Беларуская Служба

Блэкаут на поўдні Еўропы: Іспанія ды Партугалія былі паралізаваныя больш за 8 гадзін

29.04.2025 14:30
Толькі ў аўторак раніцай іспанскім ды партугальскім службам удалося амаль цалкам аднавіць падачу электраэнергіі.
Аўдыё
  • Блэкаут паралізаваў Іспанію і Партугалію
  -          ,
Людзі чакаюць з-за адмены або затрымкі сваіх цягнікоў на чыгуначным вакзале ў Барселоне, ІспаніяEPA/TONI ALBIR Dostawca: PAP/EPA

Цяпер ідзе высвятленне прычын аварый. Людзі наракаюць на камунікацыйны хаос, але вялікіх праблем удалося пазбегнуць.

Удзень 28 красавіка ў Іспаніі і Партугаліі адбылося адключэнне электраэнергіі. Спыніліся цягнікі ды метро, ​​адключыліся святлафоры, перастала працаваць тэлефонная сувязь і банкаматы. Аэрапорт Мадрыда часова спыніў працу, у іншых аэрапортах Партугаліі і Іспаніі з-за збою ў электразабеспячэнні былі парушаны графікі палётаў па шматлікіх маршрутах.

Мясцовыя ўлады арганізавалі групы па ўрэгуляванні крызісных сітуацый, а ў Іспаніі нават было ўведзенае надзвычайнае становішча. Да вечара панядзелка ўдалося аднавіць 50 працэнтаў электразабеспячэння. Улады Іспаніі паведамілі раніцай у аўторак, што падача электраэнергіі адноўлена на 90% тэрыторыі мацерыковай часткі краіны.

Іспанскі аператар Red Eléctrica паінфармаваў, што па стане на 07:00 электрычнасць мелі 99,95% спажыўцоў. Партугальскі аператар REN паведаміў аб аднаўленні працы 89% электразабеспячэння. Прычыны маштабнага збою пакуль не аб'яўленыя. Партугальскія ўлады заявілі, што адключэнне магло быць выклікана рэдкай атмасфернай з'явай, звязанай з ваганнямі тэмпературы. У сваю чаргу прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс абвясціў, што пакуль няма дакладнай інфармацыі пра прычыну адключэння электраэнергіі, і заклікаў грамадства да ашчаднага карыстання электрапрыладамі.

— Нумар экстраннай дапамогі 112 варта выкарыстоўваць толькі ў надзвычайных сітуацыях. Адпаведныя органы дзяржаўнага кіравання ўкаранілі пратаколы для дапамогі тым, хто пацярпеў ад гэтай сітуацыі. Урад падтрымлівае сувязь, наколькі гэта магчыма, з кіраўніком дзяржавы, з каралём, з асобнымі парламенцкімі групамі, з еўрапейскімі партнёрамі, з інстытутамі Супольнасці, а таксама з НАТА.

Жыхары Мадрыда сустрэлі аднаўленне падачы электрычнасці радаснымі крыкамі. Гэтая рэакцыя выкліканая тым, што іспанцы дагэтуль не могуць паверыць, што такая аварыя магчымая, кажа перакладчык Хігін’ё Патэрна.

Найчасцей гучала акрэсленне – сюррэалізм. Адключэнні электрычнасці здараліся – гэта не навіна, але звычайна яны мелі лакальны характар ды часовы, звязаны з ростам запатрабавання на энергію летам, калі масава ўключаецца ахаладжальнікі паветра. У такім сезоне як цяпер аварый не было.

Блэкаут вельмі моцна закрануў іспанцаў, у першую чаргу яны адчулі траспартны калапс ды камунікацыйны хаос. На вуліцах іспанскіх гарадоў не працавалі святлафоры, не было доступу да Інтэрнэту, мабільнай сувязі, не працавалі ліфты ў шматпавярховых будынках, а таксама не хадзілі метро і трамваі. Гэта выклікала нервовую рэакцыю людзей, асабліва ў аэрапортах.

— Самалёт павінен быў прызямліцца а 12-й гадзіне, у нас ужо больш за дзве гадзіны затрымкі. Усюды вялізарныя адставанні ад графіка. Мне паведамілі, што багажныя сістэмы не працуюць, нашых сумак няма, таму людзям даводзіцца так доўга чакаць, каб з'ехаць.

З праблемамі сутыкнуліся не толькі карыстальнікі грамадскага транспарту, на дарогах таксама былі вялізарныя коркі. Людзі вярталіся да дому гадзінамі, кажа полька Агнешка Шэлёндар, якая жыве ў Іспаніі.

— Было цяжка нават трапіць на аўтамагістраль. Мы ехалі 3 кіламетры больш за 20 хвілін, машыны ехалі вельмі паволі. Калі мы прыехалі да дому, высветлілася, што няма электрычнасці, у суседзяў таксама. Не было Інтэрнэту, не можна было ўключыць тэлевізар ці радыё, каб даведацца, што адбываецца. Мы былі без інфармацыі. Потым пасля 16 гадзіны на кароткі час з’явіўся Інтэрнэт, тады я даведалася, што гэта вялізарная аварыя, якая паралізавала ўсю Іспанію.

У аўторак міністр транспарту Іспаніі Оскар Пуэнте абвясціў аб паступовым аднаўленні міжгародніх і хуткасных чыгуначных злучэнняў. Аднак пасажыраў давялося начаваць на вакзалах. Адзін з іх распавёў пра сваю сітуацыю іспанскаму тэлебачанню.

— Гатэлі таксама былі зачыненыя, і нікога не пускалі, бо крэдытныя карты не працавалі. Тое ж самае з таксі. Калі ў вас не было наяўных, у вас была вялізарная праблема. А 22-й гадзіне нас упусцілі на ноч на вакзал, а паліцыя і вайскоўцы далі нам коўдры, каб сагрэцца.

Яшчэ адной рэакцыяй грамадства стала распаўсюджанне розных тэорый сярод жыхароў адносна прычыны крызісу. Гаворыць Агнешка Ш'ёландэр.

— Вядома, што адразу з’явіліся тэорыі змовы, што гэта кібератака. Так ніхто нічога не сказаў, але сёння сітуацыя нармалізуецца.

Улады Іспаніі і Партугаліі заяўляюць, што яны пакуль не «выключылі» кібератаку як прычыну панядзелкавага маштабнага адключэння электраэнергіі на паўвыспе. На дадзены момант таксама вядома, што Іспанія страціла мінімум мільярд еўра з-за масавага адключэння электраэнергіі. Больш за ўсіх пацярпела прамысловасць і сфера паслуг.

Юры Ліхтаровіч