Беларуская Служба

Паміж Гадзячам і Рыгай: у Варшаве ўручылі Прэмію імя гетмана Выгоўскага

23.05.2025 15:27
21 траўня 2025 года ў Калоннай зале Гістарычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта адбылася цырымонія ўручэння Прэміі імя Івана Выгоўскага, лаўрэатам якой стаў украінскі гісторык Андрэй Рукас.
21  2025
21 траўня 2025 года ў Калоннай зале Гістарычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта адбылася цырымонія ўручэння Прэміі імя Івана ВыгоўскагаФота: https://studium.uw.edu.pl/

Урачыстасць адкрыў дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы (Studium Europy Wschodniej) Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі. Пасля прывітання гасцей сакратар Капітулы прэміі распавёў пра ідэю яе заснавання, асобу Івана Выгоўскага, а таксама падкрэсліў навуковыя і грамадскія перавагі, якія атрымліваюць украінскія даследчыкі падчас стажыровак у Польшчы. Затым Міхал Валейка з Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы зачытаў прывітальны ліст прэзідэнта Анджэя Дуды.

Хто такі Іван Выгоўскі?


Іван Выгоўскі (каля 1608–1664) — выбітны дзяржаўны і вайсковы дзеяч XVII стагоддзя, гетман Войска Запарожскага Іван Выгоўскі 

Іван Выгоўскі (каля 1608–1664) — выбітны дзяржаўны і вайсковы дзеяч XVII стагоддзя, гетман Войска Запарожскага (1657–1659), дыпламат, былы сакратар гетмана Багдана Хмяльніцкага. Паходзіў з беларускай шляхты і служыў у Рэчы Паспалітай, а пазней далучыўся да казацкага руху.

У перыяд сваёй гетманскай улады Выгоўскі імкнуўся знайсці кампраміс паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Польскім каралеўствам і казацкай Украінай. У 1658 годзе ён падпісаў знакамітую Гадзяцкую ўнію, якая прадугледжвала стварэнне Рэчы Паспалітай Трох Народаў (палякаў, літвінаў і ўкраінцаў). Хоць унія так і не была цалкам рэалізаваная, яна засталася адным з першых праектаў еўрапейскай федэралізацыі на ўсходзе і сімвалам супольнага дыялогу народаў рэгіёна.

Падчас прадстаўлення лаўрэата галоўнай узнагароды дырэктар Studium Europy Wschodniej Ян Маліцкі адзначыў:

— Дыплом і тэкст узнагароды гучыць наступным чынам. Дэвіз прэміі: «Няхай Вялікаросія застаецца Вялікаросіяй, а Украіна — Украінай. Мы — непераможнае войск». Так напісаў гетман Іван Выгоўскі, калі адказваў маскоўскаму паслу, што патрабаваў адмовіцца ад Гадзяцкай уніі і падпарадкавацца Маскве.

У адпаведнасці з пастановай, прынятай 29 красавіка 2025 года на пасяджэнні Капітулы Прэміі імя Івана Выгоўскага, якая прысуджаецца пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Анджэя Дуды і заснаваная групай польскіх універсітэтаў, гэтая ўзнагарода выказвае перакананне, што найвышэйшая каштоўнасць — гэта імкненне да незалежнасці; што ўніверсітэты з’яўляюцца векавымі апорамі свабоды і аўтаноміі; і што настаў час вярнуць традыцыю акадэмічных падарожжаў, дзеля лекцый, навуковых дыскусій і культурнага дыялогу.Лаўрэатам прэміі ў 2025 годзе стаў спадар Андрэй Рукас.

Спадар Рукас сваёй навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю, а таксама працай у галінах культуры, грамадскага жыцця і развіцця грамадзянскай супольнасці ва Украіне ўвасобіў прынцыпы, што ляжаць у падмурку гэтай прэміі, і заслужыў ушанаванне памяці выдатнага казацкага гетмана, кіеўскага ваяводы і палкаводца, што з поўнай перакананасцю пацвярджаюць члены Капітулы.

