З 1 студзеня Польшча пачне камандаваць Сіламі хуткага рэагавання НАТА (The NATO Response Force), якія здольныя рэагаваць на пагрозы літаральна цягам некалькіх дзён, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Сілы хуткага рэагавання НАТА былі створаныя ў адказ на анексію Крыму Расiяй у 2014 годзе. Яны дзейнічаюць як частка стратэгіі стрымлівання Расіі. У іх склад уваходзяць вайскоўцы з розных краінаў-членаў альянсу, якія застаюцца ў боегатоўнасці ў сваіх ваенных частках. Аднак на працягу 48-72 гадзін яны павінны быць гатовыя накіравацца ў любое вызначанае месца.
Асновай Сілаў хуткага рэагавання НАТА ў 2020 годзе стане польская 21-я Брыгада падгалянскіх стралкоў, якую будуць падтрымліваць падраздзяленні 12-й Механізаванай дывізіі, 3-е транспартна-авіяцыйнае крыло, Ваенная жандармерыя, а таксама спецыялісты па лагістыцы, хімічнай і біялагічнай зброі, радыяцыі і ядзерных тэхналогіях.
Паводле звестак НАТА, у сілах будуць служыць каля 6 тысяч жаўнераў, у тым ліку 3 тысячы з Польшчы, а таксама вайскоўцы з Балгарыі, Чэхіі, Венгрыі, Італіі, Літвы, Латвіі, Партугаліі, Румыніі, Іспаніі, Славакіі, Турцыі і Вялікабрытаніі.
Злучаныя Штаты Амерыкі абяцаюць падтрымку з боку сваіх паветраных сілаў.
Dziennik Gazeta Prawna нагадвае, што агулам Сілы хуткага рэагавання НАТА з’яўляюцца часткай 40 тысячных сілаў альянсу. У 2018 годзе імі камандавала Італія, а ў 2019 годзе - Германія.
аз