядома, у старым польскім варыянце, гэтак жа, гэтай мовай валодалі іх продкі, калі пакідалі Польшчу, і ў такім выглядзе польская перадавалася ад іх продкаў да сённяшняга дня.

— Ці можаце вы адрозніць міграцыйныя хвалі з Польшчы ў Бразілію, магчыма, раёны, адкуль масава выязджалі і куды масава прыязджалі ў Бразілію?

— Насамрэч, гэта магчыма, але тут трэба будзе ўдавацца ў падрабязнасці, бо ў цяперашні час існуе шмат розных дат у залежнасці ад навукоўцаў, якія вядуць даследаванні.  Варта згадаць пра так званыя бразільскія ліхаманкі, або хваля сялянскай міграцыі. Пачаткам можна лічыць прыкладна 1890 год, а дата канца гэтых ліхаманак вельмі супярэчлівыя. Гаворка, верагодна, ідзе пра перыяд 1890-1920 гг.

У той час у Бразілію мігравалі ў асноўным сяляне, выязджалі і  інтэлігенцыя, але не ў такіх маштабах. Што тычыцца таго, куды яны мігравалі, то гэта былі ў асноўным паўднёвыя штаты, напрыклад, Парана (Paraná) і горад Курытыба (Curitiba). Курытыба і сёння застаецца буйным, фактычна галоўным цэнтрам палякаў у Бразіліі.

Варта таксама ўлічваць, што Бразілія велізарная, што палякі істотна там не вылучаюцца. Тым часам, напрыклад, у горадзе Курытыба ёсць парк імя Яна Паўла II — музей народнага быту пад адкрытым небам, прысвечаны першым пасяленцам-палякам у гэтай мясцовасці. Ёсць таксама розныя помнікі, такія як скульптуры Мікалая Каперніка ці Яна Паўла II. Таксама ёсць польскі рэстаран «Кракавяк», дзе можна пакаштаваць боршч, галубцы ці польскія варэнікі. Да нядаўняга часу можна было наведаць і рэстаран пана Тадэвуша, якога называлі там каралём варэнікаў. На жаль, ён памёр у мінулым годзе. Уявіце, што ўсё гэта адбываецца на іншым канцы свету.

— Колькі палякаў, ці, правільна казаць, бразільцаў польскага паходжання, зараз жыве ў Бразіліі? Ці ёсць нейкая верагодная статыстыка, ці можна толькі прыблізна здагадвацца?

— Мы можам толькі меркаваць, дакладная статыстыка не вядзецца. Спасылаючыся на аднаго з тамтэйшых даследчыкаў польскай меншасці ў Бразіліі, прафесара Фабрыцыа Вікроскага (Fabricio Vicroskiego), магу сказаць, што ў Бразіліі можа пражываць да 5 млн чалавек польскага паходжання. Насамрэч, цяжка сказаць. Статыстыка не вядзецца. Гэтае пытанне таксама не вельмі папулярнае сярод палякаў. У Польшчы многія людзі нават не ведаюць, што ў Бразіліі ёсць буйная Палонія.

— Ці культывуецца польская мова і польскасць сярод бразільцаў польскага паходжання? У якой ступені?

— Калі казаць пра культываванне польскіх традыцый, то так, яны культывуюцца. Вядома, гэта дакладна не тычыцца ўсёй колькасці вышэйзгаданых людзей, бо не ўсе дбаюць пра сваю польскасць. Польская мова выжыла. Напрыклад, у горадзе Аўрэа, там 90% нашчадкаў палякаў дагэтуль карыстаюцца польскай мовай, але гэта старапольская мова, якая перадавалася бацькамі, дзядамі, прадзедамі з пакалення ў пакаленне.

Яны не валодаюць сучаснай польскай мовы, якой карыстаемся мы ў Польшчы. Праўда, у апошнія гады ў Бразіліі пачалі з'яўляцца курсы польскай мовы, таму польскую мову ўжо выкладаюць у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем, што не змяняе таго факту — найбольш распаўсюджанай  мовай  сярод бразільскіх палякаў з'яўляецца старапольская.

Калі казаць пра захаванне іншых традыцый, варта адзначыць, што многія палякі, напрыклад, падчас Каляд, у Святы вечар, дагэтуль кладуць сена пад абрус,  паводле польскай традыцыі. Яны таксама дзеляцца каляднай аплаткай, ёсць традыцыя ясляў, выкарыстоўваюць польскія рэцэпты, гатуюць такія стравы як боршч або варэнікі (pierogi), ці спяваюць польскія калядкі. Варэнікі вельмі папулярныя сярод польскай дыяспары ў Бразіліі. На Вялікдзень людзі таксама асвячаюць кошык з яйкамі, мясную нарэзку або малююць велікодныя яйкі. Польскія традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сярод польскай дыяспары дагэтуль практыкуецца шмат падобных элементаў.