Андрэй Рукас, кандыдат гістарычных навук, дацэнт гістарычнага факультэта Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі, адзначыў:

— Шчыра кажучы, я пакуль яшчэ не адчуваю сябе ў ролі лаўрэата. Гэтая ўзнагарода — вялікі гонар і прыемнасць. З аднаго боку — радасць, з другога — прызнанне маіх дасягненняў у даследаванні польска-ўкраінскай ваеннай гісторыі.
Мне вельмі прыемна атрымаць такую прэстыжную ўзнагароду. Ці спадзяваўся?

Дзесьці ў глыбіні душы — так, я спадзяваўся хоць бы на стажыроўку. Гэта не першая мая спроба ўдзельнічаць у конкурсе, і я не чакаў, што атрымай галоўную ўзнагароду — поўную 12-месячную праграму.


Андрэй Рукас Андрэй Рукас

Вы займацеся ваеннай гісторыяй ХХ стагоддзя, асабліва польска-ўкраінскімі адносінамі, у тым ліку знакамітай Варшаўскай дамовай паміж Юзафам Пілсудскім і Сымонам Пятлюрай. Што вы можна сказаць у святле цяперашняй расійскай агрэсіі? Якія ўрокі варта вынесці з падзей 1920 года? Якіх памылак варта не паўтараць?

— Геапалітычна нічога не змянілася. Расія, як была імперыяй, што імкнецца да экспансіі, такой і засталася. Гэта датычыць і 1920-га, і 2022-га, і 2025 года. Украіна зноў змагаецца за сваю незалежнасць. І як тады, нашым галоўным саюзнікам з’яўляецца Польшча. Вынік просты: ворагі — тыя самыя, саюзнікі — таксама. Мы павінны вучыцца на гісторыі. Першы і галоўны ўрок — Украіна павінна быць моцнай, самастойнай і незалежнай.

Ніхто за нас не будзе ваяваць за нашу свабоду. І мы мусім памятаць пра Рыжскую дамову, якая фактычна падзяліла Украіну, калі Польшча не прызнала ўрад УНР і была вымушаная прызнаць Савецкую Украіну. Каб не паўтарылася Рыжская дамова і Андрусаўскае пагадненне, Украіна павінна будаваць роўнапраўныя партнёрскія адносіны, далучацца да міжнародных ваенна-палітычных кааліцый і такім чынам абараняць сваю свабоду — і свабоду іншых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Стажыроўкі і маладыя даследчыкі

Лаўрэат Прэміі імя Івана Выгоўскага атрымае магчымасць цягам года стажыравацца ў шасці польскіх універсітэтах (па два месяцы ў кожным). Акрамя таго, былі адзначаны дзесяць маладых украінскіх навукоўцаў з розных ВНУ, якія атрымаюць чатырохмесячныя стажыроўкі.

Публічная дыскусія: ці патрэбны агульны падручнік?

У межах урачыстасці прайшла дыскусія на тэму: «Ці патрэбны палякам і ўкраінцам сумесны падручнік па гісторыі?». У ёй удзельнічалі гісторыкі Ігар Какалеўскі, Вольга Марозава і Томаш Стрыек. Усе ўдзельнікі выказаліся ў падтрымку ідэі.
Прафесар Какалеўскі адзначыў, што сумесны падручнік асабліва актуальны ва ўмовах масавай міграцыі ўкраінскай моладзі ў Польшчу і ў кантэксце неабходнасці супрацьстаяць расійскай дэзінфармацыі.

Вольга Марозава падкрэсліла значэнне прадстаўлення як украінскага, так і польскага погляду, і прапанавала звярнуць увагу на досвед стварэння нямецка-французскіх падручнікаў.

Томаш Стрыек адзначыў, што праца над падручнікам і грамадска-акадэмічная дыскусія вакол яго маглі б стаць штуршком да аднаўлення польска-украінскага дыялогу, які, паводле яго, сёння «знаходзіцца ў стане застою».

Слухайце аўдыё!

эж