Беларуская Служба

Кракаўскі LETUCIEŃ звязвае беларусаў у Польшчы

28.07.2025 15:51
З года ў год у культурным календары Польшчы ўсё больш бачнымі становяцца беларускія імпрэзы, святкаванні.
Аўдыё
  • У Кракаве адбыўся беларускі фестываль Letucień
     Letucień
Фестываль беларускай культуры ў Кракаве LetucieńЮрый Ліхтаровіч/Беларуская служба Польскага радыё

Асабліва шмат такіх падзей ладзяцца летам. Гэта розныя фестывалі, пікнікі, канцэрты. Тысячы людзей прыходзяць на гэтыя падзеі. Адной з самых заўважаных за апошні год стаў – Пікнік  LETUCIEŃ.


Мапа актыўнасцяў на пікніку LETUCIEŃ 2025 Мапа актыўнасцяў на пікніку LETUCIEŃ 2025

Шосты год запар  у Кракаве прайшоў летні беларускі фестываль - Пікнік LETUCIEŃ. Летась фестываль наведала каля 5 тысяч гасцей, а ўзялі ўдзел у ім каля 100 чалавек – гэта артысты, музыкі, кнігавыдаўцы, рамеснікі, вытворцы харчавання, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый. Сёлета фестываль яшчэ павялічыўся, кажуць арганізатары, зазначаючы, што дадалася адна пляцоўка з актыўнасцямі, і былі арганізаваныя дзве музычныя сцэны.

Пікнік LETUCIEŃ праходзіць у супрацы і пры падтрымцы ўладаў Кракава, распавяла арганізатарка Алёна.

— Нам пашанцавала, што наш пікнік любяць У Кракаве і па ўсёй Польшчы. Нас падтрымліваюць данатамі. Сёлета мы сабралі ўжо 50 тысяч злотых, за якія мы зрабілі падарункі. Таксама мы атрымоўваем  фінансавую дапамогу ад горада Кракава, якая ідзе на аплату базавых выдаткаў: арэнду парку ды абсталявання. Яшчэ мы змаглі сёлета атрымаць грант Фонда Маршала.

LETUCIEŃ 2025 прайшоў з размахам.  У праграме фестывалю было восем тэматычных абшараў, сярод якіх прастора рамеснікаў – найбольшая сярод усіх беларускіх імпрэз у Польшчы, зазначаюць арганізатары.

— Самае вялікая колькасць майстроў – больш за 40 адмыслоўцаў – з розных гарадоў Польшчы. Гэта беларусы, украінцы, палякі, блізкія нам асобы. Таксама з'явілася арт-пляцоўка з карцінамі, якія выстаўляліся ва ўсім свеце.  

Фестываль для прадпрымальнікаў - гэта добрая нагода пазнаёміцца з іншымі адмыслоўцамі, кажа Міхась, які займаецца беларускімі прынтамі.


Прастора рамёстваў на пікніку LETUCIEŃ Прастора рамёстваў на пікніку LETUCIEŃ

Яшчэ гэта магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, каго яднаюць тыя самыя каштоўнасці, дадала Кацярына, якая шые забаўкі ў форме лісы.

— Я ўжо трэці раз удзельнічаю ў пікніку, яшчэ была на фестывалі ў Гданьску, таксама арганізаваны праз беларусаў. Я лічу, што гэта вельмі важна, бо я магу тут сустрэцца са «сваімі людзьмі», з якімі мы падзяляем адныя і тыя ж каштоўнасці, светапогляд і шмат іншага.  

Упершыню на фестывалі была псіхалагічная прастора, дзе можна было атрымаць псіхалагічную кансультацыю, распавяла каардынатарка псіхалагічнай прасторы Дарына.

 — Пра псіхалогію можна і трэба казаць, таму арганізатары вырашылі, што ў гэтым годзе мы робім пляцоўку і робім яе псіхалагічнай у такім адукацыйна-кансультацыйным фармаце. Былі 5 майстар-класаў і дзве кансультацыі.

На пікніку яшчэ быў вялікі партнёрскі абшар, дзе свае намёты мелі прадстаўнікі розных няўрадавых арганізацый. Кірыл з Human  Constanta тлумачыў наведвальнікаў, асабліва палякам, пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

— Гэта вельмі добрая нагода, каб распавесці пра нас шырокаму колу грамадзян і грамадзянак, тым, хто жыве ў Кракаве. Яшчэ фестываль прадстаўляе магчымасць зацікавіць людзей правам, сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.


Музычная сцэна на пікніку LETUCIEŃ Музычная сцэна на пікніку LETUCIEŃ

Таксама на фестывалі былі дзве музычныя сцэны: галоўная ды электронная. Арганізатары паклапаціліся пра магчымасць паспяваць ды патанчыць разам, кажа каардынатарка этна абшару Наталля.

— Да нас завіталі гурты з розных краін, якія граюць у этнастылі, у тым ліку беларускі гурт «Лялеля». Народныя беларускія песні гучаць у электроннай тэхнаапрацоўцы.

Наведвальнікі ў сацыяльных сетках зазначалі, што дзякуючы пікніку ўдалося сустрэць шмат сяброў. LETUCIEŃ 2025 задумаўся каб, звязваць людзей, кажа арганізатарка Алёна.

— Фестываль для мяне – гэта асабістая гісторыя. Дзякуючы пікніку я сацыялізавалася ў Кракаве, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі. Цяпер я гэта раблю для тых, хто не знайшоў  сваю групу сяброў. Заўсёды прыемна чуць ад гасцей фестывалю, што яны сустракаюцца з сябрамі ці знаёмымі, якіх яны не бачылі некалькі гадоў. Для мяне фестываль – гэта звязваць людзей.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч