Падчас Другой сусветнай вайны немцы зняволілі ў лагеры Равенсбрук каля 120 000 жанчын і дзяцей з 30 краін. Самую вялікую групу, каля 40 000 чалавек, складалі польскія жанчыны, многія з іх падвяргаліся нямецкім псеўдамедыцынскім эксперыментам.
Як распавёў Польскаму радыё Збігнеў Станух (Zbigniew Stanuch) з шчэцінскага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці, падчас вайны працоўны лагер стаў лагерам смерці:
«Хворых, збітых жанчын, якія не паказвалі прыкмет здольнасці шмат працаваць на Трэці рэйх, расстрэльвалі, іншых адбіралі і адпраўлялі ў газавыя камеры, над трэцімі праводзілі псеўдамедыцынскія эксперыменты, рабілі так, каб жанчыны памерлі, каб праўда пра тое, што адбывалася ў лагеры, не выйшла за яго межы».
Немцы праводзілі злачынныя псеўдамедыцынскія эксперыменты з 1942 па 1944 год над 74 польскімі жанчынамі, многія з якіх загінулі.
«Тыя, хто выжыў, шмат гадоў пакутавалі ад наступстваў псеўдамедыцынскіх працэдур», — дадае гісторык. Як ён кажа, былыя вязні змагаліся з наступствамі працэдур, іх раны гадамі не маглі загаіцца. У сваіх аповедах жанчыны згадвалі, што працэдуры праводзіліся ў негігіенічных умовах, лекары палілі цыгарэты, а некаторыя знаходзіліся пад уздзеяннем алкаголю.
Вось што расказвала былая зняволеная лагеру Равенсбрук доктар Зоф'я Манчка:
— Аперацыі былі выкананыя на 74 польках, У якасці ахвяраў абралі маладых і здаровых жанчын, 70 чалавек з транспарту любельскага, і чатырох — з транспарту з Варшавы. Самая малодшая, Барбара Пешчык, мела 16 гадоў. Выконвалі аперацыі на ніжніх канечнасцях. Большасць аперавалі па некалькі разоў, нават да шасці аперацый. Так адбылося са згаданай Барбарай Пешчык, яна была проста знішчаная аперацыямі і памерла пасля таго, як вярнулася ў сваю краіну, знайшоўшы дапамогу толькі з боку сваёй прыяцелькі з лагеру Мар'і Ліберак з Закапанэ.
30 красавіка 1945 года, калі Чырвоная Армія ўвайшла ў лагер, яна знайшла жанчын, якія не мелі сіл самастойна пакінуць турму. Па меры набліжэння канца вайны немцы эвакуявалі частку вязняў з лагера ў так званых маршах смерці — дадае супрацоўнік Інстытута нацыянальнай памяці Збігнеў Станух.
«Стварыліся калоны з палонных жанчын, і немцы вывелі іх з лагера. Не ўсе яны маглі хадзіць, некаторым удалося ўцячы, а тыя, хто не мог хадзіць, страцілі сілы і былі расстраляныя немцамі на месцы. Маем у гэтым выпадку справу з так званымі «маршамі смерці», — кажа гісторык.
Незадоўга да заканчэння Другой сусветнай вайны Міжнародны, Шведскі і Дацкі Чырвоны Крыж выказалі занепакоенасць лёсам вязняў лагера.
Über 50.000 polnische Frauen kamen durch das Lager. Nur 8.000 haben es überlebt.
— Для нас гэта быў неверагодны скачок — скінуць гэтыя брудныя, паршывыя лахманы, — распавядала Крысціна Бжэзоўска, адна з жанчын, каго выратавалі ў акцыі, арганізаванай графам Фольке Бернадоттам і Шведскім Чырвоным Крыжам, у перадачы Фелікса Кідавы з цыклу «Час і людзі».
«Апошнія дні ў лагеры Равенсбрук былі для нас надзвычай цяжкія – вялікі тлум у лагеры страшны голад. У апошні час зусім не было што есці. Здаецца, гэта было 24 красавіка, на ранішнім пастраенні было заяўлена, што рыхтуецца транспарт да Швецыі. Мы перад гэтым бачылі, што нешта адбываецца ў лагеры, прыязджалі белыя аўтобусы для селекцыі людзей. Мы не арыентаваліся, што робіцца на тэрыторыі лагера. Але 24 красавіка было агучана, што пэўная колькасць полек паедзе ў Швецыю ў рамках абмену па ініцыятыве Чырвонага крыжа. Канешне, мы ў гэта не верылі. І пасля адбору былі мы перамешчаныя ў Югентлагер, гэта лагер побач з галоўным лагерам, чатыры тысячы чалавек туды літаральна былі выпіхнутыя ў гэты Югентлагер», — згадвала Крысціна Бжэзоўска.
У выніку дзейнасці арганізацыі было выратавана 7,5 тысячы жанчын-зняволеных, іх вывезлі ў Швецыю, Швейцарыю і Францыю.
Паводле ацэнак, у Равенсбруку ад 50 да 90 тысяч чалавек загінулі — у выніку голаду, хвароб, пакаранняў смерцю, у газавых камерах. Прыкладна 17-20 тысяч польскіх жанчын памерлі ад голаду, хвароб, расстрэлаў або падчас маршаў смерці.
Лагер Равенсбрук быў створаны ў сакавіку 1939 года. Гэта быў першы і адзіны жаночы канцэнтрацыйны лагер у Трэцім рэйху. PAP/Marcin Bielecki
PAP/Marcin Bielecki
Школьнікі са Шчэціна на экскурсіі ў лагеры Равенсбрук. PAP/Marcin Bielecki
PAP/Marcin Bielecki
Асноўныя юбілейныя цырымоніі адбудуцца ў нядзелю, 4 мая, а 10-й гадзіне раніцы на месцы былога лагера — месцы памяці ў Равенсбрук. А 12.30 па ініцыятыве кракаўскай сям'і вязняў нямецкага канцэнтрацыйнага лагера Равенсбрук адбудзецца святая Імша ў былым бункеры на тэрыторыі лагера.
IAR/вх
IAR/вх