Мапа паўднёвых штатаў Бразіліі (Парана, Санта-Катарына, Рыу-Грандзі-ду-Сул), населеных палякамі, 1938 г. Арыгінал дакумента знаходзіцца ў Польскім навуковым інстытуце ў Амерыцы ў Нью-Ёрку. Мапа паўднёвых штатаў Бразіліі (Парана, Санта-Катарына, Рыу-Грандзі-ду-Сул), населеных палякамі, 1938 г. Арыгінал дакумента знаходзіцца ў Польскім навуковым інстытуце ў Амерыцы ў Нью-Ёрку.

— Які быў самы складаны момант або перыяд для захавання сваёй нацыянальнай адметнасці сярод бразільцаў польскага паходжання за апошнія 100–150 гадоў?

— Найбольш складаным перыядам быў час праўлення прэзідэнта Жэтуліа Варгаса (Getúlio Vargas). Падчас Другой сусветнай вайны кожнай групе мігрантаў было забаронена карыстацца мовай краіны паходжання. Што тычыцца палякаў, то толькі пасля візіту Папы Яна Паўла II у Курытыбу, пасля 1980 года польскасць была наноў адкрыта, яна зноў стала нечым цікавым, да чаго пачалі імкнуцца. Толькі тады палякі пачалі масава вывучаць свае карані і зноў пачалі культываваць спадчыну краіны сваіх продкаў.

— Паводле Канстытуцыі Польшчы, Сенат  клапоціцца пра польскую дыяспару і палякаў за мяжой. Ёсць і іншыя дзяржаўныя ўстановы, якія падтрымліваюць Палонію. Як польская дзяржава ў цяперашні час дапамагае суайчыннікам у Бразіліі?

— Польская дзяржава доўгі час не цікавілася палякамі ў Бразіліі, і гэта таксама вельмі добра бачна з іх пункту гледжання. Падчас праведзенага мною апытання тамтэйшых палякаў, многія адказы сведчылі пра тое, што польскай дзяржаве трэба пачаць цікавіцца дыяспарай. Дыяспара хоча, каб яе бачылі ў Польшчы. У артыкуле 5 Канстытуцыі дакладна гаворыцца, што палякі за мяжой будуць атрымліваць падтрымку ад польскага ўрада.

Аднак апошнім часам трэба прызнаць, што польскі ўрад пачаў цікавіцца палякамі ў Бразіліі. Варта адзначыць, што ў 2020 годзе першая Карта паляка была выдадзена прадстаўніку польскай дыяспары ў Бразіліі. У цэлым гэтае супрацоўніцтва праяўляецца ў многіх аспектах, але я б сказала, што асабліва яно відаць у працы амбасады і консульстваў з мясцовай супольнасцю.

Польскія дамы будуюцца, часта за кошт субсідый, атрыманых ад польскага ўрада, у іх можна культываваць польскія традыцыі. У Бразіліі ёсць, сярод іншага, польскія ансамблі песні і танца, а таксама польскія арганізацыі, такія як Braspol,  Польска-бразільскае таварыства імя Тадэвуша Касцюшкі (Towarzystwo Polsko-Brazylijskie im. Tadeusza Kościuszki) або Польска-бразільскае таварыства імя маршала Юзэфа Пілсудскага (Towarzystwo Polsko-Brazylijskie im. Marszałka Piłsudzkiego). Такім чынам, можна сказаць, што польская дзяржава найбольш супрацоўнічае з трэцім сектарам.

Як вы наладзілі кантакт з польскай меншасцю ў Бразіліі, ці былі цяжкасці, усё ж такі гэта супольнасць у пэўным сэнсе адізаляваная?

— Гэта было анлайн-апытанне з адкрытымі і закрытымі пытаннямі. На маё апытанне адгукнуліся 200 чалавек, але я думала, што адрэагуе значна менш. Насамрэч, палякі ў Бразіліі вельмі ахвотна дзеляцца сваімі перажываннямі, сваім вопытам, таму водгук быў вельмі вялікі, і адказы таксама былі вельмі канкрэтнымі, што мне вельмі спадабалася і дапамагло ў даследаванні.

Слухайце аўдыё! 

эж