Беларуская Служба

Шэсць партый выступілі супраць выкарыстання ў судовай справе партыйнага пасведчання

22.01.2021 12:21
Лідары груповак выказваюць абурэнне выкарыстаннем факта прыналежнасці да партыі ў якасці доказа па крымінальнай справе.
Аўдыё
  • Рыгор Кастусёў пра заяву шасці партый
:
Фота:narodny.org

Шэсць палітычных партый Беларусі выступілі з супольнай заявай з нагоды выкарыстання ў крымінальнай судовай справе супраць сябра БНФ Вітольда Ашурка ў якасці доказаў абвінавачання сяброўскага пасведчання пра прыналежнасць да партыі.

Нагадаем, што суд Лідскага раёна прысудзіў сябру Сойму Партыі БНФ пяць гадоў зняволення. Сярод доказаў па справе ў судзе было разгледжанае сяброўскае пасведчанне, выдадзенае Ашурку як члену партыі.

«Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было», – адзначае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

- Судовае пакаранне грунтуецца на наяўнасці пасведчання сябра Партыі БНФ як доказу віны. Такое адбылося ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі, што пасведчанне з’яўляецца доказам віны, які паўплываў на рашэнне суддзі прызнаць Ашурку вінаватым. Гэта поўнае непрызнанне беларускага заканадаўства.

Зараз праводзіцца праверка палітычных партый, патрабуюцца спісы партыйцаў. Такім чынам беларускія ўлады пачынаюць паляванне на ведзьмаў. Працэс ціску на партыі пачаўся пасля падпісання ў верасні дзесяццю партыямі супольнай заявы з патрабаваннем паўторных выбараў.

Лідары партый БСДП (Грамада), АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», партыі «Зялёныя», Партыі БНФ ды Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады ў сумеснай заяве выказваюць абурэнне выкарыстаннем факта прыналежнасці да афіцыйнай палітычнай партыі ў якасці доказу па крымінальнай справе і дзеля стварэння новай формы палітычных рэпрэсіяў на падставе сяброўства людзей у зарэгістраваных партыях.

 

Слухайце аўдыё

нг